Прадстаўнікі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел у VI Усецаркоўным з'ездзе епархіяльных місіянераў Рускай Праваслаўнай Царквы
20 мая 2021Прадстаўнікі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел у VI Усецаркоўным з'ездзе епархіяльных місіянераў Рускай Праваслаўнай Царквы, які праходзіў у горадзе Маскве з 14 па 16 мая 2021 года.
Пад старшынствам кіраўніка Сінадальнага місіянерскага аддзела РПЦ мітрапаліта Белгародскага і Старааскольскага Іаана ў з'ездзе як у вочным, так і ў дыстанцыйным фармаце прынялі ўдзел 266 дэлегатаў, якія прадстаўляюць місіянерскія аддзелы Самакіравальных цэркваў, экзархатаў і епархій Рускай Праваслаўнай Царквы.
Па благаслаўленню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у пасяджэннях з'езда ад Мінскай епархіі БПЦ прынялі ўдзел кіраўнік Сінадальнага цэнтра сектазнаўства імя прападобнага Іосіфа Волацкага БПЦ Уладзімір Марціновіч, старшыня Сінадальнага місіянерскага аддзела БПЦ іерэй Аляксандр Насека і намеснік кіраўніка місіянерскага аддзела Мінскай епархіі іерэй Радзівон Альховік.
На ўрачыстым адкрыцці з'езда прагучала прывітанне Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. У сваёй прамове Свяцейшы Уладыка пазначыў прыярытэты місіянерскага служэння Рускай Праваслаўнай Царквы, выказаў пажаданне далейшай актывізацыі місіянерскай дзейнасці на ўсіх узроўнях пастырскай адказнасці і благаславіў удзельнікаў з'езда. Затым з дакладам выступіў старшыня Сінадальнага місіянерскага аддзела мітрапаліт Белгародскі і Старааскольскі Іаан на тэму: «Місіянерскае служэнне Рускай Праваслаўнай Царквы на сучасным этапе».
Пасля пленарнага пасяджэння была арганізавана праца секцый па такіх тэматычных напрамках, як антысектанцкая і антыраскольная дзейнасць на сучасным этапе; знешняя місія Царквы; інфармацыйная і прыходская місія Царквы; місія сярод карэнных, у тым ліку малалікіх народаў Крайняй Поўначы, Сібіры і Далёкага Усходу; навукова-практычны вопыт па царкоўнай рэабілітацыі асоб, якія адпалі ад Праваслаўя: гісторыя і сучаснасць; шлях Аляксандра Неўскага: праваслаўная аснова татарска-рускага адзінства.
Таксама ўдзельнікі з'езда падзяліліся вопытам служэння ва ўмовах пандэміі і прааналізавалі напрамкі развіцця місіі прыхода па вяртанні вернікаў у храм, вызначыўшы вектары развіцця місіянерскага служэння ва ўмовах лічбавай трансфармацыі грамадства. Таксама місіянеры абмеркавалі пытанні антысектанцкай і антыраскольнай дзейнасці на сучасным этапе, арганізацыю місіянерскага служэння.
Ад Беларускай Праваслаўнай Царквы на з'ездзе прагучала тры даклады.
На пленарным пасяджэнні Уладзімір Марціновіч выступіў у анлайн-фармаце з дакладам: «Матрыца нетрадыцыйнай рэлігійнасці».
У працы секцыі «Інфармацыйная і прыходская місія Царквы» прагучалі даклады іерэя Радзівона Альховіка на тэму: «Місіянерская (асветніцкая) дзейнасць Свята-Лізавецінскага манастыра горада Мінска ў Беларусі і за яе межамі на сучасным этапе» і протадыякана Андрэя Гарбунова, кіраўніка місіянерскага аддзела Пінскай епархіі на тэму: «Папулярызацыя шанавання мясцовых святых і святынь як інструмент місіянерскай працы».
Па выніках з'езда было прынята рашэнне аб аднаўленні Праваслаўнага Місіянерскага Таварыства, якое было заснавана ў 1865 годзе і ліквідавана ў 1917 годзе.