Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,
шаноўныя прасвітары і дыяканы,
богалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас са светлым святам Ражджаства Хрыстовага. Сёння Царква нябесная і зямная трыумфуе, радуючыся прышэсцю ў свет Госпада і Спасіцеля нашага, узносіць хвалу і падзяку Богу за Яго міласць і любоў да чалавечага роду. З духоўным заміраннем услухоўваемся мы ў словы песнапення: «Хрыстос нараджаецца — слаўце! Хрыстос з нябёс — сустракайце!» (ірмос канона Ражджаству Хрыстоваму). З глыбокай пашанай і надзеяй глядзім на Віфлеемскую пячору, дзе ва ўбогіх яслях ляжыць у пялёнках спавітае Богадзіця.
Сапраўды сёння здзейснілася «вялікая набожнасці тайна: Бог явіў Сябе ў плоці, апраўдаў Сябе ў Духу, паказаў Сябе Ангелам» (1 Цім. 3, 16). Немагчыма да канца пранікнуць розумам у таямніцу Богаўцялеснення. Немагчыма ў поўнай меры спасцігнуць, як жа Той, Хто з’яўляецца крыніцай жыцця для ўсяго, што існуе, саграваецца сёння дыханнем жывёл! Стваральнік Сусвету прыніжае Сябе, прымаючы вобраз стварэння! Сын Божы робіцца Сынам Чалавечым! «Не даследуй, як гэта, — папярэджвае свяціцель Іаан Залатавуст, — дзе хоча Бог, там перамагаецца парадак прыроды. Ён пажадаў, змог, сышоў і спас. Усё падпарадкоўваецца Богу. Сёння нараджаецца Існы, і Існы робіцца тым, чым Ён не быў. Будучы Богам, Ён робіцца чалавекам, не перастаючы быць Богам» (Слова на Ражджаство Спасіцеля наша Іісуса Хрыста).
Адзначаючы светаспасіцельнае свята Ражджаства Хрыстовага, мы разважаем пра яго вечны духоўны сэнс і ключавое значэнне для ўсяго чалавецтва. І гэта слушна. Але важна ўсведамляць яшчэ і асабістае вымярэнне, якое мае для кожнага з нас таямніца Богаўцялеснення, бо невыпадкова мы звяртаемся ў малітвах да Госпада, называючы Яго сваім Спасіцелем.
Мы з вопыту ведаем, што чалавек не здольны сам пераадолець у сабе зло, як бы настойліва ён не стараўся гэта зрабіць. Грэх, які глыбока паразіў душу і пашкодзіў чалавечую прыроду, немагчыма пабароць ніякімі духоўнымі практыкамі і псіхалагічнымі трэнінгамі. Толькі Бог здольны ацаліць і аднавіць у першапачатковай прыгажосці ўсяго чалавека. «Для чаго ж Гасподзь наш адзеўся ў плоць?» — задаецца пытаннем прападобны Яфрэм Сірын і адказвае: «Для таго, каб сама плоць зазнала радасць перамогі і каб напоўнілася і спазнала дары благадаці.., каб людзі, нібы на крылах, узносіліся да Яго і ў Ім Адным знаходзілі супакой» (Тлумачэнне на Чатырохевангелле. Раздзел 1). Уцялесненне Хрыстова вызваляе ад рабства граху і адкрывае шлях да спасення.
«Я — святло, у свет прыйшоў, каб кожны, хто веруе ў Мяне, не застаўся ў цемры» (Ін. 12, 46), — сведчыць Гасподзь. Падобна да яркай Віфлеемскай зоркі, якая прывяла да Богадзіцяці Іісуса ўсходніх мудрацоў з далёкіх краін, мы, хрысціяне, будучы ісціннымі сынамі і дочкамі святла (гл. Ін. 12, 36), закліканы асвятляць гэты свет святлом веры (гл. Мф. 5, 14), каб людзі навокал, бачачы прыклад нашай стойкасці і мужнасці, доўгацярплівасці і духоўнага высакародства, велікадушнасці і некрывадушнай любові да бліжніх, «праславілі Бога ў дзень наведання» (1 Пят. 2, 12).
Сёння, калі народы зямлі перажываюць няпростае выпрабаванне новай хваробай, калі сэрцы людзей ахоплены страхам і трывогай за будучыню, нам асабліва важна ўзмацніць саборную і прыватную малітву, прынесці Госпаду вялікую працу дабрадзейнасці. Многія з нашых братоў і сясцёр з-за шкоднай пошасці пазбаўлены сёння магчымасці наведваць храмы. Узнясём за іх просьбы Міласэрнаму Тварцу, каб Ён абнавіў іх душэўныя і цялесныя сілы, дараваў хворым скорае ацаленне і паслаў Сваю дапамогу ўрачам і ўсім медыцынскім працаўнікам, якія самаахвярна змагаюцца за іх здароўе і жыцці.
Будзем памятаць, што ніякія праблемы не здольныя зламаць дух чалавека, калі ён захоўвае жывую веру і ва ўсім спадзяецца на Бога. А таму без наракання прымем і выпрабаванні, якія напаткалі нас, бо, калі на Яго спадзявацца будзем, будзе нам у асвячэнне, бо з намі Бог (чынапаследаванне Вялікага павячэр’я), як спявае ў гэтыя святыя калядныя дні Царква Хрыстова. Будзем маліцца, каб і ўбогую пячору нашага жыцця азарыла нятленнае святло Боскасці, каб і наша скрушанае і пакорлівае сэрца,як Віфлеемскія яслі, з глыбокай пашанай успрыняло Спасіцеля, Які прыйшоў у свет.
Не цесна Богу ў сэрцы чалавека, калі яно поўнае любові. «Той, хто здзяйсняе любоў, будзе жыць з Ангеламі і з Хрыстом будзе царстваваць», — сведчыць прападобны Яфрэм Сірын (Слова пра дабрадзейнасці і заганы, 3). Няхай святыя дні свята стануць для нас асаблівым часам для таго, каб рабіць добрыя справы. Скарыстаем гэтую благадатную магчымасць і ўславім Народжанага Іісуса Хрыста, праявіўшы міласэрнасць да бліжніх, аказаўшы дапамогу тым, хто ў нястачы, суцешыўшы засмучаных і, можа быць, у першую чаргу тых, хто пакутуе ад каранавіруснай інфекцыі ці яе наступстваў.
Няхай прасвятліць Гасподзь святлом пазнання Свайго народы зямлі, няхай благаславіць іх мірам і няхай дапаможа ўсім нам усвядоміць агульную адказнасць за сучаснасць і будучыню планеты. Няхай пашле Народжанае Богадзіця любоў і згоду ў нашы сем’і, няхай засцеражэ моладзь нашу, ды і ўсіх нас, ад грахоў і небяспечных памылак. Яшчэ раз сардэчна віншую вас, мае дарагія, са светлазарным святам Ражджаства Хрыстовага і жадаю ўсім моцнага здароўя, бязмежнай радасці і шчодрай дапамогі ад Бога — Святла ісціннага, Якое прасвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у свет (Ін. 1, 9). Амінь.
КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Масква,
Ражджаство Хрыстова
2020/2021 год