Свяшчэннікі 119-га Каломенскага палка ў Вызваленчай вайне 1877-78 гадоў і іх уклад у захаванне памяці аб яе героях і ўдзельніках

27 лютага 2018

top.jpg

У гэтым годзе разам з нашымі адзінавернымі балгарскімі братамі мы адзначаем памятную дату — 140-годдзе заканчэння Руска-турэцкай вайны і здабыцця Балгарыяй дзяржаўнай незалежнасці пасля пяцісотгадовага асманскага палону.

Паводле слова Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, «у гэтыя памятныя дні наша Праваслаўная Царква зноў ўзносіць да нябёсаў малітвы за спачын душ усіх вядомых і невядомых ваяроў, якія аддалі сваё жыццё падчас Вызваленчай вайны, ― бясцэнныя ахвяры рускіх і іншых праваслаўных народаў, прынесеных на алтар балгарскай свабоды».

Па думку многіх сучаснікаў, Руска-турэцкая вайна 1877-78 гадоў заслужыла права называцца самай высакароднай і справядлівай з усіх войнаў XIX стагоддзя. Па яе выніках сталі незалежнымі, акрамя Балгарыі, адразу некалькі балканскіх дзяржаў.

У гэтым жа годзе Аляксандра-Неўскі храм-помнік на Вайсковых могілках Мінска святкуе сваё 120-годдзе. І такое супадзенне вышэйназваных дат зусім не выпадковае, бо гэты храм быў пабудаваны і асвячаны ў лютым 1898 года, напярэдадні дваццатай гадавіны пераможнага заканчэння Руска-турэцкай вайны, у памяць аб загінуўшых воінах, якія змагаліся гераічна у 1877-1878 гадах у баях за вызваленне Балгарыі ад асманскага панавання.

Пасля асвячэння храма ў яго былі ўнесены на вечнае захоўванне палкавыя харугвы, якія да гэтага часу знаходзяцца тут у якасці неацэнных рэліквій. На заходніх калонах унутры царквы былі размешчаны дзве дошкі з чорнага мармуру з выгравіраванымі на іх імёнамі 118 воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га Каломенскага пяхотнага палка, загінуўшых у баях пад Плеўнай. Знаходзіцца ў храме і яшчэ адна рэліквія — ківот-капліца, або, як па склаўшайся традыцыі называюць яе нашы прыхаджане, «паходная царква», збудаваная ў 1897 годзе з нагоды 100-годдзя заснавання Каломенскага палка.

Гісторыя Каломенскага палка бярэ свой пачатак з 1797 года. У 1863 годзе ён быў раскватараваны ў Мінску. Знаходзячыся тут, полк стаў камплектавацца ў значнай ступені за кошт прызыўнікоў — ураджэнцаў беларускай зямлі. Разам са 120-м Серпухаўскім пяхотнай палком і 30-й артылерыйскай брыгадай 119-ы Каломенскі полк уваходзіў у склад 30-й пяхотнай дывізіі, якая знаходзілася ў складзе 4-га армейскага корпуса, са штабам у Вільні, а затым у Мінску.

У красавіку 1877 года 119-ы Каломенскі полк, гэтак сама як і іншыя падраздзяленні гэтага корпуса, быў накіраваны ў Турцыю для ўдзелу ў распачатай вайне. Разам з палком ішоў палкавы свяшчэннік — протаіерэй Іаан Насовіч. Адначасова ён з'яўляўся благачынным 30-й пяхотнай дывізіі.

У першым жа сваім баі, які адбыўся 18 ліпеня 1877 года пад Плеўнай, полк панёс вельмі вялікія страты. Загінула 15 афіцэраў і звыш 120 ніжніх чыноў. Іх адпяванне і пахаванне здзейсніў айцец Іаан Насовіч. Айцом Іаанам было пачата складанне сінодзіка забітых воінаў для пастаяннага іх памінання за богаслужэннем. Протаіерэй Іаан і далей паказваў сябе ў вачах каломенцаў як мудры і клапатлівы пастыр, як суцяшальнік і памочнік параненым і пакутуючым ад хвароб, як баявы сябар, які раздзяляў нягоды і небяспекі ваенных будняў.

Ужо пасля ўзяцця Плеўны воіны Каломенскага палка, дзейнічаючы ў баявых парадках 3-й пяхотнай дывізіі, здзейснілі ва ўмовах цяжкапраходнай мясцовасці некалькі кідкоў у кірунку гарадоў Лоўча, Тырнава і Казанлык. Далей, аж да заключэння 19 лютага 1878 года мірнага дагавора ў Сан-Стэфана, полк ваяваў у складзе перадавых частак Рускай імператарскай арміі ў іх наступальным парыве за авалоданне Канстанцінопалем — (зараз Стамбул).

За мужнасць і адвагу, праяўленыя на вайне, байцам палка былі найвысачэйша падараваны знакі на шапкі з надпісам: «за выдатнасць у турэцкую вайну 1877 і 1878 гг.». Палкавы святар протаіерэй Іаан Насовіч быў узнагароджаны залатым нагрудным крыжам з упрыгожаннямі, а таксама ордэнам святога Уладзіміра III ступені. У верасні 1878 года ён быў прызначаны галоўным свяшчэннікам палявой арміі і прыкамандзіраваны да стаўкі галоўнакамандуючага. Яму было падаравана маёнтак Гіраўцы ў Магілёўскай губерні ў некалькі сот дзесяцін. Тут ён і завяршыў свой зямны шлях. Да нашага часу на сельскай могілках у Гіраўцах (цяпер Чавускі раён Магілёўскай вобласці) цудам захавалася надмагільная пліта з чорнага каменя з накрэсленым на ёй надпісам: «Главный священник полевой армии протоиерей Иоанн Максимович Носович. 14.09.1814 — 25.09.1889».

Ужо пасля заканчэння актыўных баявых дзеянняў, у кастрычніку 1878 года, палкавым свяшчэннікам 119-га Каломенскага палка замест айца Іаана Насовіча быў прызначаны іерэй Павел Багдановіч, які прыбыў у размяшчэнне палка, які знаходзіўся тады паблізу Адрыянопаля (горад Эдырнэ ў Турцыі).

На месца сваёй пастаяннай дыслакацыі, у горад Мінск, Каломенскі полк вярнуўся ў чэрвені 1879 года.

Да пачатку 90-х гадоў XIX стагоддзя полк не меў свайго асобнага палкавога храма. Богаслужэнні адбываліся ў царкве святой роўнаапостальнай вялікай княгіні Вольгі, зладжанай на другім паверсе Мінскага ваеннага шпіталя. Гэты будынак захаваўся і знаходзіцца на сучаснай вуліцы Фрунзе. Тут жа адпявалі тых, хто паміраў у шпіталі ад ран або хвароб, і затым хавалі на бліжэйшых шпітальных могілках па вуліцы Даўгабродскай. За гэтымі могілкамі пасля іх узнікнення ў 1850 годзе паступова зацвердзілася назва «Ваенныя».

У самым пачатку 1890-х гадоў межы могілак былі крыху пашыраны, і яны былі перададзены ў распараджэнне Мінскага гарнізона. Адным з першых пасля гэтай падзеі пахаванняў стала магіла героя Руска-турэцкай вайны, начальніка 30-й пяхотнай дывізіі, генерал-лейтэнанта Генеральнага штаба Эдуарда Вікенцьевіча Жыржынскага (1834 — 1892). Ён камандаваў палком, які ў студзені 1878 года штурмаваў Шыпку, за што быў удастоены ордэна святога Георгія IV ступені і атрымаў ва ўзнагароду залатую шаблю з надпісам «За адвагу». Па веравызнанню ён быў рыма-каталіком і адпяванне яго было здзейснена ў архікатэдральным каталіцкім храме на Саборнай плошчы ў Мінску, але ён завяшчаў пахаваць сябе на Вайсковых могілках.

У 1895 годзе тут знайшоў спачын камандзір 30-й артылерыйскай брыгады генерал-маёр Васіль Пятровіч Булаеў, у 1898 годзе — ветэран Вызваленчай вайны падпалкоўнік Аляксандр Ціханавіч Дехцяроў.

На новым участку могілак быў усталяваны вялікі паклонны крыж, была прапанавана ідэя пабудаваць тут капліцу. Яна знайшла шырокую падтрымку ў вайсковым асяроддзі і асабліва сярод ветэранаў Руска-турэцкай вайны. Быў абвешчаны збор добраахвотных ахвяраванняў, якіх за кароткі час было сабрана так шмат, што было прынята рашэнне замест капліцы ўзвесці царкву, якая б мела статус палкавога храма і ўвасабляла ідэю памяці аб загінуўшых і памерлых аднапалчанах.

У сэрцах каломенцаў яшчэ жывой была памяць пра вайну. Пачуццё доўгу аб'яднала іх у імкненні ўвекавечыць памяць пра сваіх сабратах-аднапалчанах, якія аддалі свае жыцці выконваючы Евангельскую запаведзь: бо́льшай любо́ві ні ў кога няма, як тая, калі хто душу́ сваю пало́жыць за сябро́ў сваіх (Ін. 15: 13). Выканаўшы яе ў баі, яны ўвайшлі ў гісторыю палка, Айчыны і ў жыццё вечнае, як суграмадзя́не святых і дамача́дцы Бога (Эф. 2: 19).

Будаўніцтва палкавога храма пачалося ў 1896 годзе і дзякуючы багатым ахвяраванням і асабістаму ўдзелу вайскоўцаў у яго пабудове было начарна завершана ўжо да верасня 1897 года, г. зн. напярэдадні 20-й гадавіны заканчэння Руска-турэцкай вайны.

Душой і сэрцам работ па ўзвядзенню храма сталі палкавы свяшчэннік Павел Багдановіч і ветэран вайны, удзельнік баёў на Шыпцы, поўны кавалер Знака заслугі святога Георгія (для ніжэйшых чыноў), чалавек глыбокай і жывой веры, Кірыяк Паўлавіч Бурдзін. Менавіта яму было даручана пакласці першы камень у падмурак храма пры яго закладцы.

На свята Стрэчання Гасподняга 2 (15) лютага 1898 года новапабудаваны храм быў асвячоны епіскапам Мінскім і Тураўскім Сімяонам у гонар святога дабравернага вялікага князя Аляксандра Неўскага.

Першым настаяцелем Аляксандра-Неўскага храма быў прызначаны палкавы свяшчэннік 119-га Каломенскага палка Павел Багдановіч, удастоены ў 1900 годзе сана протаіерэя.

Пры ўваходзе ў цэнтральны неф Аляксандра-Неўскага храма на калонах былі размешчаны мармуровыя пліты, дзе золатам напісаны імёны 118 ваяроў Каломенскага палка і 30-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі пад горадам Плеўна. Па сутнасці гэта было выкананне даўняй традыцыі размяшчаць імёны загінулых або тых воінаў і палкаводцаў, хто асабліва вызначыўся,  на сценах праваслаўных храмаў, каб захоўвалася пра іх жывая малітоўная памяць.

У нашым выпадку асновай для гэтых спісаў-памяннікаў паслужыў сінодзік, які склаў непасрэдны ўдзельнік гэтых баёў палкавы свяшчэннік Іаан Насовіч, асабіста праводзіў у 1877 годзе пайменаваных воінаў «у шлях ўсяе зямлі» (Нав. 23:14). Гэты сінодзік прыняў і выкарыстоўваў для малітоўнага памінання яго пераемнік айцец Павел Багдановіч. Для ўвасаблення памяннікаў у камені ён падаў спіскі будаўнікам і дабрачынацам храма.

Ужо ў хуткім часе прастора за алтарнай сцяной Аляксандра-Неўскага храма стала папаўняцца новымі магіламі, у якіх знаходзілі спачын ветэраны Руска-турэцкай вайны. У 1899 годзе тут быў пахаваны камандзір 119-га Каломенскага пяхотнага палка генерал-маёр Аляксандр Васільевіч Бястужаў; у тым жа годзе — паручнік 119-га пяхотнага Каломенскага палка Уладзімір Віктаравіч Кісялёў; у 1900 годзе — капітан 119-га пяхотнага Каломенскага палка Мардарый Рамуальдавіч Гадыцкі-Цвірка; у 1904 годзе — генерал-маёр Іаан Апалонавіч Бырдзін; у 1905 годзе — паручнік 119-га Каломенскага палка Сцяпан Васільевіч Саковіч; у 1906 годзе — былы начальнік 50-й рэзервовай пяхотнай брыгады, які паходзіў з дваран Магілёўскай губерні, генерал-маёр Сцяфан Іосіфавіч Курч; у гэтым жа годзе — палкоўнік Васіль Іванавіч Дыннікаў і падпалкоўнік Васіль Канстанцінавіч Жэжэра; у 1909 годзе — палкоўнік Андрэй Міхайлавіч Асмалоўскі; у 1913 годзе — палкоўнік Васіль Аляксандравіч Навіцкі, які паходзіў з сям'і святара Мінскай епархіі; дывізіённы ўрач 30-й пяхотнай дывізіі, стацкі саветнік Аляксей Васільевіч Васільеў (нар. 1839).

Пасля таго як мінула больш за сто гадоў з часу смерці гэтых воінаў, удзельнікаў Руска-турэцкай вайны, спіс іх імёнаў, захаваных на магільных плітах, успрымаецца як натуральны працяг таго сінодзіка, які ў 1877 годзе пачаў складаць незабыўнай памяці протаіерэй Іаан Насовіч. Таму ў Аляксандра-Неўскай царкве існуе правіла ў адпаведныя дні малітоўна памінаць тут пахаваных воінаў пайменна, таксама як і загінуўшых пад Плеўнай.

Прыемна, што ўжо доўгія гады жыве традыцыя, калі 3 сакавіка, у Дзень вызвалення Балгарыі — дзяржаўнае свята гэтай балканскай краіны, да магіл прыходзяць прадстаўнікі Пасольства Балгарыі ў Беларусі, каб аддаць належнае памяці воінаў, ускласці жывыя кветкі і сумесна з духавенствам Аляксандра-Неўскай царквы малітоўна ўшанаваць іх памяць.

Протаіерэй Мікалай Коржыч, настаяцель прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску

Генадзь Шэйкін, сакратар Апякунскага савета прыхода храма дабравернага князя Аляксандра Неўскага ў горадзе Мінску

Church.by