У Мінску адбылося ўрачыстае перанясенне шануемага спісу Крупецкай іконы Божай Маці са Свята-Духава кафедральнага сабора для пастаяннага знаходжання ў храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы
20 красавіка 2023Увечары 20 красавіка 2023 года, у чацвер Светлага тыдня, у горадзе Мінску па благаславенню Мітрапаліта Мінскага і Залаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, адбылося ўрачыстае перанясенне самага шануемага на сёння спісу Крупецкай іконы Божай Маці са Свята-Духава кафедральнага сабора на пастаяннае захоўванне ў храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы, дзе ў пачатку XVII стагоддзя быў яўлены першапачатковы вобраз гэтай святыні.
Перад перанясеннем абраза старшыня Прыходскай рады Свята-Духава кафедральнага сабора іерэй Дыянісій Кавалёў у саслужэнні клірыкаў сабора ўзначаліў чытанне акафіста і малебен перад Крупецкай іконай. Пасля хрэснага ходу вакол сабора святыня была прынесена ў Пакроўскі храм, дзе яе сустрэлі настаяцель протаіерэй Віктар Белякоў, клірыкі і шматлікія прыхаджане.
***
Храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў горадзе Мінску размешчаны на праспекце Пераможцаў, на месцы былога сяла Крупцы, якое пасля 1972 года трапіла ў рысу горада. Побач з храмам знаходзіцца гаючая крыніца, дзе ў 1612 годзе на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы быў цудоўна яўлены абраз Божай Маці, які сталі называць Крупецкім. Для гэтага абраза каля крыніцы была ўзведзена драўляная капліца.
Праз крыху больш за 200 гадоў наўзамен струхлелай пабудавалі новую капліцу, а ў 1856-1857 гадах ўзвялі храм у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Праваслаўны люд глыбока шанаваў Крупецкую ікону Божай Маці, Якая сваім покрывам захоўвала усіх, хто прыходзіў да Яе іконы. Старажылы горада Мінска расказваюць, што ў Крупцы па святую ваду прыходзілі нават паломнікі з бліжэйшых дзяржаў.
З 1884 года па благаславенню епіскапа Мінскага і Тураўскага Варлаама (Чарняўскага), у горадзе Мінску здзяйсняўся хрэсны ход з Крупецкай іконай. На зіму святыню прыносілі ў Мінск, у Крыжовую царкву Архіерэйскага дома, а вясной, у свята свяціцеля Мікалая Цудатворца, урачыста вярталі ў Крупцы.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі храм быў разбураны, а абраз згублены. Адраджэнне Пакроўскага прыхода пачалося ў 1992 годзе, калі была асвячана Крупецкая крыніца. У 1998 годзе Свята-Пакроўскі храм быў цалкам адноўлены і стаў адной з найпрыгажэйшых цэркваў Мінска.
Самы шануемы на сёння спіс Крупецкай іконы Божай Маці многія гады захоўваўся ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска. Рашэнне аб перанясенні святыні для пастаяннага знаходжання на месца з'яўлення яе першавобраза было прынята Радай Мінскай епархіі на пасяджэнні ад 24 сакавіка 2023 года.
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,