Навігатар: Навіны

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстаўка іканапісу XVIII — пачатку XX стагоддзя

21 сакавіка 2020

top.jpg

21 сакавіка 2020 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося адкрыццё выстаўкі рускага і беларускага іканапісу XVIII — пачатку XX стагоддзя з музейных фондаў. Выстаўка носіць назву «Святыя абразы́» і прымеркавана да 85-годдзя з дня нараджэння мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Як адзначылі ў Нацыянальным мастацкім музеі, пры падтрымцы мітрапаліта Філарэта ажыццяўляліся шматлікія праграмы супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы з шэрагам дзяржаўных устаноў, у тым ліку ў галіне духоўнага, маральнага, эстэтычнага выхавання розных груп беларускага грамадства. Гэтай мэце служыць і прапанаваны ўвазе наведвальнікаў музея выставачны праект.

Цырымонію адкрыцця выставы вёў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Іванавіч Пракапцоў.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, у адкрыцці экспазіцыі прыняў удзел епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній, старшыня аргкамітэта па святкаванню 85-годдзя Ганаровага Патрыяршага Экзарха. Уладыка Антоній нагадаў наведвальнікам музея аб асабістым укладзе мітрапаліта Філарэта ў адраджэнне самабытнай беларускай культуры і ў станаўленне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Яго Праасвяшчэнства асабліва падкрэсліў, што мітрапаліт Філарэт зрабіў вельмі многае для праслаўлення падзвіжнікаў веры, якія праславіліся на Белай Русі, для развіцця шанавання прападобнай Еўфрасінні Полацкай, свяціцеля Кірыла Тураўскага, праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай і іншых угоднікаў Божых. Па словах епіскапа Антонія, мітрапаліт Філарэт, будучы рускім па паходжанню, у той жа час па сукупнасці сваіх заслуг перад беларускім народам з'яўляецца сынам беларускай зямлі. «Радзіма там, дзе служыш», — працытаваў архіпастыр словы ўладыкі Філарэта.

Аб удзеле мітрапаліта Філарэта ва ўмацаванні міжканфесійнага міру распавёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч (Рымска-Каталіцкая Царква).

Вопытам сваіх зносін з мітрапалітам Філарэтам падзяліліся: экс-віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Несцеравіч Дражын, экс-міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Іванавіч Буцевіч, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны.

Калекцыя рускага іканапісу ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь налічвае каля 300 твораў, якія адносяцца да перыяду канца XVII — пачатку XX стагоддзя. Большасць з іх паступіла ад беларускай мытнай службы, некаторыя вывезены музейнымі экспедыцыямі 1980-х гадоў, перададзены дзяржаўнымі арганізацыямі або прыватнымі асобамі. Спецыфіка фарміравання калекцыі вызначыла прэваліраванне ў ёй абразоў, якія з'яўляюцца прадметамі асабістай пабожнасці.

На выставе экспануецца каля 60 твораў рускага іканапісу з музейнага збору, створаных у XVIII — пачатку XX стагоддзя. На абразах прадстаўлены вобразы Хрыста, Прасвятой Багародзіцы, некаторых святых, падзеі евангельскай гісторыі. У творах іканапісу XVIII — пачатку XIX стагоддзя адлюстраваліся асаблівасці творчасці майстроў рускай правінцыі, у якой архаічныя тэндэнцыі спалучаліся з прыёмамі рэалістычнага напрамку і еўрапейскага барока. Шэраг стараверскіх твораў арыентаваны на ўзоры даніканаўскага іканапісу і адрозніваюцца асаблівай тонкасцю мастацкай мовы. Абразы XIX — пачатку XX стагоддзя дэманструюць разнастайнасць стылявых кірункаў. Некаторыя з іх, якія паходзяць з вядомых іканапісных цэнтраў Палеха, Мсцёры, Холуя, адрозніваюцца высокім узроўнем майстэрства. Уладзімірскія майстры, творчасць якіх знаходзілася ва ўзаемадзеянні з тэндэнцыямі, якія развіваліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, прыцягваліся да выканання заказаў, якія паступалі адтуль. Цікавымі прыкладамі могуць служыць прадстаўленыя на выстаўцы спісы сталічных святынь.

Беларускай Праваслаўнай Царквой прадстаўлены прадметы асабістай пабожнасці мітрапаліта Філарэта, панагіі, кіі і літургічныя ўборы, у тым ліку Мітра, выкананая ў тэхніцы пляцення з саломы.

Выстава будзе працаваць па 21 мая 2020 года.

Church.by 

Фотарэпартаж