У Магілёве адбыліся ўрачыстасці ў гонар Магілёва-Брацкай іконы Божай Маці

02 красавіка 2021

dsc_0598-min.jpg

1 красавіка 2021 года, у дзень святкавання Магілёва-Брацкай іконы Божай Маці, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў Літургію Ранейасвячоных Дароў у Трохсвяціцельскім саборы горада Магілёва.

Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі: сакратар епархіяльнага ўпраўлення, настаяцель Трохсвяціцельскага сабора, протаіерэй Генадзь Пацэвіч і сабор духавенства Магілёўскай епархіі. Дыяканскі чын узначаліў протаіерэй Пётр Жук.

Пропаведзь перад Прычасцем прамовіў іерэй Уладзімір Котаў.

Пасля Бажэственнай літургіі быў адслужаны малебен Божай Маці ў гонар яе абраза Магілёва-Брацкага. Затым уладыка Сафроній павіншаваў магілёўцаў са святам і падаў усім архіпастырскае благаславенне.

Пасля заканчэння набажэнства духавенства і вернікі здзейснілі на аўтамабілях хрэсны ход з Магілёва-Брацкім абразом вакол Магілёва.

Вялікая святыня Падняпроўскага краю — Брацкая ікона Багародзіцы, названая так па найменні Магілёўскага Брацкага Богаяўленскага мужчынскага манастыра, у якім яна знаходзілася да пачатку XX ст.

З'ява і першы цуд, які праславіў гэты абраз, адбыўся 19 сакавіка 1655 года, у дзень святых мучанікаў Хрысанфа і Дарыі, калі па малітве перад іконай, якая выліла слёзы, Багародзіца выратавала гараджан ад аблогі войскаў гетмана Вялікага княства Літоўскага Яна Радзівіла.

Другі раз Божая Маці праславіла свой абраз у 1708 годзе, калі князь Меньшыкаў, будучы ў Магілёве, задумаў адпомсціць жыхарам горада за забойства «маскавіцян» у 1661 годзе. Паводле падання, стоячы ў Богаяўленскім храме перад цудатворным абразом, ён раптам быў павалены на зямлю невядомай сілай і пасля гэтага, застрашаны і збянтэжаны гневам Божым, больш не адважваўся ні ўваходзіць у царкву, ні задумваць спусташэння непакорлівага горада над Дняпром.

У іншыя часы было мноства выпадкаў ацалення перад абразом Прачыстай Дзевы, якія зафіксанаваны ў дакументальных гістарычных сведчаннях.

А ў 1910 г. Божая Маці выратавала ўвесь горад ад знішчэння агнём. Тады загарэлася прадмесце Лупалава, пажар з-за ветру перайшоў у горад і пагражаў Васкрасенскай царкве і Богаяўленскаму манастыру. Магілёўцы вынеслі цудатворны абраз на агорнутыя полымем вуліцы — і вецер, раптам павярнуўшы, пагнаў агонь у зваротным напрамку ад цэнтра горада.

Пасля бязбожнага ліхалецця XX ст. лёс цудатворнай Магілёва-Брацкай святыні невядомы.

Але ў Трохсвяціцельскім кафедральным саборы горада Магілёва знаходзіцца старажытная копія абраза, якая благагавейна шануецца прыхаджанамі, і каля якой рэгулярна здзяйсняецца акафісны спеў Божай Маці.

 Магілёўская епархія/Church.by