У Гомелі прайшла канферэнцыя «Традыцыі міласэрнасці і дабрачыннасці ў Царкве і грамадстве»
10 красавіка 2019Канферэнцыя «Традыцыі міласэрнасці і дабрачыннасці ў Царкве і грамадстве», прысвечаная апошняй гомельскай княгіні Ірыне Іванаўне Паскевіч, адбылася па благаславенню архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана.
Ірына Іванаўна, па ўспамінах старажылаў — «наша княгінюшка», для Гомеля і па гэты дзень застаецца чалавекам-легендай. Цёплы вясновы дзень, заліты сонцам, стары княскі парк, сцены і калоны кафедральнага сабора лепш за ўсё спрыялі размове пра тую хрысціянскую дабрадзейнасць, якой славілася Ірына Іванаўна.
Канферэнцыя пачалася з малітвы ля скульптурнага малюнка княгіні, усталяванага ў Петра-Паўлаўскім саборы, прыкладна ў тым месцы, дзе калісьці, паводле паданняў старажылаў, яна была пахавана 14 красавіка 1925 года. Дакладнага сведчання аб месцы яе пахавання да гэтага часу не знойдзена.
Адкрыўшы канферэнцыю, старшыня царкоўна-гістарычнай камісіі Гомельскай епархіі архімандрыт Амвросій перадаў усім прывітанне ўладыкі Сцяфана і пажадаў змястоўнай і грунтоўнай размовы.
Канферэнцыя пачалася з апявядання загадчыцы мастацкага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Таццяны Літвінавай пра дзейнасць Ірыны Паскевіч. Як падкрэсліла дакладчыца, сацыяльная актыўнасць для княгіні была ажыццяўленнем натуральнага імкнення хрысціяніна збудаваць грамадскія адносіны ў адпаведнасці з евангельскімі запаведзямі.
Даклад Наталлі Аўчаровай, прадстаўніцы Ціханаўскага брацтва з Варонежа, быў прысвечаны традыцыям міласэрнасці і дабрачыннасці ў Крыжаўздзвіжанскім брацтве Чарнігаўскай губерні, заснаваным буйным памешчыкам Мікалаем Няплюевым. У дакладзе была абазначана праблема бессістэмнай дабрачыннасці, якая разбэшчвае чалавека. На думку Мікалая Няплюева, толькі хрысціянскае братэрства можа даць чалавеку падставу для змены жыцця, тады як знешняя дапамога, няхай нават шчырая, накіравана толькі на часовае рашэнне праблем.
Даклад Уладзіміра Лаўрэнава з Цвяры пра дзейнасць доктара Гааза ў Расіі паставіў пытанне аб пазаквнфесійным вымярэнні міласэрнасці, аб універсальнасці дыяканічнага служэння. Калі прага служэння бліжняму нараджаецца з евангельскага прызыву, то вядомы тэзіс «адзін у полі не воін» губляе сваю фатальнцю ўласцівасць і свет вакол такога духаноснага чалавека пачынае змяняцца.
Гэтая тэма была арганічна працягнута ў дакладзе Ірыны Гаўрылінай пра досвед Маці Марыі (Скабцовай) у стварэнні дабрачыннага таварыства «Праваслаўная справа», якое адыграла велізарную ролю ў дапамозе бяздольным і роспачным рускім эмігрантам, якія апынуліся ў вельмі цяжкіх умовах.
Яшчэ адна госця з Цвяры, Марыя Лаўрэнава, распавяла пра цікавы і ўнікальным для Расіі канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя вопыт догляду разумова адсталых дзяцей і іх адукацыю, які меў месца ў брацтве Царыцы Нябеснай у Санкт-Пецярбургу. Цудоўнае вылячэнне хлопчыка паслужыла пачаткам цэлага царкоўнага руху па рэабілітацыі і сацыялізацыі дзяцей з абмежаваннямі інтэлектуальнага развіцця.
Завяршыў канферэнцыю даклад Андрэя Скідана пра брацкую пахавальную традыцыю, характэрную для сярэднявечных царкоўных і цэхавых брацтваў Рэчы Паспалітай і сустраканай паўсюдна яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя ўжо як элемент брацкага жыцця. Гэтая рыса брацкай дабрачыннасці сведчыць пра адзіную прастору жыцця, дзе існуе апека і ўзаемадапамога, так неабходныя сучаснаму грамадству.
Працу форуму значна ажывіў актыўны ўдзел прадстаўніц сястрыцтваў міласэрнасці з Гомеля, Рэчыцы, Рагачова і акармляючых іх святароў. Ідэя, што нават адзін духаносны чалавек, які выконвае волю Божую і евангельскія запаведзі, можа змяніць рэальнасць у лепшы кірунак, стала лейтматывам сустрэчы.