Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі саслужыў Прадстаяцелю Рускай Царквы падчас малога асвячэння храма прападобнамучаніцы Лізаветы ў Лізавецінскім манастыры ў Алапаеўску

16 ліпеня 2018

top.jpg

15 ліпеня 2018 года, пасля Літургіі ў храме ў гонар Фёдараўскай іконы Божай Маці ў манастыры Навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай у горадзе Алапаеўску Свярдлоўскай вобласці, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл і пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ў суправаджэнні мітрапаліта Екацярынбургскага і Верхатурскага Кірыла і епіскапа Каменскага і Алапаеўскага Мяфодзія наведалі жаночы манастыр у гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны ў Алапаеўску. Манастыр быў заснаваны ў 1998 годзе ля гістарычнага будынка Напольнай школы, дзе з 20 мая 1918 года ўтрымліваліся ў зняволенні вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна Раманава і князі Раманавы.

Свяцейшага ўладыку сустракалі настаяцельніца манастыра ігумення Смарагда (Зыкава) і насельніцы абіцелі.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы здзейсніў чын малога асвячэння новапабудаванага храма ў гонар святой прападобнамучаніцы Лізаветы на тэрыторыі манастыра.

Будаўніцтва храма пачалося ў 2015 годзе. Дабрачынную дапамогу на першым этапе будаўніцтва аказала Імператарскае праваслаўнае палесцінскае таварыства. 7 красавіка 2017 года настаяцельніцай манастыра была прызначана манахіня Смарагда (Зыкава). У 2017 годзе фінансаванне будаўніцтва храма ўзяла на сябе Уральская горна-металургічная кампанія.

У богаслужэнні ўдзельнічалі: пастаянныя члены Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы; мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; мітрапаліт Екацярынбургскі і Верхатурскі Кірыл, кіраўнік Екацярынбургскай мітраполіі; архіепіскап Сонечнагорскі Сергій, кіраўнік Адміністрацыйнага сакратарыята Маскоўскай Патрыярхіі; правячыя архіерэі епархій, якія ўваходзяць у склад Екацярынбургскай мітраполіі.

На богаслужэнні прысутнічалі паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта РФ у Уральскай федэральнай акрузе Мікалай Мікалаевіч Цуканаў, першы намеснік губернатара Свярдлоўскай вобласці Аляксей Валер'евіч Арлоў.

Богаслужэбныя спевы выканаў хор Сярэднеўральскага жаночага манастыра, рэгент — манахіня Вера (Пагасян).

Па завяршэнні набажэнства ігумення Смарагда вітала Прадстаяцеля Рускай Царквы і паднесла ў дар Яго Свяцейшасці акафіст прападобнай Лізавеце, выдадзены ў Алапаевску.

Свяцейшы Патрыярх Кірыл звярнуўся да ўдзельнікаў набажэнства з Першасвяціцельскім словам.

У дар новаасвячонаму храму Свяцейшы ўладыка перадаў ікону Божай Маці «Дастойна ёсць».

Вернікам былі ўручаны абразкі Спаса Нерукатворнага з Патрыяршым благаславеннем.

Затым Свяцейшы Патрыярх Кірыл агледзеў экспазіцыю музея ў Напольнай школе. Экскурсію па музею для Яго Свяцейшасці правяла старшыня Наглядальнага савета фонду «Лізавецінска-Сергіеўскае асветніцкае таварыства», кіраўнік міжнароднага цэнтра «Дабрачыннасць у гісторыі», намеснік старшыні Імператарскага праваслаўнага палесцінскага таварыства Ганна Вітальеўна Громава.

У музеі, урачыстае адкрыццё якога адбылося 14 ліпеня, прадстаўлены мемарыяльныя прадметы, звязаныя з алапаеўскімі мучанікамі. Экспазіцыя распавядае аб вернасці зарокам, абавязку і шматгадовай дружбе, аб воінскім подзвігу і дабрачыннай дзейнасці прадстаўнікоў Дома Раманавых.

Музей ствараўся пры падтрымцы Рускай Праваслаўнай Царквы, Міністэрства культуры Свярдлоўскай вобласці, Ваенна-гістарычнага музея артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі, Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва, Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, Расійскага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў, Дзяржаўнага архіва Свярдлоўскай вобласці, Духоўна-асветніцкага цэнтра «Царскі» (Екацярынбург), музея драўлянага дойлідства «Ніжняя Сінячыха», Бібліятэкі ім. Бялінскага (Екацярынбург), Саюза філакартыстаў Расіі, прыватных калекцыянераў з Санкт-Пецярбурга, Масквы, Екацярынбурга і Алапаеўска, у тым ліку А. В. Громавай, Д. К. Матліна, А. Б. Сіроткіна і інш.

***

Да нашых дзён захаваліся першапачатковы выгляд і ўнутраная планіроўка памяшканняў Напольнай школы, пабудаванай у 1915 годзе. 20 мая 1918 года ў Алапаеўск паводле спецыяльнага распараджэнні Уральскага савета дэпутатаў былі прывезены вялікія князі, прадстаўнікі Расійскага Імператарскага Дома: вялікі князь Сяргей Міхайлавіч, вялікая княгіня Лізавета Фёдараўна, князі імператарскай крыві (сыны вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча) Іван, Канстанцін і Ігар, князь Уладзімір Паўлавіч Палей (сын вялікага князя Паўла Аляксандравіча). Вязняў змясцілі ў будынку Напольнай школы (былой царкоўна-прыходскай), размешчанай на ўскраіне горада.

У ноч на 18 ліпеня 1918 года, пад маркай пераезду ў больш бяспечнае месца, «на дачу», алапаеўскіх палонных пасадзілі ў сялянскія падводы і вывезлі за горад да закінутай Ніжне-Сялімскай шахты (у 12 вёрстах па дарозе да Верхне-Сінячыхінскага завода). Палонныя былі скінуты жывымі ў глыбокую сырую шахту, якую закідалі гранатамі і падпаленым ламаччам.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by