Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у выязным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, на якім разглядаліся актуальныя пытанні абароны падрастаючага пакалення ад алкагольнай і іншых відаў залежнасцяў

05 ліпеня 2021

000022_1625491172_449078_big.jpg

5 ліпеня 2021 года ў духоўна-асветніцкім цэнтры Спаса-Еўфрасіннеўскага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра горада Полацка адбылося выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, на якім сенатары, духавенства і кіраўнікі шэрагу міністэрстваў абмеркавалі актуальныя пытанні абароны падрастаючага пакалення ад алкагольнай і іншых відаў залежнасці, а таксама намецілі напрамкі сумеснай працы ў пытанні клопату пра здароўе нацыі.

З боку Праваслаўнай Царквы ў пасяджэнні прынялі ўдзел мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Пскоўскі і Порхаўскі Ціхан; архіепіскап Феадосій, ганаровы настаяцель прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Неспадзяваная Радасць» горада Наваполацка; епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнаций, протаіерэй Дыянісій Пясецкі і прадстаўнікі духавенства Полацкай епархіі.

Чырвонай ніткай падчас пасяджэння праходзіла думка, што над праблемай папярэджання алкагалізму, асабліва сярод моладзі, трэба працаваць разам. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што важным аспектам у вырашэнні гэтай няпростай праблемы з'яўляецца грамадска-дзяржаўнае партнёрства з Царквой.

«Трэба падлучацца на этапах, калі ёсць магчымасць папярэдзіць, дапамагчы чалавеку, таму што залежнасць ад моцных напояў — гэта рыса, з-за якой чалавека няпроста вярнуць», — адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, у сваім выступленни прывёў словы мітрапаліта Антонія Сурожскага, які параўнаў чалавека з пашкоджанай іконай, якую трэба адрэстаўраваць, каб убачыць у ёй вобраз Божы. Так і душа чалавека можа быць зацемненая заганамі і грахоўнымі схільнасцямі. І аднавіць сваё аблічча чалавек можа, толькі ачысціўшыся духоўна.

«Алкагалізм скажае вобраз Бога ў душы. У рэабілітацыйных праграмах для залежных ад алкаголю заўсёды прысутнічае духоўны складнік. Пастырскае слова і медыцынскае лячэнне, аб'яднаўшыся, даюць бачны вынік. П'янства — гэта не толькі цялесная, але і сацыяльная хвароба. Шкода ад аднаго п'яніцы закранае мінімум 9-10 чалавек з яго атачэння. Таму супрацьстаяць яму трэба разам», — падкрэсліў Патрыяршы Экзарх.

Мітрапаліт Пскоўскі і Порхаўский Ціхан распавёў аб вопыце ненадакучлівай антыалкагольнай кампаніі ў Расіі.

«Задача Царквы ў вырашэнні гэтай праблемы — прафілактыка. Святары таксама прымалі ўдзел у змене некаторых законаў па рэалізацыі алкагольнай прадукцыі: у расійскіх гарадах увялі абмежаванні па продажах і забарону на водпуск алкаголю пасля 22.00. Таксама для прадухілення п'янства сярод моладзі быў забаронены продаж энергетычных напояў з алкагольным зместам».

У сваю чаргу архіепіскап Феадосій акцэнтаваў увагу на значэнні духоўных і маральных падстаў для развіцця паўнавартаснай гарманічнай асобы, што з'яўляецца найважнейшай умовай фарміравання здаровага грамадства.

Протаіерэй Дыянісій Пясецкі распавёў аб вопыце Царквы па аказанні дапамогі ў пераадоленні згубных залежнасцяў.

Міністр унутраных спраў Іван Кубракоў і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч праінфармавалі аб пазітыўных тэндэнцыях, якія адбываюцца ў гэтай сферы, падкрэсліўшы, што ўжыванне алкаголю сярод моладзі знізілася, падрастаючае пакаленне стала больш арыентавацца на захаванне здароўя. І гэтыя поспехі пацвярджаюць неабходнасць пастаяннай напружанай працы над праблемай.

У сваю чаргу, міністр адукацыі Ігар Карпенка прапанаваў падключыцца прадстаўнікам Царквы да праекту «Бацькоўскія ўніверсітэты», у рамках якога ў школах для бацькоў праводзяцца гутаркі па папярэджанні залежнасцяў.

Усе ўдзельнікі пасяджэння прыйшлі да адзінага меркавання, што найбольш эфектыўным спосабам вырашэння праблемы алкагольнай і іншых залежнасцяў з'яўляецца менавіта прафілактычная праца, далучэнне да здаровага ладу жыцця, фарміраванне ўстойлівай сістэмы каштоўнасцяў.

БЕЛТА/Church.by