У Гродне прайшоў навукова-практычны семінар для настаяцеляў храмаў, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў

05 кастрычніка 2021

top.jpg

4 кастрычніка 2021 года ў царкоўна-прыходскім доме Пакроўскага кафедральнага сабора горада Гродна адбыўся епархіяльны навукова-практычны семінар для настаяцеляў храмаў, якія маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З прывітальным словам на семінары выступіў архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.

Ініцыятыва Гродзенскай епархіі ў правядзенні такога мерапрыемства была падтрымана Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Храмы — адзіная катэгорыя аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў нашай краіне, якая захавала першапачатковую функцыю будынкаў, таму неабходна разумна сумясціць захаванне гісторыка-культурнай каштоўнасці і паўсядзённае жыццё парафіі.

Архіепіскап Антоній у сваім выступленні звярнуў увагу прысутных на ўнікальныя помнікі дойлідства, размешчаныя на тэрыторыі епархіі. Бо Гродзенская епархія — адзіная ў межах Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая валодае трыма храмамі вышэйшай катэгорыі каштоўнасці, прадстаўленымі ў папярэднім спісе Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Рэспублікі Беларусь. Агульная колькасць храмаў у епархіі, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, — 27. 2/3 з іх размешчаны ў сельскай мясцовасці, што накладае дадатковы цяжар на небагатыя прыходы, колькасць якіх памяншаецца з кожным годам у сувязі з урбанізацыяй.

З дакладам, які тлумачыць аспекты дзеючага заканадаўства і працэдуру ўзгаднення праектнай дакументацыі на правядзенне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб'ектах спадчыны, выступіла Святлана Краюшкіна, намеснік начальніка аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.

Алена Счасная, галоўны архітэктар праектаў УП «Інстытут Гроднаграмадзянпраект», закранула пытанні распрацоўкі і складу праектнай дакументацыі для розных відаў работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях, неабходнасці праходжання экспертызы і прыярытэту ахоўнага заканадаўства перад агульнабудаўнічымі нормамі, уключаючы супрацьпажарныя мерапрыемствы.

Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» Сяргей Піваварчык распавёў аб відах археалагічнай спадчыны згодна з дзеючым заканадаўствам, працэдуры правядзення археалагічнага нагляду пры правядзенні будаўнічых і земляных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці i прылеглай да яе тэрыторыі.

У сувязі з тэндэнцыяй па ўвекавечанню памяці выдатных падзвіжнікаў, якая намецілася ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, неабходна ведаць адрозненні ва ўзгадненні манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай скульптуры, уключаючы ўстаноўку мемарыяльных і памятных дошак на фасадах і ўнутры храмаў, якія з'яўляюцца аб'ектамі спадчыны. Марыя Нецвятаева, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва, начальнік упраўлення прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры, падрабязна патлумачыла састаў адміністрацыйных працэдур пры распрацоўцы і ўзгадненні рознага віду скульптуры.

Аб афармленні ўстаноўленых ахоўным заканадаўствам дакументаў для ўладальніка (карыстальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці на мясцовым узроўні распавяла галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама Наталля Пасюта.

У епархіяльным семінары таксама прынялі ўдзел галоўны спецыяліст упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аксана Коханава і кіраўнік епархіяльнага аддзела па будаўніцтву і рэстаўрацыі протаіерэй Анатоль Ненартовіч.

Гродзенская епархія/Church.by