У выдавецтве Мінскай духоўнай семінарыі выйшла новая кніга аб старажытным перыядзе гісторыі Жыровіцкага манастыра

19 мая 2020

z_cover_mini1.jpg

У выдавецтве Мінскай духоўнай семінарыі выйшла кніга «Міласці крыніца: Жыровіцкая цудатворная ікона Божай Маці і Жыровіцкая Успенская абіцель у 1470-1618 гг.». Яе аўтар — протадыякан Павел Бубноў, старшы выкладчык кафедры царкоўнай гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін Мінскай духоўнай акадэміі, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі, кандыдат багаслоўя. Кніга прысвячаецца 550-годдзю першага знойдзення Жыровіцкага абраза і 500-годдзя яўлення Божай Маці на камені і заснавання Жыровіцкага манастыра.

Стварэнню тэксту кнігі папярэднічалі шматгадовыя пошукі крыніц старажытнага перыяду гісторыі Жыровіцкай абіцелі ў архівах і бібліятэках Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, Францыі. Былі вывучаны сотні навуковых публікацый, праведзены кансультацыі з дзесяткамі спецыялістаў у розных галінах навуковых ведаў. У выніку скрупулёзнага навуковага даследавання былі атрыманы новыя звесткі, удакладнены і дапоўнены раней вядомыя дадзеныя. Дзякуючы гэтаму ў кнізе атрымалася ўзнавіць асноўныя вехі жыццёвага шляху заснавальніка першага Жыровіцкага храма — Солтана Аляксандравіча, вядомага ў папулярнай літаратуры як Аляксандр Солтан, і прасачыць на падставе гістарычных дакументаў яго ўдзел у богаслужэбным жыцці заснаванага ім на месцы з'яўлення цудатворнага абраза храма.

Асобная ўвага надаецца пытанню аб пачатку манаскага жыцця ў Жыровічах і дзейнасці нашчадкаў Солтана Аляксандравіча па добраўпарадкаванню царкоўнага жыцця ў Жыровічах.

Па-новаму паўстае ў кнізе працэс адбірання ў праваслаўных апекуноў Жыровіцкага манастыра і ўзнікненне ў Жыровічах базыльянскай манаскай абшчыны ў пачатку XVII стагоддзя.

Аўтар таксама звяртае ўвагу чытачоў на шырокі кантэкст таго, як шанавалася Найсвяцейшая Багародзіца на беларускіх землях з часу Хрышчэння Русі, якія старажытныя храмы будаваліся ў гонар Прачыстай, якія цудатворныя абразы явіла Божая Маці нашым продкам.

У дадатках чытачы знойдуць найбольш цікавыя дакументы, а таксама нарыс пра тое, як вывучалася і асвятлялася гісторыя Жыровіцкага манастыра ў XVII — XXI стагоддзях. У гэтым нарысе развенчваюцца сталыя міфы, выкрываюцца міжвольныя памылкі і наўмысныя скажэнні фактаў папярэднімі пакаленнямі даследчыкаў.

Асобны нарыс прысвечаны тэме «Жыровічы або Жыровіцы?» У ім тлумачыцца паходжанне абодвух варыянтаў напісання і старажытнасць кожнага з іх.

Кніга багата ілюстравана малюнкамі ўнікальных старажытных дакументаў, фрагментаў рукапісных богаслужэбных кніг, прыжыццёвымі партрэтамі гістарычных персанажаў, а таксама сучаснымі фатаграфіямі Жыровічаў з вышыні птушынага палёту.

Нягледзячы на тое, што кніга з'яўляецца плёнам царкоўна-гістарычнага навуковага даследавання, яна напісана простай мовай, арыентавана на простага чытача. Аўтар з сардэчнай цеплынёй і шчырым натхненнем дзеліцца сваімі адкрыццямі, запрашаючы ў займальнае гістарычнае падарожжа.

Church.by