У Мінскай духоўнай семінарыі адбылася прэзентацыя кнігі протадыякана Андрэя Гарбунова пра праваслаўныя храмы Баранавічаў

05 кастрычніка 2018

top.jpg

5 кастрычніка 2018 года ў актавай зале Мінскай духоўнай семінарыі па благаславенню рэктара архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя адбылася прэзентацыя кнігі протадыякана Андрэя Гарбунова «Гісторыя праваслаўных храмаў горада Баранавічы».

Ці многім вядома, што страстацерпец імператар Мікалай II чатырнаццаць разоў наведваў горад Баранавічы? А тое, што сцены мясцовага Пакроўскага храма ўжо без малога 100 гадоў упрыгожваюць унікальныя мазаікі па эскізах В. М. Васняцова, выратаваныя з велічнага, пад стаць Храму Хрыста Збавіцеля, Аляксандра-Неўскага сабора ў Варшаве, дашчэнту разбуранага ў 1926 годзе?

Такая кароткая гісторыя Баранавічаў, якія ўтварыліся паўтара стагоддзя таму вакол чыгуначнай станцыі, змясціла мноства падзей: Першую сусветную вайну і размяшчэнне ў горадзе Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага, 18-годдзе ў складзе Польшчы і далучэнне населенага пункта ў 1939 годзе да СССР, германскую акупацыю падчас дзвюх сусветных войнаў, узвядзенне і разбурэнне храмаў, адраджэнне царкоўнага жыцця ў канцы XX стагоддзя…

Інфармацыя пра гэта і многае іншае ўтрымліваецца ў кнізе «Гісторыя праваслаўных храмаў горада Баранавічы», напісанай выпускніком Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі протадыяканам Андрэем Гарбуновым. Падчас прэзентацыі аўтар распавёў студэнтам аб выніках сваіх гістарычных пошукаў, падзяліўся вопытам работы з архіўнымі матэрыяламі і заклікаў слухачоў не быць абыякавымі да царкоўнага мінулага сваіх прыходаў.

Вядоўцам прэзентацыі выступіў прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі дацэнт Аляксандр Слесараў.

МінДС / Church.by