Патрыяршы Экзарх узначаліў урачыстасці ў гонар Сукневіцкай іконы Божай Маці
10 ліпеня 202110 ліпеня 2021 года, у суботу 3-га тыдня пасля Пяцідзесятніцы, у дзень святкавання Сукневіцкай іконы Божай Маці, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў саслужэнні архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана, епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага Паўла, епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія, епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація, епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя здзейсніў Бажэственную літургію ў Праабражэнскім кафедральным саборы горада Смаргоні Гродзенскай вобласці.
Архіпастырам саслужылі: сакратар Лідскай епархіі протаіерэй Максім Цыгель; благачынны Смаргонскай акругі, настаяцель Праабражэнскага сабора протаіерэй Анатоль Рэзановіч; святары Лідскай епархіі і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.
За богаслужэннем прысутнічалі і маліліся: Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэй Худык, старшыня Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта Генадзь Харужык і іншыя высокапастаўленыя госці.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор храма пад кіраваннем Ксеніі Дагоцкай.
Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў протаіерэй Расціслаў Салаўёў.
Пасля заамвоннай малітвы Патрыяршы Экзарх, саслужачыя архіпастыры і святары здзейснілі слаўленне Прасвятой Багародзіцы.
Пасля адпуста Бажэственнай літургіі з прывітальным словам да мітрапаліта Веніяміна звярнуўся епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Уладыка падзякаваў Патрыяршаму Экзарху за сумесную малітву. Са словамі прывітання і віншавання да архіпастыра звярнуўся старшыня Смаргонскага райвыканкама Генадзь Харужык.
Мітрапаліт Веніямін павіншаваў прысутных са святам, падзякаваў за сумесную малітву і звярнуўся са словам настаўлення.
Зважаючы на руплівую працу ў славу Маці-Царквы, архіпастыр уручыў ордэн свяціцеля Кірыла Тураўскага першай ступені Міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Андрэю Худыку.
У завяршэнне Патрыяршы Экзарх павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Тайн і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
* * *
Паводле падання ікона Прасвятой Багародзіцы была яўлена ў XVII-ым стагоддзі ў Сукнечавах (цяпер сяло Сукневічы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці). Мясцовыя жыхары ўбачылі яе на грушы. З вялікай павагай абраз перанеслі ў храм, але ён знік і зноў з'явіўся на дрэве. Спробы ўладкаваць ікону на новым месцы беспаспяхова паўтараліся. Успрыняўшы гэты цуд, як Божую волю, грушу спілавалі і на яе месцы каля 1640-га года пабудавалі капліцу, у якой змясцілі знойдзены абраз.
Спачатку ХХ-га стагоддзя замест старой капліцы быў пабудаваны новы драўляны храм. У 1961-ым годзе царква была зачынена, начынне і цудатворны абраз вывезены. Святыня знайшлася праз шмат гадоў у Свята-Іаана-Багаслоўскім жаночым манастыры вёскі Дамашаны Мінскай вобласці. Яе сапраўднасць устанавілі па некалі адрэзанай частцы іконы, якая захавалася: калі гэтую частку прыклалі да выявы, то часткі іконы супалі.
У 2004-ым годзе Сукневіцкі абраз Божай Маці вярнуўся ў Сукневічы. Па благаславенню епіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя (цяпер — архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі) абраз адрэстаўравалі. А ў 2007-ым годзе на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы ікона атрымала новы аклад.
Па традыцыі 10 ліпеня цудатворны абраз штогод дастаўляюць для пакланення ў кафедральны сабор Праабражэння Гасподняга горада Смаргоні.