Праваслаўныя барысаўчане ўшанавалі памяць князя Барыса Усяславіча

05 ліпеня 2017

krestn_04.jpg

30 чэрвеня адбыўся хрэсны ход да помніка Полацкаму князю Барысу (да 1054 — пачатак 1128), устаноўленага ў гонар 900-годдзя горада Барысава на плошчы каля Уваскрасенскага кафедральнага сабора. Ля помніка была адслужана памінальная ліція, якую ў саслужэнні клірыкаў Барысаўскай епархіі здзейсніў епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін.

Па завяршэнні ліціі ўладыка Веніямін сказаў слова, у якім распавёў аб жыцці князя Барыса Усяславіча. Ён адзначыў, што жыццё князя Барыса працякала ў тыя дні, калі вера яшчэ неглыбока ўкаранілася ў народзе, а паганскія звычаі працягвалі выконвацца. Паварот у жыцці Барыса Усяславіча адбыўся пасля таго, як ён падманам быў заключаны ў вязніцу, але неўзабаве, пасля паўстання кіяўлян, вызвалены. Сваё вызваленне ён лічыў цудам Божым і звязваў яго са святам Уздзвіжання Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, якое адзначалася напярэдадні паўстання. Епіскап Веніямін, распавядаючы аб далейшым жыцці князя Барыса, падкрэсліў, што Барыс Усяславіч быў не ваяўнічым, а хутчэй міралюбным кіраўніком, стараўся не ўступаць у міжусобныя канфлікты. Быў ён таксама паборнікам Праваслаўя, духоўнай культуры, пісьменнасці, клапаціўся аб распаўсюджванні хрысціянскай веры ў Полацкай зямлі, аб чым сведчыць заснаванне ім Барысаглебскага (Бельчыцкага) манастыра блізу Полацка. Князь аказваў заступніцтва і сваёй пляменніцы прападобнай Еўфрасінні Полацкай у яе асветніцкай дзейнасці. У завяршэнне ўладыка Веніямін нагадаў, што князь Барыс не прылічаны да ліку святых, але наш абавязак — шанаваць яго як заснавальніка Барысава і маліцца аб супакоі яго душы.

Барысаўскі помнік спраектавалі скульптар А. Арцімовіч, архітэктары. Я. Кавалеўскі, і. І. Марозаў. Ён быў устаноўлены на плошчы ля Уваскрасенскага сабора ў 2002 годзе, у 900-гадовы юбілей горада Барысава. Згодна з летапісам, у 1102 годзе Барыс Усяславіч заснаваў горад на месцы зліцця рэк Схі і Бярэзіны і назваў яго сваім імем.

Помнік складаецца з дзвюх фігур. На пярэднім плане стаіць сам князь і трымае меч лязом у зямлю. Рукаяць мяча выглядае як хрысціянскі крыж. За плячамі князя стаіць ангел-ахоўнік, які аберагае Барыса Усяславіча і дапамагае яму выбраць месца для заснавання горада.

Барысаўская епархія / Church.by