Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці ў гонар 20-годдзя аднойдзення Мар'інагорскай іконы Божай Маці
01 ліпеня 20211 ліпеня 2021 года, у чацвер 2-га тыдня пасля Пяцідзесятніцы, у дзень святкавання Мар'інагорскага абраза Божай Маці, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан; архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі іаан; архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан; епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім; епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід; епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел; епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній і епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый здзейснілі Бажэственную літургію ў Аляксандра-Неўскім саборы горада Мар'іна Горка Мінскай вобласці.
Архіпастырам саслужылі клірыкі Барысаўскай епархіі і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор Аляксандра-Неўскага сабора горада Мар'іна Горка пад кіраваннем Анастасіі Цалковай.
Падчас Літургіі былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай пошасці.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Рыгор Цалкоў.
Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх, саслужачыя архіпастыры і святары здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы.
Мітрапаліт Веніямін павіншаваў архіпастыраў, духавенства і пабожных міран, якія прыбылі на ўрачыстасці, са святам і звярнуўся да ўсіх са словам павучання.
Затым Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы павіншаваў усіх прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
Зважаючы на старанную працу ў славу Маці-Царквы архіпастыр узнагародзіў медалямі ў гонар іконы Божай Маці Мар'інагорскай матушку Ірыну Цалкову і рэгента Анастасію Цалкову. Узнагароды Беларускай Праваслаўнай Царквы таксама атрымалі прыхаджане, якія найбольш папрацавалі на славу Царквы Хрыстовай.
* * *
Паводле летапісаў Навасёлкаўскай Пакроўскай царквы і Мар'інагорскай царквы Ігуменскага павета, ва ўрочышчы Мар'іна Горка спрадвеку асабліва шанаваўся абраз Божай Маці. Мясцовае паданне кажа, што цудатворны абраз Божай Маці з'явіўся нейкаму Ісідару, жыхару вёскі Лядцаў падчас цяжкай хваробы. У падзяку за ацаленне Ісідар пабудаваў на гары капліцу, паставіў у ёй яўленую ікону і правёў тут у малітве ўсё астатняе жыццё. У 1812 годзе капліца была спалена атрадам Напалеонаўскай арміі, але ікона засталася непашкоджанай, а воіны былі пазбаўлены зроку. Па заканчэнні вайны, у 1814 годзе, на месцы згарэлай капліцы мясцовыя жыхары пабудавалі царкву, а ў 1854 годзе яе зноўку перабудавалі.
Наступны важны этап у гісторыі абраза звязаны з імем протаіерэя Фамы Якаўлевіча Русецкага. У 1859 годзе ён быў прызначаны настаяцелем Навасёлкаўскага прыхода, да якога адносіўся таксама прыпісны храм ва ўрочышчы Мар'іна Горка. Менавіта Фаме Русецкаму належыць ідэя будаўніцтва новага каменнага храма ў імя святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага. Храм прызначаўся стаць захавальнікам цудатворнага Мар'інагорскага вобраза і агульнанародным векавечным помнікам адмены прыгоннага права. Дзякуючы намаганням протаіерэя Фамы Русецкага да 1871 годзе былі завершаны асноўныя будаўнічыя працы.
Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 7 лістапада 1939 года, велічны храм у Мар'інай Горцы ўзарвалі; разбурана было і мноства іншых храмаў у Пухавіцкім благачынні. Аднак промыслам Божым за ўскраінай Мар'інай Горкі, у паселішчы Блонь, ацалела адзіная царква, дзе цудатворны абраз Божай Маці і здабыў месца свайго часовага знаходжання.
У складаны атэістычны час людзі страцілі тое, што іх продкі бераглі стагоддзямі. Шанаванне самага дарагога — сваёй мясцовай святыні — разам з верай у Бога стала згасаць у сэрцах людзей. Па святах ікона па-ранейшаму выносілася на хрэсны ход і стаўленне да яе было асаблівае, але ніхто ўжо дакладна не памятаў, што гэта за ікона, і якая дзіўная гісторыя з ёй звязана.
Аднойдзенне іконы адбылося пры наступных абставінах. У 2001 годзе ў горадзе Мар'іна Горка адбылося святкаванне 125-годдзя сельскагаспадарчага тэхнікума, заснаванага святаром Фамой Русецкім. У святкаванні прыняў удзел архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан, які ў пачатку 1960-х гадоў вучыўся ў гэтым тэхнікуме і ўпотай наведваў Блонскі Свята-Троіцкі храм. Уладыка Сцяфан пажадаў наведаць храм свайго юнацтва і памаліцца перад Мар'інагорскім цудатворным абразом Божай Маці, пра які памятаў, што ў тыя гады ён шанаваўся разам з Жыровіцкай іконай і людзі ішлі да яго хрэснымі хадамі за 50 км, жадаючы пакланіцца Прасвятой Багародзіцы. Зайшоўшы ў царкву, архіепіскап Сцяфан пазнаў у старажытнай храмавай іконе той самы вобраз Божай Маці, перад якім некалі маліўся. З таго моманту абраз зноў пачаў ушаноўвацца людзьмі як цудадзейны і называцца «Мар'інагорскім».
8 верасня 2010 года па благаславенню Высокапраасвяшчэннейшага мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева) было здзейснена ўрачыстае перанясенне іконы ў новапабудаваны храм святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага ў Мар'інай Горцы. Так святыня вярнулася на сваё гістарычнае месца. Клірыкі Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска протаіерэй Сергій Гардун і протадыякан Мікалай Аўсіевіч склалі акафіст, велічанне, трапар, кандак і малітву Прасвятой Багародзіцы, якія чытаюць дагэтуль перад абразом.
Вера ў дапамогу Нябеснай Заступніцы ніколі не пераставала ў навакольным насельніцтве. І ў наш час на святкаванне ў гонар цудатворнай Мар'інагорскай іконы з Мінскай вобласці і іншых месцаў Беларусі з кожным годам расце паток багамольцаў, якія жадаюць пакланіцца Прасвятой Багародзіцы. Усе, хто прыходзяць з верай і надзеяй на заступніцтва Царыцы Нябеснай, атрымліваюць добрую дапамогу і суцяшэнне ў жальбах і хваробах.