У Мінску адбылося адкрыццё адукацыйнай праграмы «Праваслаўе і пратэстантызм у дыялогу»
05 кастрычніка 20185 кастрычніка ў сценах Мінскай духоўнай акадэміі пачала работу адукацыйная праграма «Праваслаўе і пратэстантызм у дыялогу». Раніцай у акадэмічным храме ў гонар свяціцеля Кірыла Тураўскага адбыўся малебен перад пачаткам добрай справы, які ўзначаліў архімандрыт Сергій (Акімаў), рэктар Мінскай духоўнай акадэміі.
Затым у актавай зале адбылося афіцыйнае адкрыццё праграмы. Іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня праўлення Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя святых Мяфодзія і Кірыла, прадставіў удзельнікаў форуму: архімандрыта Сергія (Акімава), рэктара МінДА; спадара Томаса Крыгера, кіраўніка Інстытута місіі, экуменізму і адказнасці за свет Евангелічнай царквы Вестфаліі (MÖWe); протаіерэя Сергія Гардуна, першага прарэктара Інстытута тэалогіі БДУ; доктара Крысціяна Хамана, прадстаўніка Інстытута міжцаркоўных сувязяў Евангелічнай царквы Вестфаліі; Юрыя Касабуцкага, біскупа-памочніка Мінска-Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі. Таксама ў зале прысутнічалі навучэнцы МінДА, студэнты Інстытута тэалогіі БДУ і госці, якія цікавяцца праблемамі рэлігійнага дыялогу.
Прывітальны адрас мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, зачытаў рэктар МінДА архімандрыт Сергій (Акімаў). У вітанні была выказана ўдзячнасць прадстаўнікам Евангелічнай царквы Вестфаліі за пастаянную падтрымку адукацыйных праектаў Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра, накіраваных на ўмацаванне міжканфесійнага і міжнароднага дыялогу. Персанальная падзяка была выказана спадарыні Анет Куршус, доктару Ульрыху Мёлеру і спадару Томасу Крыгеру.
Таксама было адзначана, што ў свой час шэраг маладых беларускіх тэолагаў прайшоў паспяховую стажыроўку ў вышэйшай царкоўнай школе горада Білефельд, якая ўваходзіць у лік асноўных навуковых цэнтраў Евангелічнай царквы Вестфаліі. Сёння яны з'яўляюцца клірыкамі Беларускай Праваслаўнай Царквы і прымаюць удзел у дадзенай адукацыйнай праграме.
У сваім прывітанні Патрыяршы Экзарх выказаў надзею, што праграма паслужыць узаемнаму ўзбагачэнню яе ўдзельнікаў і дазволіць замежным сябрам далучыцца да прыгажосці, глыбіні і сілы праваслаўнай духоўнай культуры.
На пленарным пасяджэнні з дакладам «Праваслаўе ў Беларусі» выступіў протаіерэй Сергій Гардун. Доктар Крысціян Хоман прачытаў лекцыю «Пратэстантызм у Нямеччыне» і адказаў на пытанні, якія паступілі з залы.
Протадыякан Віталь Дубяга правёў для гасцей экскурсію па Свята-Духову кафедральнаму сабору, падчас якой расказаў пра гісторыю храма і святыні, якія знаходзяцца ў ім: Мінскую ікону Божай Маці і мошчы праведнай княгіні Сафіі Слуцкай.
Пасля абеду нямецкая дэлегацыя наведала бібліятэку і музей Мінскай духоўнай акадэміі. Загадчык кафедры апалагетыкі МінДА Уладзімір Марціновіч азнаёміў замежных гасцей з навучальным і даследчым працэсам у сценах Акадэміі.
Першы дзень праграмы завяршыўся працай у секцыях, якая была прысвечана разуменню духоўнасці ў сучасным пратэстантызме і праваслаўным хрысціянстве.
Адукацыйная праграма «Праваслаўе і пратэстантызм у дыялогу» будзе працягвацьсяда да 8 кастрычніка. На наступныя дні запланавана наведванне Нацыянальнага мастацкага музея, знаёмства з Лізавецінскім манастыром, прыходам святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла, Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам і Інстытутам тэалогіі БДУ, а таксама мемарыяльным комплексам «Малы Трасцянец».
Праграма падрыхтавана Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам імя святых Мяфодзія і Кірыла сумесна з Інстытутам міжцаркоўных сувязяў Вестфаліі ў рамках міжцаркоўнага супрацоўніцтва паміж Беларускай Праваслаўнай Царквой і Евангелічнай царквой Вестфаліі. Сваёй мэтай праграма ставіць больш глыбокае знаёмства з жыццём Праваслаўнай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь, багаслоўскімі навучальнымі ўстановамі і богаслужэбнай традыцыяй.
Фота: Яўген Галалюк, МінДА