Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведаў Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр [абноўлена]

25 чэрвеня 2021

top.jpg

25 чэрвеня 2021 года Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр наведаў кіраўнік беларускай дзяржавы ў суправаджэнні шэрагу прадстаўнікоў заканадаўчай і выканаўчай улады.

Візіт быў прымеркаваны да 550-годдзя яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці, 500-годдзя яе паўторнага цудоўнага знойдзення і 500-годдзя заснавання Жыровіцкай абіцелі. Гэтыя знамянальныя даты адзначаліся летась, але і зараз на парадку дня застаецца пачатае ў рамках урачыстасцяў добраўпарадкаванне манастырскай тэрыторыі, а таксама захаванне і папулярызацыя ўнікальнага пласта айчыннай духоўнай культуры, звязанага з Жыровіцкім манастыром і аднайменным абразом Царыцы Нябеснай.

Аляксандр Лукашэнка і дэлегацыя,  якая яго суправаджала, прысутнічалі на малебне аб дабрабыце і еднасці беларускага народа. Малебен здзейсніў перад Жыровіцкай іконай Прасвятой Багародзіцы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін.

Агледзеўшы святыні абіцелі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады наведалі месца спачыну першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, дзе былі ўскладзены белыя ружы і абвешчана «Вечная памяць».

У зале Саветаў манастыра адбылася гутарка вышэйшых службовых асоб Рэспублікі Беларусь з мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Веніямінам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, намеснікам манастыра архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем і епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Антоніем.

Было абмеркавана шырокае кола пытанняў, у ліку якіх — перспектывы добраўпарадкавання Жыровіцкага манастыра і ў цэлым аграгарадка Жыровічы, а таксама царкоўна-дзяржаўнае ўзаемадзеянне ў галіне захавання гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, умацавання сямейных каштоўнасцяў, выхавання моладзі, дабрачыннасці, а таксама іншых актуальных тэм.

Аляксандру Лукашэнку была паднесена на памяць копія Жыровіцкай іконы Божай Маці. Са свайго боку прэзідэнт падарыў абіцелі абраз Уваскрасення Хрыстовага.

БЕЛТА/Church.by