Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь абмеркавалі выкананне Праграмы супрацоўніцтва

22 лютага 2017

top.jpg

22 лютага 2017 года ў Белым зале храма-помніка ў гонар Усіх святых у горадзе Мінску адбылося пасяджэнне Каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай Праваслаўнай Царквой на тэму: «Аб ходзе выканання ў 2016 годзе Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады».

Удзел у пасяджэнні прынялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; Ігар Васільевіч Карпенка, Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь; Леанід Паўлавіч Гуляка, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь і духоўных школ Беларускага Экзархату; святары, якія нясуць послух у сферы духоўнай адукацыі, выхавання і асветы.

Перад пачаткам пасяджэння яго ўдзельнікі азнаёміліся з адукацыйным працэсам у класах духоўна-праваслаўнага выхавання дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 61 горада Мінска».

Пасяджэнне адкрылася прывітальным словам Міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Кіраўнік адукацыйнага ведамства, у прыватнасці, падкрэсліў, што адна з найважнейшых задач адукацыі — фарміраванне ў дзяцей і моладзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, заснаванай на духоўна-маральным і прававым падмурку. Ігар Карпенка адзначыў, што перспектыўнымі напрамкамі ўзаемадзеяння дзяржавы і Царквы ў адукацыйнай сферы з'яўляюцца падтрымка валанцёрскага руху і выхаванне міласэрнасці, а таксама прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў, суіцыдаў, ўжывання псіхаактыўных рэчываў, схільнасці ўплыву дэструктыўных культаў. Таксама Ігар Васільевіч нагадаў, што дзейнічае Праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады, і выказаў надзею на поспех і плённасць супрацоўніцтва.

Затым са словамі прывітання выступіў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. Па думкі ўладыкі Экзарха, хрысціянскія каштоўнасці — гэта галоўнае, што павінна аб'ядноўваць дзяржаву і Царкву, свецкую адукацыю і духоўную асвету. Цяпер Царква імкнецца падтрымліваць мір і згоду ў грамадстве, зыходзячы з высокіх маральных ідэалаў. Мітрапаліт Павел падкрэсліў, што духоўна-маральнае выхаванне прадугледжвае развіццё ў выхаванцаў веры, дабрыні, гонару, сумлення і іншых станоўчых якасцяў. Патрыяршы Экзарх выказаў перакананасць у тым, што толькі ў мудрым сапрацоўніцтве дзяржава і Царква змогуць пасеяць добрае насенне сярод моладзі.

Далей прысутных вітаў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Ён нагадаў, што на дадзены момант пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой заключылі 16 міністэрстваў Рэспублікі Беларусь, усе абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальная акадэмія навук, Саюз пісьменнікаў. Леанід Паўлавіч падкрэсліў значнасць ролі Царквы ў патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні падрастаючага пакалення, развіцці традыцый міласэрнасці ў адносінах да інвалідаў, ветэранаў вайны і працы.

З дакладамі выступілі:

- «Аб ходзе выканання Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады» — Марыя Саротнік, начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;

- «Вопыт ўзаемадзеяння Беларускай Праваслаўнай Царквы і дзяржавы ў галіне адукацыі» — епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы;

- «Магчымасці рэсурснага цэнтра па стварэнню ўмоў для духоўна-маральнага выхавання навучэнцаў на аснове праваслаўных традыцый беларускага народа» — Наталля Белікава, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс яслі сад-сярэдняя школа № 24 горада Барысава»;

- «Супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і прыходаў Беларускай Праваслаўнай Царквы па пытаннях выхавання падрастаючага пакалення» — протаіерэй Фёдар Поўны, настаяцель прыхода храма Усіх святых у горадзе Мінску;

- «Праца культурнага асветніцкага цэнтра «Працягваючы справу Прападобнай Еўфрасінні Полацкай» як фактар павышэння духоўна-маральнага патэнцыялу адукацыйнага працэсу» — Канстанцін Шухлеў, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 18 імя Еўфрасінні Полацкай»;

- «Бібліятэчная справа як элемент работы па духоўна-маральнаму выхаванню падрастаючага пакалення» — Вольга Рынкевіч, загадчык сектара навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі».

Падводзячы вынікі пасяджэння, Ігар Карпенка рэзюмаваў: «Нам неабходны далейшы дыялог сістэмы адукацыі і Царквы». Наступнае пасяджэнне Каардынацыйнага савета Міністр адукацыі прапанаваў правесці ў Полацку — цэнтры святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і маладзёжнай сталіцы Беларусі 2017 года.

У завяршэнне адбыўся невялікі канцэрт дзіцяча-юнацкага хору Усіхсвяцкага прыхода.

  

Фотарэпартаж