Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр наведалі ўдзельнікі міжнароднага праекта «Рэспубліканскі моладзевы цягнік "Беларусь. Моладзь. Адзінства”»

20 ліпеня 2021

top.jpg

16 ліпеня 2021 года Спаса-Еўфрасіннеўскі стаўрапігіяльны жаночы манастыр наведалі ўдзельнікі міжнароднага праекта «Рэспубліканскі моладзевы цягнік "Беларусь. Моладзь. Адзінства”».

Моладзь ва ўзросце ад 18 да 31 года з усіх рэгіёнаў краіны, а таксама з Новасібірскай вобласці Расіі, Азербайджана, Таджыкістана пасля знаёмства з манастыром прыняла ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі». Хлопцы дзяўчаты актыўна папрацавалі ў садзе, на кветніках і агародзе, ачысцілі тэрыторыю старажытнай абіцелі ад спілаваных дрэў, вывезлі частку грунту ад археалагічных раскопак у Спаса-Праабражэнскай царкве, якая зараз рэстаўруецца.

g.jpg

Пасля гэтага ў актавай зале духоўна-асветніцкага цэнтра манастыра адбыўся адкрыты дыялог, на якім прысутнічала настаяцельніца манастыра ігумення Еўдакія. Падчас гутаркі ўдзельнікі праекта абмеркавалі хвалюючыя пытанні сучаснасці. Ігумення Еўдакія падзякавала рабятам за працы, панесеныя ў абіцелі, і падзялілася сваім духоўным вопытам. Яна закранула найважнейшыя пытанні аб выбары правільных жыццёвых арыенціраў у сучасным свеце, якія тычацца маладога пакалення: аб сэнсе жыцця на зямлі, аб свабодзе, дадзенай кожнаму чалавеку пры нараджэнні, аб важнасці веры, аб граху і пакаянні, аб неабходнасці выканання запаведзяў Божых, аб адносінах адзін да аднаго і аб тым, як жыць у міры і гармоніі з сабой і бліжнімі. Матушка прывяла прыклады з рэальнага жыцця сучасных людзей, якія звярнуліся да Бога, і ў адказ ім Гасподзь паслаў сваю благадаць. Ігумення Еўдакія распавяла і пра найбольш яркія біблейскія гісторыі, якія даказваюць, што на ўсе пытанні, якія хвалююць нас сёння, пра тое, як жыць, каб застацца чалавекам і хрысціянінам, можна знайсці адказы ў вечнай кнізе — святым Евангеллі.

l.jpg

Гутарка прайшла ў цёплай і давернай атмасферы. Насельніцы абіцелі падарылі кожнаму ўдзельніку праекта памятныя сувеніры і іконы прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

Па словах аднаго з удзельнікаў праекта, «часцінка Полацкай абіцелі будзе з намі ў кожным горадзе».

Фота: «Віцебскія Весці», Полацкі манастыр і з асабістага архіва ўдзельнікаў Моладзевага цягніка.

spas-monastery.by/Church.by