Навігатар: Навіны / Анонсы / Епархіі

У горадзе Мінску адкрыўся штогадовы праваслаўны фестываль «Радасць»

02 кастрычніка 2021

4.jpg

2 кастрычніка 2021 года ў горадзе Мінску адкрыўся штогадовы праваслаўны фестываль «Радасць», прысвечаны святу Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дню маці.

Фестываль праводзяць Свята-Лізавецінскі жаночы манастыр горада Мінска і сястрыцтва ў гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Фестываль «Радасць» — гэта магчымасць асабіста пагутарыць з людзьмі самых розных прафесій і захапленняў, якіх аб'ядноўвае вера. Тут кажуць пра тое, што хвалюе кожнага. Тэмы сустрэч і гутарак закранаюць пытанні, актуальныя для бацькоў і дзяцей, моладзі і старэйшага пакалення, людзей розных прафесій. Сярод гасцей «Радасці» будуць святары, манахіні, урачы, псіхолагі, мастакі, педагогі.

У нефармальнай абстаноўцы фестывалю «Радасць» наведвальнікі змогуць паслухаць гутаркі і задаць пытанні духаўніку Свята-Лізавецінскага манастыра протаіерэю Андрэю Лемяшонку, клірыкам і сёстрам абіцелі, настаяцелям іншых храмаў Мінска, вядомым людзям.

Манахіня Марыя (Літвінава) раскажа аб тым, як перамагчы роспач і знайсці радасць у жыцці. Маці Марыя — кандыдат медыцынскіх навук, таму на сустрэчах з ёй таксама будуць закранацца тэмы лячэння розных захворванняў.

Старшыня Сінадальнага аддзела па царкоўнай дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма ў гонар іконы Божай Маці «Усецарыца» горада Мінска протаіерэй Кірыл Шолкаў вядомы тым, што дапамагае людзям з анкалагічнымі захворваннямі. Ён будзе расказваць аб сваім служэнні і аб тым, як перажыць гэтую складаную хваробу.

На сустрэчу з інакіняй Нінай (Загорскай) запрашаюцца пажылыя людзі. Гутарка будзе пра плюсы шаноўнага ўзросту.

Тэма правільных зносін з падлеткамі заўсёды актуальная, і аб ёй раскажа псіхолаг Кацярына Шавялёва, а айцец Сергій Маўсясян — аб выхаванні дзяцей і моладзі ва ўмовах лічбавага асяроддзя.

Аб залежнасцях і пра тое, як правільна дапамагчы людзям, якія пакутуюць ад гэтага, размова з каардынатарам групы ўзаемадапамогі Таццянай Сідарэнка і магістрам багаслоўя Антонам Сідарэнкам.

Аб пытаннях духоўнага жыцця можна будзе пагаварыць са святарамі. Пра тое, для чаго мы жывем і паміраем, раскажа айцец Сергій Фалей; пра выгоды гэтага свету і пра тое, якія падарункі мы можам атрымаць ад Бога, — айцец Аляксандр Насека; пра тое, што перашкаджае нам стаць шчаслівымі, — айцец Віталь Малішэўскі; пра тое, для чаго нам трэба маліцца і як лепш гэта рабіць, — айцец Радзівон Альховік.

Спецыяльнымі гасцямі фестывалю стануць вядомы расійскі ўрач-псіхатэрапеўт Вячаслаў Бароўскіх, прадзюсер і спявачка Вікторыя Макарская.

Доктар Вячаслаў Бароўскіх лечыць залежнасці і неўрозы. Ён распрацаваў метад псіхатэрапіі, у аснову якога пакладзены хрысціянская антрапалогія і святаайцоўская традыцыя. Тэма гутаркі: «Зберагчы нашых дзяцей ад пастак сучаснага свету».

На сустрэчы з прадзюсарам і спявачкай Вікторыяй Макарскай гаворка пойдзе аб сямейных адносінах і выхаванні дзяцей, аб жаноцкасці і доглядзе за сабой, пра творчасць і пакліканні.

Маленькіх гасцей, як заўсёды, чакае мноства творчых сюрпрызаў. Тут можна будзе танцаваць і маляваць, зрабіць кармушкі і букеты з лісця, паглядзець спектаклі і самім змайстраваць лялькі, заняцца бісера- і ніткапляценнем, зрабіць для мам паштоўкі і мілыя падарункі.

Мамы і таты таксама змогуць займацца разам з дзецьмі творчасцю і ўдзельнічаць у душэўных вячорках, дзе запрошаныя госці — шматдзетныя бацькі — раскажуць пра ўласны вопыт выхавання дзяцей.

У рамках фестывалю будзе працаваць вялікая выстава-кірмаш, дзе свае вырабы прадставяць манастыры, храмы і рамеснікі з васьмі краін. Тут можна будзе ўбачыць і набыць іконы з каменя і рэдкія кнігі, падарункі і сувеніры, вопратку і экалагічныя прадукты і многае іншае.

Усіх жадаючых запрашаюць паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі і дапамагчы насельнікам Пухавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Выканаць мару і жаданне іншага чалавека, які мае патрэбу ў нашым цяпле, ці нават напісаць некалькі цёплых слоў — зусім не цяжка, але так важна для ўсіх.

Фестываль будзе праходзіць да 14 кастрычніка ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода на вуліцы Даўгабродская, 24, побач з метро «Трактарны завод». Час працы: з 10:00 да 20:00.

З падрабязнай праграмай фестывалю можна азнаёміцца тут

Church.by