У Лаўрышаўскім манастыры адкрылася экалагічная сцежка «Праз стварэнне да Творцы»
25 верасня 202019 верасня ў Елісееўскім Лаўрышаўскім мужчынскім манастыры адбылося адкрыццё экалагічнай сцежкі «Праз стварэнне да Творцы», створанай дзякуючы сумесным намаганням манастыра і накірунку «Чалавек і стварэнне» ўстановы «Цэнтр экалагічных рашэнняў» пры падтрымцы рабочай групы Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве з Мінпрыроды і ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Прэзентацыя сцежкі была прымеркавана да перыяду малітвы аб Божым стварэнні, які ў Праваслаўнай Царкве прыпадае на вераснёўскія дні.
Маршрут экалагічнай сцежкі «Праз стварэнне да Творцы», працягласцю каля 1 кіламетра, створаны з мэтай экалагічнай адукацыі і выхавання навучэнцаў як агульнаадукацыйных, так і нядзельных школ, паломнікаў і ўсіх, хто наведвае манастыр.
Перад адкрыццём сцежкі на беразе ракі Нёман адбыўся малебен, які ўзначаліў намеснік манастыра ігумен Яўсевій (Цюхлоў).
— Калі мы здолеем наладзіць свае адносіны са стварэннем — значыць, зможам наладзіць і сваё стаўленне да Творцы. Усё, што мы засейваем ў розуме і сэрцах людзей, яно будзе мець працяг. Вы навучыце дзяцей беражліва ставіцца да прыроды, да навакольнага асяроддзя, у сваю чаргу, яны навучаць сваіх дзяцей, і гэта будзе жыць вечна, — падкрэсліў у пропаведзі пасля малебна ігумен Яўсевій.
Удзел у мерапрыемстве таксама прыняла начальнік Галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Таццяна Кананчук, якая адзначыла:
— Экалагічная сцежка — гэта вельмі важны момант у асвеце насельніцтва. Гэта не проста інфармацыя на інфармацыйных шчытах, гэта інфармацыя пра тое, чым мы дыхаем, што нас акружае. У навакольным асяроддзі ўсё ўзаемазвязана, і тут нельга вылучыць, што важней. І невыпадкова апошнім часам менавіта ў такіх святых месцах мы адкрываем экалагічныя сцежкі. Менавіта тут, на шляху да храма, пераасэнсоўваюцца многія рэчы.
Дырэктар Цэнтра экалагічных рашэнняў Яўген Лабанаў распавёў, што праграма «Царква і ахова навакольнага асяроддзя» працуе ў Беларусі ўжо на працягу 6 гадоў і, з пункту гледжання прыроднага асяроддзя, Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр знаходзіцца ў дзіўным месцы. Манастыр абгінаецца ракой Нёман, сасновы лес, выдма, луг, сажалка — усе гэтыя біятопы можна знайсці на невялікай тэрыторыі каля манастыра. Адной з асноўных тэм экалагічнай сцежкі з'яўляецца клопат аб водных рэсурсах Беларусі, у прыватнасці, аб басейне ракі Нёман.
Першымі гасцямі экалагічнага маршруту сталі прыхаджане манастыра, мясцовыя жыхары, настаўнікі школ Навагрудскага раёна, а таксама студэнты і выкладчыкі Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і іншыя госці з Мінска. Першую экскурсію правёў адзін з арганізатараў сцежкі, супрацоўнік Цэнтра экалагічных рашэнняў Сяргей Юшкевіч.
Сцежка абсталявана інфармацыйнымі стэндамі з падрабязным апісаннем мясцовай флоры і фауны, экалагічнымі парадамі і рэкамендацыямі, багаслоўскімі разважаннямі пра стаўленне чалавека да стварэння Божага. Усяго на экалагічнай сцежцы ўстаноўлена 35 інфармацыйных стэндаў, створаных пры падтрымцы Кааліцыі Чыстая Балтыка (за кошт сродкаў Шведскага агенцтва па міжнародным супрацоўніцтве).
Пасля экскурсіі адбыўся кароткі семінар пра спосабы выкарыстання экалагічнай сцежкі ў адукацыйных мэтах. Манастыр актыўна супрацоўнічае са школамі Навагрудскага раёна і плануе арганізоўваць для навучэнцаў спецыяльныя царкоўна-экалагічныя экскурсіі. Гэта ўжо трэцяя экалагічная сцежка, арганізаваная сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Цэнтра экалагічных рашэнняў пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і адкрытая на царкоўнай тэрыторыі. Першая сцежка была створана ў 2016 годзе на тэрыторыі парафіі ў гонар свяціцеля Мікалая Японскага ў Мінску, другая — у 2019 годзе пры храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Богіна Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.