Прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных школ прыняў удзел у канферэнцыі «Пакроўскія чытанні ў Бруселі»
09 лістапада 20171-3 лістапада 2017 года ў сталіцы Бельгіі праходзіла штогадовая міжнародная гістарычна-багаслоўская канферэнцыя «III Пакроўскія чытанні ў Бруселі», сумешчаная са святкаваннем 80-годдзя заснавання Бельгійскай епархіі Рускай Праваслаўнай Царквы.
Агульнай тэмай форуму стала абмеркаванне стогадовага юбілею кастрычніцкага перавароту 1917 года, яго наступстваў для Рускай Праваслаўнай Царквы і гісторыя рускага царкоўнага замежжа.
Падчас адкрыцця канферэнцыі з прывітальным словам да прысутных выступіў архіепіскап Брусельскі і Бельгійскі Сіман, які адзначыў значную ролю чытанняў у адукацыйнай і місіянерскай працы епархіі. Па словах уладыкі, усяго за тры гады свайго існавання чытанні сталі вельмі значным для ўсёй Еўропы навуковым форумам, які дае магчымасць даследчыкам з розных краін, якія займаюцца гісторыяй Расіі і Рускай Царквы, знаёміцца і абменьвацца новымі ідэямі. Затым з прывітаннем да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дырэктар Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Бруселі А. У. Разумаў.
У рабоце форуму прынялі ўдзел вядомыя спецыялісты па гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы: прафесар С. Л. Фірсаў (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Расія), прафесар М. В. Шкароўскі (Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія, Расія), прафесар Скот Кенварці (універсітэт Маямі, ЗША), прафесар протаіерэй Георгій Арэханаў (Праваслаўны Свята-Ціханаўскі дзяржаўны ўніверсітэт, горад Масква, Расія), прафесар Н. Ю. Сухава (Праваслаўны Свята-Ціханаўскі дзяржаўны ўніверсітэт, горад Масква, Расія), мастацтвазнаўца протаіерэй Аляксандр Берташ (горад Брэмен, Германія), рэлігіязнаўца. Д. А. Галавушкін (Расійскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя А. І. Герцэна, горад Санкт-Пецярбург, Расія), прафесар Н.У. Пазухіна (Латвійскі дзяржаўны універсітэт, горад Рыга, Латвія).
У канферэнцыі таксама прыняў удзел прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, загадчык кафедры царкоўнай гісторыі МінДА дацэнт А. В. Слесараў, які выступіў з дакладам на тэму «Удзел архіерэяў Рускай Праваслаўнай Царквы за Мяжой у працы Усеправаслаўнага Кангрэса 1923 года». Звярнуўшыся да грэкмоўных пратаколаў Усеправаслаўнага Кангрэса, аўтар прааналізаваў ролю архіепіскапаў Анастасія (Грыбаноўскага) і Аляксандра (Немалоўскага) у працэсе выпрацоўкі рашэнняў Кангрэса.
3 лістапада ў рабоце апошняй сесіі чытанняў прыняў удзел епіскап Звенігарадскі Антоній, вікарый Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, кіраўнік Упраўлення Маскоўскай Патрыярхіі па замежных установах.
4 лістапада, у дзень свята Казанскай іконы Божай Маці, удзельнікі чытанняў маліліся за святочнай Бажэственнай літургіяй, прысвечанай 80-годдзю ўстанаўлення Брусельска-Бельгійскай архіепіскапіі Рускай Праваслаўнай Царквы бельгійскім каралём Леапольдам III у 1937 годзе.
Правядзенне штогадовай міжнароднай гісторыка-багаслоўскай канферэнцыі «Пакроўскія чытанні ў Бруселі» з'яўляецца вынікам рэалізацыі ініцыятывы настаяцеля Свята-Троіцкага храма Бруселя протаіерэя Паўла Недасекіна. Будучы актыўным місіянерам і даследчыкам, арганізатарам трохгадовых багаслоўска-катэхізатарскіх курсаў пры сваім прыходзе, протаіерэй Павел у 2012 годзе заснаваў серыі навуковых выданняў «Архіў рускай эміграцыі» і «Славянская патралогія».
Матэрыялы канферэнцыі «III Пакроўскія чытанні ў Бруселі» будуць апублікаваны ў рамках серыі «Архіў рускай эміграцыі».