У кнізе XVI стагоддзя знойдзены першапачатковы кандак прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму
04 лістапада 2020Рэдкі выпадак: намаганнямі даследчыкаў знойдзены сярэднявечны кандак святому XIII стагоддзя — тэкст, пра які раней нічога не было вядома. Аб знаходцы абвешчана на навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў кастрычніку ў Санкт-Пецярбургу. Гаворка ідзе аб знойдзенні кандака прападобнаму Елісею, ігумену Лаўрышаўскаму, памяць якога адзначаецца 5 лістапада.
Гэтае песнапенне было складзена, верагодна, у Лаўрышаўскім манастыры (Навагрудская епархія) у XIV-XV стагоддзях, калі ў народзе пачалося шанаванне ігумена. У 1514 годзе Елісей Лаўрышаўскі быў прылічаны да ліку святых на Віленскім праваслаўным саборы. Кандак знойдзены ў рукапіснай кнізе «Устаў Іерусалімскі», напісанай на царкоўнаславянскай мове, якая захоўваецца ў Музеі Сербскай Праваслаўнай Царквы ў Заграбе — сталіцы Харватыі.
Першым на гэтую кнігу звярнуў увагу яшчэ ў 1970 годзе расійска-югаслаўскі навуковец, доктар гістарычных навук, прафесар, протаіерэй Уладзімір Аляксеевіч Мошын (ураджэнец Санкт-Пецярбурга, 1894 — 1987). Ён вызначыў, што кніга створана ў апошняй чвэрці XVI стагоддзя ў Вялікім княстве Літоўскім, і апублікаваў яе кароткае апісанне. У 1990 годзе звесткі аб кнізе апублікавала група даследчыкаў. У гэтых апісаннях яшчэ не згадваўся кандак прападобнаму Елісею, але кніга стала вядомай для навукі.
У 2012 годзе да даследавання рукапісу прыступіла Жанна Леанідаўна Леўшына — вядучы бібліятэкар сектара старажытнарускіх фондаў аддзела рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (РНБ, Санкт-Пецярбург). Праца вялася ў ходзе ажыццяўлення праекта «Літургічная спадчына Праваслаўнай Царквы». Кіраўнік праекта — Алег Валер'евіч Лада, супрацоўнік аддзела рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (Масква), абгрунтаваў неабходнасць стараннага вывучэння месяцаслова, які змяшчаецца ў заграбскім рукапісе.
Пры разборы тэкстаў месяцаслова пад датай 23 кастрычніка (5 лістапада па новым стылі) Жанна Леўшына выявіла запіс памяці Елісея Лаўрышаўскага, а ў запісе — невядомы да гэтага кандак. Калісьці, па няяснай пакуль прычыне, ён быў згублены, таму ў XX стагоддзі быў складзены новы кандак — прападобным Елісею і Лаўрэнцію. У якасці трапара ў памяці запісаны трапар ўсім прападобным.
Гістарыяграфічная каштоўнасць знойдзенага тэксту заключаецца, у прыватнасці, у тым, што ён сведчыць пра прападобнага Елісея як заснавальніка Лаўрышаўскага манастыра на 60-70 гадоў раней, чым адзіны захаваны пераказ жыція, надрукаваны ў 1650 годзе.
Цяпер вынікі даследавання рыхтуюцца да друку ў «Беларускім зборніку», які выпускаецца РНБ. Пасля дакладнага ўзнаўлення ў гэтым навуковым выданні тэкст песнапення стане даступны для шырокай публікацыі. 30 кастрычніка рэдактарамі аддзела рукапісаў РНБ падрыхтаваны тэкст кандака для богаслужэбнага выкарыстання, перададзены ў Лаўрышаўскі манастыр.
На здымку: фрагмент адной са старонак «Устава Іерусалімскага». Фота з даклада на канферэнцыі ў Санкт-Пецярбургу.
Т. В. Маслюкоў, археолаг, магістр гістарычных навук