У Гомельскай епархіі на тэрыторыі былога Макар'еўскага манастыра адбыліся хрэсны ход і Бажэственная літургія пад адкрытым небам
08 мая 20218 мая 2021 года ў Гомельскай епархіі на тэрыторыі былога Макар'еўскага манастыра адбыліся хрэсны ход і Бажэственная літургія пад адкрытым небам.
Урачыстасці прымеркаваны да дня памяці свяшчэннамучаніка Макарыя, мітрапаліта Кіеўскага, у гонар якога быў асвячоны разбураны манастыр. Дзень памяці свяшчэннамучаніка Макарыя здзяйсняецца 14 мая, але ў Гомельскай епархіі паводле рашэння Епархіяльнай Рады яго святкуюць напярэдадні ў суботу, каб свята маглі наведаць у выхадны дзень усе жадаючыя.
Высокапраасвяшчэннейшы Сцяфан, архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі, і Праасвяшчэннейшы Амвросій, епіскап Светлагорскі, вікарый Гомельскай епархіі, у саслужэнні духавенства Гомельскай епархіі здзейснілі Бажэственную літургію, якой папярэднічаў хрэсны ход да месца былога Макарўеўскага манастыра.
За набажэнствам маліліся ігуменні манастыроў Гомельскай епархіі: Іаана (Ярэц) з сёстрамі Успенскага жаночага манастыра ў вёсцы Казімірава, Вера (Афонькіна) з сёстрамі Ціхвінскага жаночага манастыра ў горадзе Гомелі і сёстры Іаана-Кармянскага жаночага манастыра ў вёсцы Карма.
Пропаведзь пасля запрычаснага сціха прамовіў настаяцель храма свяшчэннамучаніка Аляксія Лельчыцкага ў горадзе Гомелі протаіерэй Аляксандр Лапушанскі.
За набажэнствам былі ўзнесены асаблівыя малітоўныя прашэнні аб дараванні міру беларускаму народу і аб спыненні распаўсюджвання шкоднай павевы.
Па заканчэнні богаслужэння да прысутных звярнуўся архіепіскап Гомельскі і Жлобінскі Сцяфан. У сваім звароце ўладыка адзначыў: «Калісьці, тут быў вялікі манастыр, у якім гарэла яркім агнём свечка хрысціянскай веры, у якім цякло жыццё і была сувязь з Богам. Наша місія, як сапраўдных вернікаў, ніколі не забываць пра мінулае гэтага месца. Сёння мы аддаём даніну памяці не толькі гэтаму храму, але і свяціцелю Макарыю Кіеўскаму, які пад катаваннямі не здаўся ворагу і панёс мучаніцкую смерць».
Таксама Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка ўзнёс малітву свяшчэннамучаніку Макарыю Кіеўскаму, павіншаваў усіх прычастнікам з прыняццем Хрыстовых Тайн і ў памяць аб гэтым дні раздаў усім вернікам абразкі.
Свяшчэннамучанік Макарый, мітрапаліт Кіеўскі, жыў у 15 стагоддзі і прыкладаў вялікія намаганні для ўмацавання праваслаўнай веры і абароны правоў вернікаў ад лацінян. У той час Кіеў пастаянна падвяргаўся набегам крымскіх татар, таму мітрапаліты пражывалі ў Вільні. Нягледзячы на небяспеку, мітрапаліт Макарый адправіўся ў Кіеў, каб падтрымаць сваю паству. Па дарозе ён спыніўся ў цяпер беларускай вёсцы Скрыгалаў, дзе падчас набажэнства быў забіты татарамі. Цела свяціцеля вернікі перавезлі ў Кіеўскі храм Святой Сафіі, дзе яно праславілася цудамі.