Адышоў да Госпада першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Сергій Гардун

21 чэрвеня 2022

11.jpg

21 чэрвеня 2022 года на 64 годзе жыцця адышоў да Госпада першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі, клірык Мінскай епархіі протаіерэй Сергій Гардун.

Протаіерэй Сергій Гардун нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Пра сябе ён расказваў: «Сям'я наша была традыцыйна праваслаўнай. Уступаючы ў шлюб у 1956 годзе, бацькі бралі шлюб у храме, яны штодня маліліся Богу раніцай і ўвечары, рэгулярна наведвалі храм. Маліцца Богу мяне вучылі з самага ранняга ўзросту. Мне было гадоў 5-6, калі, яшчэ не ўмеючы чытаць, я запомніў на памяць "Ойча наш" і стаў штодня паўтараць яе раніцай і ўвечары.

Самастойна і рэгулярна я стаў наведваць храм будучы ў шостым класе. У восьмым класе я знайшоў Евангелле і ўпершыню прачытаў яго. Гэта была дарэвалюцыйная кніга майго дзеда. Чытанне Евангелля пасля чытання мноства атэістычных кніг зрабіла настолькі глыбокае ўражанне, што я ўжо ў восьмым класе вырашыў прысвяціць сваё жыццё служэнню Ісціне — Хрысту».

З 1976 па 1981 гады вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце замежных моў.

Будучы студэнтам інстытута, юнак на працягу ўсіх пяці гадоў навучання наведваў набажэнствы ў Свята-Духавым кафедральным саборы і ў Аляксандра-Неўскай царкве. З той пары асабліва яму запомніліся натхнёныя пропаведзі і служэнне мітрапаліта Антонія (Мельнікава). Таксама незабыўныя ўражанні пакінула і першая служба ў мінскім кафедральным саборы мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).

Пасля заканчэння інстытута два гады працаваў настаўнікам англійскай мовы ў вёсцы Павіцце Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці.

У 1984 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, у 1987 годзе — Маскоўскую духоўную акадэмію.

У 1986 годзе вянчаўся з Валянцінай Міхайлаўнай Хрышчановіч, у шлюбе з якой пасля нарадзілася тры сыны і тры дачкі.

У 1987 годзе ў храме ў імя Рускіх Святых Троіца-Сергіевай Лаўры быў рукапаложаны ў сан іерэя архіепіскапам Дзмітраўскім Аляксандрам, рэктарам Маскоўскай духоўнай акадэміі і семінарыі.

Пасля заканчэння Маскоўскай духоўнай акадэміі іерэй Сергій быў пакінуты ў якасці прафесарскага стыпендыята і выкладчыка Свяшчэннага Пісання Старога Запавету і англійскай мовы ў Маскоўскай духоўнай семінарыі.

«Калі стала вядома аб магчымым аднаўленні дзейнасці Мінскай духоўнай семінарыі, я звярнуўся ў Вучэбны камітэт Маскоўскай Патрыярхіі з просьбай перавесці мяне з Маскоўскай семінарыі ў Мінскую, паколькі я жадаў паслужыць справе духоўнай асветы беларускага народа», — дзяліўся ўспамінамі айцец Сергій.

У 1989 годзе пры аднаўленні працы Мінскай духоўнай семінарыі ён быў пераведзены ў гэтую навучальную ўстанову, стаўшы яго першым вучоным сакратаром і адным з выкладчыкаў спачатку ў семінарыі, а пазней і ў Мінскай духоўнай акадэміі.

У 1991 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Душпастырства іерасхіманаха Макарыя (Іванова)».

У 1993 годзе быў прызначаны навуковым кансультантам Беларускага Экзархату і сакратаром Біблейскай камісіі па перакладзе кніг Свяшчэннага Пісання на беларускую мову.

З 2005 па 2018 – загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі БДУ.

З 2018 года — член Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы.

З 2000 года дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі, з 2010 года прафесар Мінскай духоўнай акадэміі.

Са студзеня 2018 года быў прызначаны першым прарэктарам Інстытута тэалогіі БДУ.

З 2021 года загадчык кафедры біблеістыкі Мінскай духоўнай акадэміі.

На працягу 28 гадоў служыў клірыкам Мінскага кафедральнага сабора.

Протаіерэй Сергій Гардун пераклаў на беларускую мову богаслужэнні Бажэственнай літургіі, Вялікай вячэрні, чыноў Хрышчэння і Вянчання, паследавання да Святога Прычашчэння, малітваў ранішніх і вячэрніх, малітваў перад споведдзю.

Пад старшынствам святара калектыў аўтараў на працягу 25 гадоў працаваў над перакладам з мовы арыгінала на сучасную беларускую мову Свяшчэннага Пісання Новага Запавету, выдадзенага ў 2017 годзе. Працы атрымалі высокую ацэнку і былі адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Вечная памяць новаспачыламу протаіерэю Сергію! Душа яго няхай у дабры спачывае, і памяць яго з роду ў род!!