У Беларускай Праваслаўнай Царкве абмяркоўваецца пытанне рэканструкцыі Тураўскага крыжа

08 ліпеня 2017

top.jpg

У Беларускай Праваслаўнай Царкве створана рабочая група па пытанні рэканструкцыі Тураўскага крыжа. Такое рашэнне было прынята па выніках сустрэчы прадстаўнікоў Царквы і свецкіх экспертаў, якая адбылася 6 ліпеня 2017 года ў Мінскім епархіяльным упраўленні пад старшынствам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Удзел у абмеркаванні прынялі: архімандрыт Сергій (Брыч), кіраўнік спраў Мінскай Экзархіі; протаіерэй Андрэй Волкаў, сакратар Мінскай епархіі; Марыя Нецвятаева, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па царкоўнаму мастацтву, архітэктуры і рэстаўрацыі; Аляксандр Слесараў, прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі; архімандрыт Нікадзім (Генералаў), прарэктар па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі; Аляксандр Каваленя, загадчык Цэнтрам гісторыі геапалітыкі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар; Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Пётр Лысенка, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар; Наталля Дубіцкая, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук; Ігар Чарняўскі, археолаг; Алег Ермаловіч, мастацтвазнаўца і ювелір, а таксама прадстаўнікі ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» — намеснік старшыні праўлення Наталля Ясінская і галоўны спецыяліст службы па сувязях з грамадскасцю Вольга Бурая.

У пачатку сустрэчы прафесар Пётр Лысенка распавёў аб знаходцы, зробленай ім у 1962 годзе падчас раскопак тураўскага дзяцінца. Тады ім былі выяўленыя чатыры свінцовыя абразкі Прасвятой Багародзіцы і трох святых — як мяркуецца, свяціцеля Кірыла Тураўскага, вялікамучаніцы Варвары і прападобнай Анастасіі. Згодна гіпотэзе Пятра Фёдаравіча, абразкі маглі быць уманціраваны ў напрастольны крыж тураўскага кафедральнага сабора, разбуранага землетрасеннем у першай палове XIII стагоддзя.

Ні малюнкаў, ні апісанняў гэтага крыжа да нас не дайшло. Тым не менш, прафесар Лысенка лічыць, што настаў час рэканструяваць тураўскую святыню, зыходзячы з наяўных звестак аб напрастольных крыжах старажытнарускіх храмаў. На адноўленым крыжы павінны прысутнічаць знойдзеныя на раскопках абразкі альбо іх копіі.

Ініцыятыву Пятра Лысенкі падтрымаў у гэтым годзе Кіраўнік дзяржавы, даўшы даручэнне Банку развіцця Рэспублікі Беларусь вылучыць сродкі для рэканструкцыі Тураўскага крыжа.

Тлумачачы сваю задуму, Пётр Фёдаравіч нагадаў, што Тураўская епархія, верагодна, была заснавана ў 992 годзе — практычна адразу пасля Хрышчэння Русі. Кафедральны горад Тураў быў сталіцай княства, значным палітычным, духоўным і культурным цэнтрам. Рэканструяваны Тураўскі крыж, на думку вучонага, мог бы ўстаць у адзін шэраг з такім агульнапрызнаным нацыянальным сімвалам, як крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай.

У ходзе дыскусіі ў Мінскім епархіяльным упраўленні бакі выказалі прынцыповую згоду з ідэяй стварэння Тураўскага крыжа.

Разам з тым, кропку ў абмеркаванні тэмы ставіць рана. Сама ідэя існавання Тураўскага крыжа сёння выклікае больш пытанняў, чым адказаў. Як мог выглядаць Тураўскі крыж? Якім ён можа быць?

Беларуская Праваслаўная Царква запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у абмеркаванні гэтай тэмы.

Інфармацыю і прапановы па заяўленай тэме просім накіроўваць у працоўную групу па пытанні рэканструкцыі Тураўскага крыжа.

Кантактная асоба:

Нецвятаева Марыя Валянцінаўна

+375 29 318 51 00

ars_longa@tut.by

Church.by