У Барысаве прайшла прэзентацыя кнігі «Горад у імя сваё паставіў...» пра заснавальніка горада князя Барыса Усяславіча

16 мая 2021

6.jpg

15 мая 2021 года ў Барысаве адбылася прэзентацыя кнігі «Горад у імя сваё паставіў...», выпушчанай Барысаўскай епархіяй у выдавецтве «Чатыры чвэрці» напярэдадні 920-годдзя горада, якое будзе святкавацца ў наступным годзе.

Полацкі князь Барыс Усяславіч застаецца адным з самых малавывучаных гістарычных асоб зямлі Беларускай. І хоць пісьмовых крыніц аб ім вельмі мала, імя ўжо ўвекавечана ў назве горада, заснаваным ім, і камянях, устаноўленых у розных частках краіны.

Дакладна невядомая дата, калі будучы князь з'явіўся на свет, няма і яго гістарычнага партрэта. У летапісах таго часу пра яго вельмі бедныя звесткі. Так што можна толькі будаваць здагадкі, як выглядаў і жыў сын полацкага князя Усяслава Брачыславіча.

«Беларускія навукоўцы распачалі спробу ўзнавіць яго гістарычны партрэт, выкарыстоўваючы звесткі той эпохі і бедныя першакрыніцы», — распавёў укладальнік кнігі протаіерэй Аляксандр Вярбіла. У першую чаргу такую важную даследчую працу правёў доктар гістарычных навук Эдуард Міхайлавіч Загарульскі.

Вучоны напісаў адну з частак кнігі, якая носіць назву «Нязгаснае святло. Старонкі далёкай гісторыі». У прыватнасці, ён прыводзіць такія цікавыя факты пра жыццё князя Барыса: «У спісе сыноў Усяслава, які змяшчае сем імёнаў, Барыс названы першым, што дае падставу лічыць яго старэйшым. Ён меў другое імя Рагвалод. Пасля смерці Усяслава ў 1101-ым годзе ён стаў полацкім князем.

З дзіцячых гадоў Барысу пасылаліся выпрабаванні, якія адбіліся на характары будучага князя. У першую чаргу гэта падзеі 1066-1067 гадоў. Тады адбылося супрацьстаянне Усяслава з паўднёварускімі князямі, якое скончылася палонам Усяслава і яго двух сыноў: Барыса і Глеба.

Гэты эпізод адметны яшчэ і тым, што дазваляе ўсталяваць прыблізную дату нараджэння Барыса. У 1067-м годзе яму было каля 12 гадоў. Такім чынам, можна выказаць здагадку, што нарадзіўся будучы князь каля 1055-га года. Памёр жа ён у 1128-ым годзе ва ўзросце 73 гадоў. Барыс Усяславіч княжыў амаль трыццаць гадоў».

На прэзентацыі сакратар Барысаўскай епархіі протаіерэй Аляксандр Вярбіла падрабязна пазнаёміў прысутных са зместам і іншых раздзелаў кнігі, якія ахопліваюць як старажытную гісторыю, так і сучаснасць.

Кніга «Горад у імя сваё паставіў ...» хутка можа стаць бібліяграфічнай рэдкасцю, паколькі яна выдадзена накладам усяго 1200 асобнікаў. «Пасля прэзентацыі выданне з'явіцца ва ўсіх царкоўных лаўках Барысаўскай епархіі, — паведаміў протаіерэй Аляксандр. — Амаль палову накладу ўжо набылі прадпрыемствы горада. Частка накладу будзе перададзена ў дар бібліятэкам рэгіёна. Так што пры жаданні барысаўчане змогуць з імі пазнаёміцца».

Першы асобнік на прэзентацыі Аляксандр Вярбіла ўручыў дырэктару ДУК «Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева» Алене Капыток. Установа таксама прыняло ўдзел у стварэнні кнігі. Да стварэння першай кнігі пра полацкага князя, які заснаваў горад Барысаў, мае дачыненне таксама і дзяржаўная ўстанова «Барысаўскі аб'яднаны музей», якая прадаставіла для яе свае фотаматэрыялы.

Выданне кнігі «Горад у імя сваё паставіў...» і яе прэзентацыя сталі важнымі культурнымі падзеямі, якія былі прымеркаваны да Нядзелі памяці заснавальніка горада князя Барыса Усяславіча, абвешчанай на Барысаўшчыне з 15 па 22 мая.

Барысаўская епархія/Church.by