Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы ўсклаў вянок да Манумента Перамогі ў Мінску

15 кастрычніка 2018

top.jpg

14 кастрычніка 2018 года, у свята Пакрова Прасвятой Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі, пасля наведвання крыпты новаасвячонага храма-помніка ў гонар Усіх святых у Мінску, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл усклаў вянок да Манумента Перамогі ў Мінску.

У цырымоніі таксама прынялі ўдзел: старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта А. В. Шорац; Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь М. В. Бабіч; Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел; мітрапаліт Кішынёўскі і ўсяе Малдовы Уладзімір; кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі і Ладажскі Варсанофій; старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён; кіраўнік Адміністрацыйнага сакратарыята Маскоўскай Патрыярхіі архіепіскап Сонечнагорскі Сергій.

На плошчы Перамогі была пастроена ганаровая варта.

Пасля ўскладання вянка была абвешчана «Вечная памяць» правадырам і ваярам, якія за веру, Айчыну і народ жыццё сваё аддалі. Спевы выканаў архіерэйскі хор Свята-Духава кафедральнага сабора г. Мінска (рэгент — В. І. Сабалеўскі).

Іерархі і афіцыйныя асобы ўсклалі кветкі да манумента.

***

Архітэктурны ансамбль плошчы Перамогі пачаў фарміравацца ў канцы 1930-х гадоў з пабудовы двух дугападобных дамоў, звернутых да цэнтра Мінска. Назву «Плошча Перамогі» аб'ект атрымаў у 1958 годзе.

Кампазіцыйным цэнтрам плошчы з'яўляецца манумент Перамогі (архітэктары — Георгій Заборскі, Уладзімір Кароль), збудаваны ў 1954 годзе. Манумент вышынёй 38 метраў мае форму абеліска, абліцаваны шэрым гранітам і завершаны выявай ордэна Перамогі (бронза, смальта). На чатырох гранях пастамента размешчаны бронзавыя гарэльефы: «9 мая 1945 года» (Андрэй Бембель), «Слава загінуўшым героям» (Заір Азгур), «Савецкая армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (Сяргей Селіханаў), «Партызаны Беларусі» (Аляксей Глебаў). На базе абеліска ляжыць меч, абвіты лаўровай бронзавай галіной.

Ля падножжа помніка 3 ліпеня 1961 года, у дзень 17-й гадавіны вызвалення горада Мінска, Герой Савецкага Саюза генерал-палкоўнік А. Бурдзейны запаліў Вечны агонь.

1 ліпеня 1984 года на плошчы былі ўсталяваны пастаменты з капсуламі з зямлёй гарадоў-герояў: Масквы, Ленінграда, Сталінграда, Кіева, Адэсы, Севастопаля, Керчы, Наварасійска, Тулы, а таксама Брэсцкай крэпасці-героя. У 1985 годзе да іх дадаліся капсулы з зямлёй гарадоў-герояў Смаленска і Мурманска.

8 мая 1985 года ў гонар 40-годдзя Перамогі ў падземным пераходзе на плошчы Перамогі была адкрыта мемарыяльная зала ў гонар загінуўшых герояў Савецкага Саюза — вызваліцеляў Беларусі.

Прэс-служба Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі / Church.by

Фотарэпартаж