Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў урачыстасці ў гонар 30-годдзя праслаўлення свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага
06 жніўня 20236 жніўня 2023 года, у дзень 30-годдзя праслаўлення свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы горада Магілёва.
Прадстаяцелю Беларускай Праваслаўнай Царквы саслужылі: архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід, вікарый Гомельскай епархіі епіскап Светлагорскі Амвросій, епіскап Пінскі і Лунінецкі Георгій.
Архіпастырам саслужылі: адказны сакратар упраўлення спраў Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Андрэй Волкаў, духавенства Магілёўскай епархіі і запрошаныя госці ў свяшчэнным сане.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
Богаслужэбныя спевы выканаў хор пад кіраваннем рэгента Святланы Міхайлавай.
Пропаведзь перад прычашчэннем прамовіў іерэй Мікалай Антонаў.
Пасля адпуста Бажэственнай літургіі Патрыяршы Экзарх, калегі архіпастыры і святары здзейснілі слаўленне свяціцелю Георгію.
Па заканчэнні богаслужэння да Яго Высокапраасвяшчэнства і ўсім прысутных звярнуўся архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній. Ён падзякаваў Мітрапаліту Веніяміну і архіпастырам за сумеснае служэнне і павіншаваў прысутных на ўрачыстасці са святам. У сваю чаргу Мітрапаліт Веніямін выказаў словы падзякі архіепіскапу Сафронію за цёплыя словы і звярнуўся да багамольцаў са словам настаўлення.
У дар Магілёўскай епархіі ўладыка Экзарх паднёс факсімільнае выданне Жыровіцкага Евангелля XVI стагоддзя.
Затым Патрыяршы Экзарх павіншаваў прычаснікаў з прыняццем Святых Хрыстовых Таін і падаў усім архіпастырскае благаславенне.
Затым каля помніка свяціцелю Георгію, размешчанага на назіральнай пляцоўцы ля гарадскога парку Падніколле, быў здзейснены саборны малебен з удзелам архіерэяў Беларускай Праваслаўнай Царквы. Сюды для прывітання Мітрапаліта Веніяміна і ўдзелу ва ўрачыстасці прыбылі старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч Ісачанка, старшыня Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксандр Віктаравіч Студнеў і іншыя прадстаўнікі ўлады. Таксама на саборны малебен прыйшлі прыхаджане Свята-Мікольскага манастыра, якія здзейснілі хрэсны ход, што па традыцыі праводзіцца ў гэты дзень, пачынаючы з 1993 года.
***
Свяціцель Георгій (Каніскі), архіепіскап Магілёўскі і Беларускі (1717 – 1795 гг.), працаваў на магілёўскай зямлі чатыры дзясяткі гадоў і ўвайшоў у гісторыю як царкоўны дзеяч, палітык, дыпламат, юрыст, вучоны, педагог і пісьменнік.
Архіерэй перажываў ганенні і пераследы за праваслаўную веру, але як пастыр добры вёў даручаную яму паству да Хрыста. Епіскапскае служэнне свяціцель злучаў з дыпламатычнай дзейнасцю, адміністрацыйнай працай, будаўніцтвам храмаў Божых, даследаваннем айчыннай гісторыі і душапапячэннем. Але галоўнай справай яго жыцця сталі абарона праваслаўных людзей Рэчы Паспалітай ад гвалтоўнага акаталічвання і імкненне ўсімі сіламі вярнуць уніятаў ва ўлонне святога Праваслаўя. У Магілёве свяціцель Георгій заснаваў духоўную семінарыю, шэраг школ, друкарню, некалькі шпіталяў, вандроўных дамоў і багадзельняў. Пры ім быў узведзены велічны Спаса-Праабражэнскі сабор, закладзены Свята-Іосіфаўскі сабор, пабудаваны будынак Архіерэйскага дома.
Рашэннем Сінода Беларускага Экзархату ад 6 жніўня 1993 года за праведнасць жыцця і палымяную любоў да Бога, рэўнасць да праваслаўнага вызнання веры, мужнае стаянне за веру і правы праваслаўных, апостальскую дбайнасць па добраўпарадкаванні епархіі, ахвярную любоў да паствы свяціцель Георгій (Каніскі) быў праслаўлены ў ліку святых.
Памяць свяціцеля Георгія шануюць і ў Расіі. Яго барэльеф знаходзіцца на знакамітым помніку ў Ноўгарадзе, дзе змешчаны барэльефы самых знакамітых 106 гістарычных асоб, якія праславілі Айчыну. Ім захапляўся Аляксандр Пушкін, ахарактарызаваўшы яго як «аднаго з самых выдатных мужоў» XVIII стагоддзя, памяць пра якога належыць гісторыі.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,