Вучоныя з пяці краін сабраліся ў Гродне для абмеркавання рамонту старажытнай Каложы

01 снежня 2018

top.jpg

30 лістапада 2018 года на базе царкоўна-парафіяльнага комплексу па вуліцы Каложа, 10 (Гродна) пачалася III навукова-практычная канферэнцыя «Свята-Барысаглебская (Каложская) царква (XII ст.): пошук шляхоў захавання». Да ўдзелу ў форуме запрошаны 22 спецыялісты ў галіне архітэктуры і мастацтва з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі і Украіны.

У ходзе работы канферэнцыі плануецца прааналізаваць выкананыя ў 2017-2018 гадах работы па рамонту драўляных канструкцый храма і добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі. Асаблівая ўвага ўдзельнікаў канферэнцыі будзе нададзена аналізу меркаванняў навукоўцаў-спецыялістаў адносна кансервацыі каменнай часткі храма (XII стагоддзе) і стабілізацыі тэмпературна-вільготнаснага рэжыму, міжнароднаму вопыту краін-суседзяў па захаванню помнікаў архітэктуры падобнага ўзроўню.

Акрамя таго, плануецца абмеркаванне пытанняў, звязаных з падрыхтоўкай намінацыйнага дасье для ўключэння Каложскай царквы і іншых помнікаў Гродзенскага рэгіёна ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Адкрываючы работу канферэнцыі, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій падзякаваў удзельнікам за цікавасць да захавання старажытнай Каложы. Ён таксама звярнуў увагу на важнасць выпрацоўкі такіх падыходаў да рэканструкцыі Каложы, якія праяўлялі б максімальны клопат не толькі пра храм як помнік архітэктуры, але і пра людзей, якія складаюць прыходскую абшчыну.

Гродзенская епархія / Church.by