У Гродне адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная гісторыі манастыра Нараджэння Багародзіцы
20 верасня 2017У 2017 годзе спаўняецца 25 гадоў з дня адраджэння Гродзенскага жаночага стаўрапігіяльнага манастыра Нараджэння Багародзіцы. Чвэрць стагоддзя абіцель узначальвае ігумення Гаўрыіла (Глухава). Працамі матухны і сясцёр старажытны манастыр, у будынках якога ў савецкія часы размяшчаўся музей атэізму, здабыў новае жыццё, стаўшы адным з духоўных цэнтраў Гродна. Пры манастыры працуе нядзельная школа, дзейнічаюць сястрыцтва і моладзевая група «Міраносіцы». Манастыр рэгулярна праводзіць дабрачынныя акцыі, накіраваныя на дапамогу людзям з абмежаваннямі, дзецям-сіротам, шматдзетным і маламаёмным сем'ям. Заслугі ігуменні Гаўрыілы ў 2013 годзе былі адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».
Урачыстасці з нагоды знамянальнай даты пачаліся 19 верасня навуковай канферэнцыяй у Гродзенскім абласным метадычным цэнтры.
Прывітальны адрас мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, агучыў епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Ад імя рэгіянальнай улады прысутных вітаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі.
З дакладамі на канферэнцыі выступілі: прафесар Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэй Сергій Гардун, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі Валянціна Цяплова, старшы навуковы супрацоўнік Праваслаўнага Свята-Ціханоўскага гуманітарнага ўніверсітэта (Масква) Лідзія Галаўкова і іншыя прадстаўнікі царкоўнай навукі.
На канферэнцыі прысутнічалі студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, педагогі, кадэты, гімназісты.
Усе прысутныя адзначылі важнасць і неабходнасць такіх мерапрыемстваў, якія служаць ўмацаванню духоўна-маральных пачаткаў грамадства.
Завяршылася канферэнцыя выступленнем майстроў мастацтваў Гродзеншчыны.
***
Гродзенскі жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы заснаваны ў першай палове XVII стагоддзя пры Прычысценскім саборным храме, збудаваным у XII стагоддзі. Пазней старажытны храм згарэў, а манастырскія будынкі неаднаразова перабудоўваліся. У 1960 годзе ўласнасць манастыра была экспрапрыявана ўладамі, насельніцы былі пераведзены ў Жыровіцкі манастыр. У 1977 годзе комплекс манастырскіх будынкаў перадалі Рэспубліканскаму музею атэізму і рэлігіі. У 1992-1995 гадах будынкі манастыра былі вернуты Праваслаўнай Царкве. Комплекс манастыра ўяўляе сабой ўзор позняга барока і ўключае саборны храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, храм прападобнага Сергія Раданежскага, жылы і гаспадарчы корпусы, капліцу. Галоўныя святыні манастыра — шануемая копія Уладзімірскай іконы Божай Маці і міратачывы абраз прападобнага Сергія Раданежскага.