Рэктар Мінскай духоўнай акадэміі і прадстаўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва

28 верасня 2020

top.jpg

25 верасня 2020 года рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Сергій (Акімаў) і загадчык акадэмічнай бібліятэкі Ілья Перчанка прынялі ўдзел у шэрагу сустрэч у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, падчас якіх абмеркавалі пытанні сумеснай працы па шэрагу кірункаў.

З прадстаўнікамі сектара фарміравання дакументаў у электронным выглядзе Цэнтра аблічбоўкі і забеспячэння захаванасці бібліятэчных дакументаў абмяркоўвалася пытанне аб прадастаўленні поўнага доступу Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі да публікацый у Электроннай бібліятэцы Мінскай духоўнай акадэміі з мэтай фарміравання нацыянальнага электроннага архіва перыядычных выданняў. У выніку сустрэчы было прынята рашэнне даць поўны доступ да ўсіх публікацый з захаваннем у базе дадзеных Нацыянальнай бібліятэкі спасылкі на першакрыніцу — Электронную бібліятэку акадэміі.

З прадстаўнікамі Навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства абмяркоўвалася пытанне састаўлення спецыялістамі Нацыянальнай бібліятэкі кнігазнаўчых экспертыз на рэдкія каштоўныя старадрукаваныя і рукапісныя выданні з фонду бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі. На сённяшні дзень спецыялістамі ўжо састаўлены экспертызы на шэраг кніг і рукапісаў з акадэмічнай бібліятэкі. Таксама абмяркоўвалася пытанне аб уключэнні каштоўных выданняў з фонду бібліятэкі акадэміі ў Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь.

Падчас сустрэчы са спецыялістамі аддзела камплектавання фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі быў праведзены абмен выданнямі з рэзервова-абменнага фонду Мінскай духоўнай акадэміі, які пачаў працу ў бягучым годзе, і з сектара ўнутрырэспубліканскага дакументаабмену і пераразмеркавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

У завяршэнне сустрэчы рэктар акадэміі і загадчык бібліятэкі наведалі выставу «Таямніцы канцылярыі», адкрыццё якой адбылося днём раней, 24 верасня. Выстава створана Нацыянальнай бібліятэкай сумесна з даследчыкам, лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым. У экспазіцыі музея прадстаўлены пісьмовыя прылады розных эпох, якімі пісалі нашы продкі да з'яўлення клавіятуры і электронных гаджэтаў.

МінДА / Church.by