Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь наведаў Каложскую царкву
05 ліпеня 2018У першы нядзельны дзень ліпеня найстаражытнейшы храм Гродзенскай епархіі — Барыса-Глебскую (Каложскую) царкву, узведзеную ў XII стагоддзі, наведаў Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў з жонкай.
Высокага госця, які прыбыў у Каложу ў суправаджэнні старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Васільевіча Краўцова і старшыні Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта Мечыслава Браніслававіча Гоя, сустракаў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій.
Члены дэлегацыі пазнаёміліся са шматвяковай гісторыяй царквы і агледзелі праведзеныя работы па рамонце драўляных канструкцый храма.
***
Барыса-Глебская (Каложская) царква — сапраўдная жамчужына гродзенскай архітэктурнай школы, унікальны помнік старажытнага праваслаўнага дойлідства.
Збудаваны не пазней 1180 г., храм быў асвячоны ў гонар святых сыноў роўнаапостальнага князя Уладзіміра — Барыса і Глеба. Ужо неўзабаве пасля завяршэння будаўніцтва гэты храм шматкроць паўставаў перашкодай на шляху полчышчаў крыжакоў.
У сярэдзіне XIX стагоддзя адбылося абвальванне берага ракі Нёман і паўднёвай сцяны Каложскай царквы. Толькі праз паўстагоддзя пасля абвальвання былі зроблены работы па кансервацыі каменных сцен XII стагоддзя. Збудаваны ў 1896 годзе драўляны каркас выпрацаваў увесь свой рэсурс і прыйшоў у перадаварыйны стан, яго капітальны рамонт патрабаваў каласальных выдаткаў.
У ходзе некалькіх міжнародных навуковых канферэнцый, арганізаваных прыходскай грамадой, былі прааналізаваны ўсе даследаванні тэхнічнага стану канструкцый храма і выбраны аптымальны на сённяшні дзень варыянт рашэння назапашаных праблем.
У мінулым годзе фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдзеліў неабходныя сродкі на капітальны рамонт драўляных канструкцый храма. На сённяшні дзень цалкам абноўлена паўднёвая і часткова заходняя сцены, падмурак, умацавана кроквенная сістэма храмавага будынка.
Але гэтым не абмежаваліся. У цяперашні час рэканструюецца дрэнажная сістэма, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі Каложскай царквы.
Нягледзячы на ўсе гэтыя працы, храм не закрываў свае дзверы для вернікаў і паломнікаў.