У вёсцы Веснава Глускага раёна епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім асвяціў храм у гонар свяціцеля Патрыкія Ірландскага
16 мая 202114 мая 2021 года епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім здзейсніў асвячэнне новага храма ў гонар свяціцеля Патрыкія, асветніка зямлі Ірландскай, на тэрыторыі Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў вёсцы Веснава Глускага раёна.
Яго Праасвяшчэнству саслужылі клірыкі Бабруйскай, Мінскай, Слуцкай, Барысаўскай і Гомельскай епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы.
На богаслужэнні прысутнічалі старшыня Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка, дырэктар Веснаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Вячаслаў Клімовіч, прадстаўнікі ірландскага Фонду дапамогі дзецям Чарнобыля, старшыня праўлення МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» святар Святаслаў Рагальскі і калектыў тэатра-студыі «Батлейка» з кіраўніком Лізаветай Ліпай.
Па заканчэнні богаслужэння епіскап Серафім звярнуўся да багамольцаў з архіпастырскім словам, у якім павіншаваў кіраўніцтва, выхаванцаў дома-інтэрната і гасцей з асвячэннем новага праваслаўнага храма, пажадаў усім прысутным малітоўнага заступніцтва свяціцеля Патрыкія.
Пасля богаслужэння ў актавай зале дома-інтэрната адбыўся святочны ранішнік з лялечным спектаклем, прадстаўленым тэатрам-студыяй «Батлейка» Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра.
Свяціцель Патрыкій больш вядомы як Святы Патрык. Хоць пры нараджэнні ён насіў зусім іншае імя. Будучы місіянер нарадзіўся ў канцы чацвёртага стагоддзя ў Брытаніі ў шляхетнай кельцкай сям'і. Хлопчыка назвалі Магон. Яго род займаў высокае становішча пры заваёўніках-рымлянах. Бацькі Магона былі хрысціянамі і хрысцілі сына, але ён заставаўся далёкім ад веры. Хлопчык не ведаў ні ў чым адмовы, вёў бестурботнае і разгульнае жыццё. Калі яму было шаснаццаць, на радавы маёнтак бацькоў Магона напалі ірландскія піраты. Магона захапілі ў палон і прадалі ў рабства. Куражачыся над шляхетным брытанцам, гаспадар даў яму мянушку «Патрыкій», Гэта значыць «патрыцый», вяльможа. Перажыць усе нягоды і прыніжэніні Патрыку дапамагла малітва. Шэсць гадоў правёў ён у Ірландыі. Але гэта былі не толькі гады пакут, але і час духоўнага росту і прадстаяння перад Богам. А потым Патрык адважыўся на ўцёкі. Ён здабыў свабоду, але пакінуў сабе імя раба. Кожны дзень яно нагадвала Патрыку пра тое, які цуд стварыў з яго жыццём Хрыстос. У чатырыста трыццаць другім годзе Патрыку было адкрыццё ад Бога — вярнуцца ў Ірландыю з пропаведдзю евангельскага дабравесця. Гэта было цяжкае рашэнне, але Патрык выканаў наканаванае. Бо па яго ўласных словах, «Бог даўно ўжо перамог ува мне». Шэсць гадоў ён быў у Ірландыі рабом, а потым шэсцьдзесят гадоў прапаведаваў гэтай зямлі Хрыста.
У сучаснай Ірландыі горача шануюць свяціцеля Патрыкія як свайго галоўнага абаронцу — святосу прысвечана больш за 200 цэркваў. Яго шанаванне шырока распаўсюджана і па ўсім Захадзе.