У Магілёве адбыўся семінар па праблемах развіцця нядзельных школ
23 студзеня 201721 студзеня 2017 года ў актавай зале Магілёўскага епархіяльнага ўпраўлення адбыўся семінар на тэму «Праблемы развіцця нядзельна-прыходскіх школ». У семінары прынялі ўдзел кіраўнікі і выкладчыкі нядзельных школ горада Магілёва і некалькіх благачынняў епархіі.
З архіпастырскім словам да прысутных звярнуўся епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній, які падкрэсліў, што ў сучасных умовах праца нядзельных школ мае асаблівае значэнне, важнае, як ніколі раней. Архіпастыр нагадаў, што нядзельныя школы закліканы даваць дзецям веды асноў праваслаўнага вучэння і богаслужэння, каб пасля навучання дзеці станавіліся ўцаркоўленымі хрысціянамі і ўжо не схадзілі са шляху духоўнага росту.
Клірык Трохсвяціцельскага сабора горада Магілёва протадыякан Валерый Сімончык, каардынатар дзейнасці нядзельных школ епархіі, гаворачы пра найбольш важныя праблемы, звярнуў увагу на тое, што многія навучэнцы нядзельных школ — гэта дзеці з неўцаркоўленых сем'яў. Нярэдка веды, якія яны атрымліваюць у прыходзе, сутыкаюцца з зусім іншымі традыцыямі ў сем'ях. Бацькі разумеюць, што без Божага маральнага закона іх дзеці не змогуць вырасці добрымі людзьмі, але калі дома дзіця хоча прачытаць малітву ці перахрысціцца перад ежай, — забараняюць яму гэта рабіць, кажучы, што гэта толькі ў храме трэба, а тут, у паўсядзённым жыцці, не абавязкова. Таму такія вучні пасля завяршэння навучання ў нядзельнай школе пры дасягненні падлеткавага ўзросту сыходзяць з Царквы. Каб такога ў сем'ях не было, трэба і бацькоў прыцягваць да працы нядзельных школ аж да сумеснага ці асобнага дарослага навучання.
Айцец Валерый адзначыў, што з аднаго боку, існуе праблема арганізацыі прыходскага жыцця моладзі, якая скончыла навучанне ў нядзельнай школе: «Яны прывыклі прыходзіць у школу па нядзелях, але калі навучанне канчаецца — прыходзіць ім ужо няма куды, там вучацца іншыя дзеці, а толькі адных літургічных зносін ім мала». З іншага боку, не вырашана пытанне аб узроставым цэнзе пры прыёме ў нядзельную школу. Нярэдка атрымліваецца (асабліва гэта актуальна для прыходаў у сельскіх населеных пунктах і райцэнтрах), што фарміруюцца ярка выяўленыя рознаўзроставыя групы, і калі ў іх адначасова дашкольнікі вучацца і падлеткі, то цяжка нават арганізаваць само навучанне, не кажучы ўжо пра далейшую іх занятасць ў прыходзе.
Абмяркоўваючы гэтую праблему, епіскап Сафроній падкрэсліў, што цяпер важна пры кожным прыходзе арганізаваць пастаянную дзейнасць моладзевых брацтваў і аб'яднанняў, каб пасля нядзельнай школы юнакі і дзяўчаты працягвалі быць залучанымі ў жыццё прыхода — у справы дабрачыннасці, краязнаўства, паломніцтва і гэтак далей.
У семінары прынялі ўдзел супрацоўнікі епархіяльнага Духоўна-асветніцкага цэнтра імя свяціцеля Георгія (Каніскага). Кіраўнік цэнтра Сяргей Эдуардавіч Сомаў распавёў прысутным аб структуры ДАЦ (які ўключае епархіяльны вучэбна-метадычны кабінет, бібліятэку, царкоўна-археалагічны кабінет і шэраг праваслаўных клубаў па інтарэсах), напрамках яго дзейнасці, а галоўнае — аб тых магчымасцях ДАЦ, якія могуць і павінны выкарыстоўваць нядзельныя школы. У цэнтры назапашана вялікая колькасць вучэбна-метадычных распрацовак у дапамогу праваслаўным педагогам, у тым ліку на электронных носьбітах; у бібліятэцы сабраны цэлыя тэматычныя падборкі неабходнай літаратуры, а нядаўна абноўленая экспазіцыя царкоўнага музея дае магчымасць не толькі атрымаць веды па асновах праваслаўнага веравучэння, але і даведацца аб гісторыі Магілёўскай епархіі, лёсах многіх святароў і вялікіх Магілёўскіх святых, сярод якіх галоўнае месца належыць свяціцелю Георгію.
«Бо і музей, і ўвесь Духоўна-асветніцкі цэнтр знаходзіцца ў доме свяціцеля Георгія, — сказаў Сяргей Эдуардавіч. — Гэты дом ён пабудаваў, у ім жыў, у ім памёр. Цяпер гэты дом — славутасць горада Магілёва, яго называюць Палацам архіепіскапа. Там сама атмасфера асаблівая, яна дабратворна ўплывае на чалавека. Людзі, якія там пабываюць, выходзяць з прасветленым позіркам... Дзіўна, што нядзельныя школы пры прыходах не карыстаюцца магчымасцямі музея! У нас пастаянна бываюць навучэнцы свецкіх школ, ліцэяў і вучэльняў; прыязджаюць паломнікі і турысты з іншых гарадоў, уключаючы Маскву. Захапляюцца, пакідаюць запісы ў кнізе водгукаў, — а з нядзельных школ яшчэ не было нікога. Мы ездзім за трыдзевяць зямель, возім з сабой дзяцей па далёкіх святых месцах, але не заўважаем тых духоўных скарбаў, якія маем побач, у сваім горадзе, а яны проста незвычайныя!»
Кожнаму з прадстаўнікоў нядзельных школ Сяргей Сомаў па благаславенні уладыкі Сафронія ўручыў з фондаў ДАЦ кнігі — асобнікі Тлумачальнага педагагічнага слоўніка Н.У. Маслава.
Загадчыца бібліятэкай ДАЦ Галіна Фёдараўна Сафонава распавяла пра найбольш цікавыя кнігі і матэрыялы, карысныя ў працы нядзельных школ, якія можна атрымаць у Доме Каніскага ў любы час. Пры гэтым дакладчыца падзялілася ўласным вопытам арганізацыі вывучэння асноў праваслаўнай культуры ў Магілёўскай спецыяльнай школе закрытага тыпу, дзе яна ўжо больш за 10 гадоў працуе з дзецьмі, якія здзейснілі розныя правапарушэнні. Распавяла Галіна Фёдараўна і аб вопыце зносін з педагогамі нядзельных школ іншых епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы, падзялілася сваімі думкамі аб прынцыпах фарміравання гадавых навучальных планаў.
У працэсе дыскусіі кіраўнікі нядзельных школ вылучылі шэраг праблем, ужо даўно актуальных. Па словах педагогаў, некаторыя нядзельныя школы працуюць пры найстарэйшых прыходах па 20 і больш гадоў, але да гэтага часу, што называецца, «варацца ва ўласным соку», мала атрымліваюць інфармацыі з боку, самі фарміруюць праграмы і планы навучання, самі спрабуюць разнастаіць сваю дзейнасць. Прыйшоў час аб'яднання намаганняў, уніфікацыі планаў і праграм з мэтай упарадкавання працы, абмену вопытам, павышэння ўзроўню падрыхтоўкі выкладчыкаў.
Было прынята рашэнне семінар па працы нядзельных школ Магілёўскай епархіі зрабіць пастаянным, у тым ліку ў форме выязной вучобы ў аддаленых благачыннях Магілёўскай епархіі.