Памяць загінуўшых удзельнікаў Першай сусветнай вайны ўшанавалі ў Паставах
04 кастрычніка 2018У Паставах на гарадскіх могілках адбылося перапахаванне астанкаў салдат Рускай Імператарскай арміі, загінуўшых у гады Першай сусветнай вайны.
Першая Сусветная вайна з'яўляецца адной з самых трагічных падзей пачатку XX стагоддзя. Са жніўня 1915 года арэнай баявых дзеянняў была тэрыторыя цяперашняй Беларусі. У зоне бязлітасных бітваў рускай і германскай армій апынулася і тэрыторыя Пастаўскага раёна. Тут разгарнуліся баявыя дзеянні па ліквідацыі Свянцянскага прарыву кайзераўскай арміі. Менавіта пад Паставамі ў кастрычніку 1915 года быў адноўлены фронт рускай арміі, а ў сакавіку 1916 года адбылася адна з самых кровапралітных бітваў на Усходнім фронце — Нарачанская наступальная аперацыя. У ходзе найцяжэйшых баёў у невыносных умовах вясновай бездаражы Паўночная група войскаў рускай арміі ў раёне Пастаў панесла каласальныя людскія страты. Паводле самых сціплых падлікаў, падчас Нарачанскай аперацыі цягам дзесяці дзён было забіта, паранена, прапала без вестак больш за тысячу афіцэраў і больш за 77 тысяч салдат.
Запамінальнай падзеяй для пастаўчан і гасцей горада 30 верасня стала перапахаванне на гарадскіх могілках астанкаў 106 салдат Рускай Імператарскай арміі, якія загінулі ў гады Першай сусветнай вайны. 100 з іх былі пахаваны ў магілах у лесе каля вёскі Манькавічы і 6 — ля вёсак Мажэйкі і Дукі. Астанкі байцоў падчас пошукавых работ былі выяўлены ў маі - ліпені 2018 года 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.
У нетрах зямлі акрамя астанкаў салдат таксама былі знойдзены: праваслаўная іконка, пагоны, нацельныя крыжыкі, манеты, гільзы ад патронаў. Унутры дзвюх гільз знаходзіліся папяровыя ўкладышы. Па іх і ўдалося ідэнтыфікаваць трох воінаў 12-й роты 223-га Адоеўскага палка 56-й пяхотнай дывізіі.
На жалобнай цырымоніі намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Кісялёў адзначыў:
— Мы хаваем сёння ўраджэнца Вяцкай губерні Бальшакова Фёдара Сцяпанавіча, ураджэнца Курскай губерні Палякова Гаўрыіла Іванавіча, а таксама ўраджэнца Цвярской губерні Зайцава Рыгора Іванавіча, забітых у сакавіку 1916-га. І наш грамадзянскі абавязак як патрыётаў Айчыны — устанавіць прозвішчы загінуўшых ва ўсіх воінскіх пахаваннях.
Каб ушанаваць памяць загінуўшых у тым баі, у Паставы разам са сваёй сям'ёй прыехаў першы саветнік пасольства Францыі ў Беларусі Аляксандр Піку. У сваім выступленні дыпламат адзначыў:
— Быць у Паставах для мяне — мой маральны абавязак. Я французскі грамадзянін і сваім удзелам у дадзенай цырымоніі хачу выказаць падзяку салдатам Рускай Імператарскай арміі.
Падчас гістарычнага форуму благачынным Верхнядзвінскай акругі протаіерэем Валерыем Вабішчэвічам была адслужана ліція аб упакаенні. Па заканчэнні ганаровы каравул пагранічнай камендатуры зрабіў тры стрэлы развітальнага салюту.
Прах астанкаў салдат Рускай Імператарскай арміі быў аддадзены зямлі.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве па перапахаванню астанкаў прынялі ўдзел: адміністрацыя раёна, удзельнікі рэканструкцыі бою Першай сусветнай вайны з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калінінграда, Мінска, казакі Пастаўскага і Жодзінскага казачых аддзелаў, жыхары і госці горада Паставы.