Шэсць з дванаццаці гістарычных дакументаў, прызнаных у Беларусі ўнікальнымі, звязаныя са Свята-Елісееўскім Лаўрышаўскім манастыром
07 жніўня 202228 чэрвеня 2022 года ў Мінску адбылося пасяджэнне Цэнтральнай экспертна-метадычнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
На пасяджэнні зацверджаны і прызнаныя ўнікальнымі 10 архіўных дакументаў XV-XVІІ стагоддзяў. Раней, 8 чэрвеня 2018 года, былі зацверджаны першыя два ўнікальныя дакументы, у тым ліку самы старажытны дакумент 1391 года. Такім чынам, на сённяшні дзень у Беларусі афіцыйна прызнаныя ўнікальнымі дванаццаць дакументаў, і ўсе яны захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Прадстаўленыя дакументы - гэта каралеўскія прывілеі, фундушы, дароўныя, менавыя і прадажныя граматы магнатаў і шляхты Вялікага княства Літоўскага. У дакументах фігуруюць вядомыя гістарычныя асобы: вялікі князь літоўскі Свідрыгайла, каралі польскія і вялікія князі літоўскія Казімір і Аляксандр Ягелончыкі, князь слуцкі Аляксандр (Алелька) Уладзіміравіч, гетман Запарожскі Багдан Хмяльніцкі, князі Друцкія-Сакалінскія, прадстаўнікі родаў Храптовічаў, Кезгайлаў і іншыя.
Шэсць дакументаў звязаны з гісторыяй аднаго з самых старажытных мужчынскіх манастыроў у Беларусі – Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, які на працягу некалькіх стагоддзяў быў важнейшым духоўным цэнтрам беларускіх земляў.
Асноўная частка дакументаў напісана на старабеларускай мове, два - на стараукраінскай. Геаграфія дакументаў ахоплівае ўсю Беларусь - Новагародскае (Навагрудскае) ваяводства, Віцебская зямля, Давыд-Гарадок, Слуцк, а таксама часткова Украіну: Валынь і сталіцу Гетманшчыны Чыгірын.
Дакументы былі выяўлены ў выніку карпатлівай працы супрацоўнікаў архіва і апісаны згодна з «Метадычнымі рэкамендацыямі аб парадку выяўлення, уліку і захоўвання ўнікальных дакументаў». Яны адпавядаюць большасці з 8-мі прынятых крытэрыяў для вызначэння ўнікальнасці: старажытнасць (дакументы, створаныя да пачатку XVIII ст.), дачыненне дакумента да гістарычнай асобы, мастацкія асаблівасці дакумента, палеаграфічныя і лінгвістычныя асаблівасці, аўтэнтычнасць, безумоўная гістарычная, навуковая, сацыяльная, эканамічная, палітычная і культурная каштоўнасць.
Азнаёміцца з копіямі ўнікальных дакументаў можна на сайце Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра па спасылцы.