Памяці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) быў прысвечаны сплаў па Нёмане з Беларусі ў Літву
09 ліпеня 20183-7 ліпеня 2018 года адбыўся міжнародны сплаў па рацэ Нёман з Беларусі ў Літву. 12 удзельнікаў з абедзвюх краін, а таксама з Расіі прайшлі каля 90 кіламетраў воднага шляху, наведаўшы славутасці Гродна, Друскенікаў і Вільні. Мерапрыемства было прымеркавана да 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня смерці мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі).
Мітрапаліт Іосіф (Сямашка) — адна з найзначнейшых фігур царкоўнай гісторыі, чыя дзейнасць увасабляла ў сабе імкненне да адзінства. Натхнёныя тым жа імкненнем, святары Гродзенскай і Літоўска-Віленскай епархіі арганізавалі сплаў па Нёмане з Беларусі ў Літву. Такое паломніцтва, на думку арганізатараў, заклікана сведчыць аб адзінстве веры вернікаў дзвюх епархій, падзеленых дзяржаўнай мяжой.
3 ліпеня плыт, на якім ажыццяўляўся сплаў, падышоў да прыстані ля старажытнай Барыса-Глебскай (Каложскай) царквы. Менавіта ў гэтым храме, які з ХІІ стагоддзя ўпрыгожвае сабой бераг Нёмана, протаіерэем Аляксандрам Балоннікавым быў адслужаны малебен перад пачаткам падарожжа. Пасля агульнай малітвы ўдзельнікі сплаву, развітаўшыся з Гродна, накіраваліся па рацэ ў бок межаў Літвы.
Дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч расказвае:
— Прайшоўшы за дзень каля 40 км, хлопцы ператварыліся з не знаёмых адзін аднаму людзей у паўнавартасную каманду, навучыўшыся кіраваць даволі непаваротлівым плытом. Гэта спатрэбілася 4 ліпеня, калі наш плыт перасякаў мяжу Беларусі і Літвы па вадзе. Лінія мяжы, працягласцю больш за 17 км, праходзіць па сярэдзіне ракі, што патрабавала ад нас трымацца правага берага, а зрабіць гэта ва ўмовах моцнага цячэння не так і проста. Тым не менш, задача была выканана і, дадаўшы ў сваю калекцыю штампаў у пашпартах яшчэ адзін — з выявай карабля, — мы ўвайшлі ў літоўскую частку ракі.
Па словах дыякана Дзімітрыя, «яшчэ адна важная метамарфоза — усе мы сталі не толькі камандай, але і сябрамі. Хоць на адной палубе сабраліся людзі абсалютна розныя: святары, дыякан, дальнабойшчык, некалькі лекараў, праграміст, панамары і нават рэжысёр. «Агульны кацёл» для нас быў не толькі метафарай, але і паўсядзённай рэальнасцю. Адсутнасць усякай дыстанцыі – гэта тое, што зрабіла нашы адносіны асаблівымі і сапраўды хрысціянскімі».
5 ліпеня на беразе Нёмана ў Друскінінкаі плыт чакаў протаіерэй Уладзімір Сініцын. Пасля абеду, арганізаванага для удзельнікаў сплаву, настаяцель мясцовага храма ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» правёў для гасцей экскурсію.
Наступны дзень стаў заключным для воднага маршруту. Прыбыўшы да вёскі Гудзяляй і прайшоўшы такім чынам па рацэ каля 90 км, плыт быў разабраны, а ўдзельнікі сплаву адправіліся ў Віленскі Свята-Духаў манастыр. У яго сценах на наступную раніцу пачалося знаёмства паломнікаў з горадам, у якім правёў значную частку свайго жыцця мітрапаліт Іосіф (Сямашка). Экскурсаводамі былі протаіерэй Віталь Моцкус і іерэй Алег Прыстаўка.
Кульмінацыяй экскурсіі стала наведванне пячорнага храма Свята-Духава манастыра, дзе знаходзіцца магіла ўладыкі Іосіфа.