Свяцейшы Патрыярх Кірыл: Мы прыйшлі да высновы, што сёння на чале Беларускай Царквы павінен быць чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі
06 верасня 20206 верасня 2020 года ў зале Вышэйшай Царкоўнай Рады кафедральнага саборнага Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве адбылася сустрэча Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з архіерэямі Беларускай Праваслаўнай Царквы, якія ўдзельнічалі ў Патрыяршым богаслужэнні, за якім быў узведзены ў сан мітрапаліта Прасвяшчэнны Веніямін, абраны мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.
У сустрэчы ўдзельнічалі: Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін; архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый; архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан; архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій; архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый; архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан; архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан; епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім; епіскап Тураўскі і Мазырскі Леанід; епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел; епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый; епіскап Полацкі і Глыбоцкі Ігнацій.
Таксама ў гутарцы ўдзельнічаў кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі, першы вікарый Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі па горадзе Маскве мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій.
Звяртаючыся да прысутных, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл сказаў:
«Дарагія ўладыкі, яшчэ раз сардэчна Вас вітаю!
Мы сустракаемся ў зале Вышэйшай Царкоўнай Рады, і я вельмі рады, што сёння на месцах членаў Рады — епіскапат нашай Царквы ў Беларусі. Вядома, і дзень асаблівы — мы паставілі на пасаду і аблачылі ў мітрапалічыя рызы ўладыку Веніяміна, які абраны Свяшчэнным Сінодам ўзначальваць Беларускага Экзархат, Беларускую Праваслаўную Царкву.
Калі цябе ставяць на чале паствы, паства становіцца тваім народам, а ты — бацькам, і ўсе нацыянальныя падзелы сыходзяць. Аднак цяпер нацыянальны фактар у Беларусі набывае ўсё большую ролю, і таму мы прыйшлі да высновы, што сёння на чале Беларускай Царквы павінен быць чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі, які ведае беларускую мову, выхаваны ў беларускім асяроддзі. Каб нават тыя, хто імкнецца ўбачыць у нашай Царкве нешта іншароднае ў адносінах да Беларусі, беларускай культуры, беларускага жыцця, бачылі ў Прадстаяцелі Беларускай Царквы, кіраўніку Экзархату плоць ад плоці, косць ад косці свайго народа.
Вельмі спадзяюся, уладыка, і мы будзем маліцца, што вы сваім служэннем яшчэ больш згуртуеце епіскапат і духавенства. Вядома, у Беларусі няма тых небяспечных працэсаў, якія прывялі да страшнага падзелу Украіны. Вораг роду чалавечага пасмяяўся над пабожнасцю ўкраінскага народа, і мы бачым, што рэлігія стала фактарам не аб'яднання, а падзелу людзей. Самы цяжкі падзел на целе ўкраінскага народа — гэта падзел царкоўны, які спараджае ўсе наступныя. Вядома, вельмі важна, каб нічога падобнага не было ў Беларусі, і таму я заклікаю ўсіх вас, дарагія ўладыкі, падтрымліваць уладыку мітрапаліта, быць аднадумнымі, служыць свайму народу, абавязкова працаваць з моладдзю.
Царква павінна быць адкрытай да людзей, у тым ліку да моладзі. Дрэнна, калі ствараецца ўражанне, што Праваслаўная Царква — гэта клуб пажылых жанчын, якім больш за пяцьдзесят. Некаторыя хочуць прадставіць нашу Царкву менавіта так, але ж гэта зусім не так! На самай справе Царква Праваслаўная — гэта духоўная сіла нашага народа, і людзі гэта асабліва ўсведамляюць падчас катаклізмаў.
Пачалася вайна, і ў бязбожным Савецкім Саюзе народ паваліў у храмы. Калі ўзмацняліся ганенні на Царкву, людзі набывалі ў сабе сілы наведваць храм, маліцца і падтрымліваць Царкву. Ну, а цяпер час спрыяльны, калі нас з вамі ніхто не прыгнятае. Мы маем магчымасць працаваць так, як Гасподзь нам загадвае, як падказвае наша пастырскае сумленне. Таму яшчэ раз хацеў бы вітаць сардэчна ўладыку Веніяміна, выказаць пажаданні, што вы будзеце сапраўды годна ажыццяўляць служэнне Прадстаяцеля Беларускай Царквы, што епіскапат вас будзе падтрымліваць, і ўсе разам вы будзеце захоўваць кананічнае Праваслаўе на Беларускай зямлі і веру ў сэрцах беларускага народа».
У слове ў адказ мітрапаліт Веніямін падзякаваў Свяцейшаму Уладыку:
«Спасі, Госпадзі, Ваша Свяцейшасць!
Будзем старацца. І, працягваючы Вашу думку, Ваша Свяцейшасць, хацеў бы сказаць, што цяпер час спрыяльны яшчэ і з таго пункту гледжання, што да таго нашы людзі былі пагружаныя ў мітусню жыццёвую, пошукі мірскіх выгод, імкнучыся прыдбаць сабе шчаснае жыццё, добры адпачынак, а аб будучым жыцці асабліва не задумваліся. Але пандэмія, а затым і ўнутраная смута, якая наведала нашу Айчыну, падахвочваюць да таго, каб людзі неяк задумаліся і шукалі перш за ўсё Царства Нябеснага, а ўсё астатняе дадасца.
Мне здаецца, цяпер як раз вельмі спрыяльны момант казаць пра гэта, з тым каб усе пачулі і наступілі добрыя перамены. Бо далей, напэўна, будзе больш складана, калі гэты момант мы ўпусцім».
У ходзе далейшай размовы адбылося абмеркаванне пытанняў царкоўнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь.