У Мінску пачаў працу двухдзённы семінар «Актуальныя трэнды сямейна-дэмаграфічнага развіцця: прычынна-выніковыя сувязі»

08 кастрычніка 2021

top.jpg

8 кастрычніка 2021 года ў горадзе Мінску завяршыўся першы дзень працы двухдзённага семінара на тэму «Актуальныя трэнды сямейна-дэмаграфічнага развіцця: прычынна-выніковыя сувязі».

Ён праводзіцца з мэтай пазіцыянавання сям'і як асноўнага сацыяльнага інстытута ў грамадскай свядомасці і складніка дэмаграфічнага дабрабыту краіны, актуалізацыі тэмы традыцыйных сямейных каштоўнасцяў у маладзёжным асяроддзі.

Арганізатарамі семінара выступаюць Сінадальны аддзел па справах моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы і Дабрачынны фонд падтрымкі сям'і, мацярынства і дзяцінства «Пакроў».

У рамках семінара работнікі ўстаноў адукацыі, якія займаюцца выхаваннем дзяцей і моладзі, і памочнікі благачынных па справах моладзі БПЦ праходзяць навучанне па тэме актуальных трэндаў сямейна-дэмаграфічнага развіцця. Разглядаюцца прычынна-выніковыя сувязі ўзнікаючых праблем і выклікі цяперашняга часу.

Прывітальнае слова мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, зачытаў удзельнікам семінара выконваючы абавязкі старшыні Сінадальнага аддзела па справах моладзі БПЦ іерэй Дзмітрый Баўкуновіч.

«Маладых людзей заўсёды цікавіла пытанне, што такое хрысціянская сям'я і шлюб. У цяперашні час гэтае паняцце досыць цяжка асэнсоўваецца ў штодзённым жыцці. Мы бачым вельмі многіх маладых людзей, якія дэзарыентаваныя ў тым, што яны хочуць убачыць у сваёй сям'і. У іх галовах існуе маса штампаў адносін паміж юнаком і дзяўчынай, на якія яны арыентуюцца. І толькі ў Бібліі мы знаходзім хрысціянскі вобраз любові і шлюбу.

Мэта шлюбу — гэта ўвасабленне хрысціянскай любові. Гэта месца, дзе чалавек прысутнічае па-сапраўднаму і да канца. І рэалізуе сябе як хрысціянін у сваім ахвярным стаўленні адно да аднаго. Пяты раздзел паслання апостала Паўла да Эфесян, які чытаецца падчас Вянчання, утрымлівае той вобраз хрысціянскай сям'і, на які мы павінны арыентавацца. Я перакананы, што дадзены семінар паслужыць для вас добрым арыенцірам у раскрыцці тэмы кахання, сям'і і шчасця», — адзначаецца ў прывітальным слове Патрыяршага Экзарха.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Клішэвіч падкрэсліў неабходнасць падмацоўваць заканадаўчыя ініцыятывы па падтрымцы сямейных каштоўнасцяў «жывымі» грамадскімі праектамі.

Выконваючы абавязкі старшыні Сінадальнага аддзела па справах моладзі БПЦ іерэй Дзмітрый Баўкуновіч падзяліўся вопытам работы з падрастаючым пакаленнем у прыходах Беларусі. «Стварэнне моладзевых цэнтраў, клубаў і брацтваў цесна звязана з дзейнасцю прыходскіх нядзельных школ, выпускнікі якіх становяцца ядром узнікаючых моладзевых аб'яднанняў. Не апошнюю ролю ў іх адукацыі адыграла місіянерская дзейнасць Царквы ў маладзёжным асяроддзі. Моладзевыя брацтвы дзейнічаюць не толькі на базе парафій, але і манастыроў, і іншых царкоўных структур», — праінфармаваў іерэй Дзмітрый Баўкуновіч.

Дырэктар дабрачыннага фонду «Пакроў» Наталля Ярашэвіч у сваім выступленні пазначыла мэту правядзення семінара: «Клопат аб выхаванні моладзі ў духу высокіх маральных ідэалаў, фарміраванні сямейных каштоўнасцяў зноў сабраў разам педагогаў і святароў, прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, кіраўнікоў адукацыі, усіх тых, каму не абыякава наша будучыня. Вельмі важна сёння ствараць асяроддзе, у якім і адбываецца станаўленне асобы чалавека, і супрацьстаяць тым тэндэнцыям, якія траўміруюць душы маладых людзей».

Затым кіраўнік Праект-цэнтра упаўнаважанага пры прэзідэнце РФ па правах дзіцяці, Агенцтва сацыяльна-дэмаграфічнага развіцця, старшыня экспертнага савета Асацыяцыі арганізацый па абароне сям'і Рыгор Сайфулін прадставіў даклад «Актуальныя трэнды сямейна-дэмаграфічнага развіцця, прычынна-выніковыя сувязі, і выклікі: духоўна-маральныя, псіхалагічныя, сацыяльныя, медыцынскія, дэмаграфічныя аспекты. Прынцыпы і прыклады паспяховых сацыяльных практык».

У рамках мерапрыемства праходзіць інтэнсіў-семінар «Любоў. Сям'я. Шчасце» для прадстаўнікоў моладзевых аб'яднанняў БПЦ, навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі, студэнтаў універсітэтаў з усёй краіны. Спікерам выступае Рыгор Сайфулін.

Падводзячы вынікі першага дня работы семінара ён распавёў: «Адчуваецца, што мы блізкія па светаўспрыманню, па духу. Калегі — добрыя спецыялісты, яны разумеюць тое, аб чым мы гаворым. Але тут важна правільна расставіць акцэнты. І ўжо ад гэтых акцэнтаў, ад разумення прычынна-следчых сувязяў тых праблем, якія маюцца, пераходзіць да дзеянняў. Як раз пра дзеянне мы сёння вядзем дыялог. Далей, на сустрэчы з моладзевай групай, мы будзем развіваць тэму ў рамках запланаванага трэнінгу».

Фота: Дабрачынны фонд «Пакроў».

IMG_5223.jpg

sb.by/Church.by