У Пінску адбыўся круглы стол «Узаемадзеянне Беларускай Праваслаўнай Царквы і свецкіх устаноў адукацыі»
23 ліпеня 202122 ліпеня 2021 года ў горадзе Пінску пад старшынствам архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана адбыўся круглы стол «Узаемадзеянне Беларускай Праваслаўнай Царквы і свецкіх устаноў адукацыі».
У круглым стале прынялі ўдзел кіраўнік Сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель прыхода храма ў гонар Усіх святых у Мінску протаіерэй Фёдар Поўны і прадстаўнікі дзяржаўнай сістэмы адукацыі рэгіёна.
У прывітальным слове намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ірына Папова падкрэсліла актуальнасць сустрэчы і выказала надзею на канструктыўную размову, якая дасць магчымасць намеціць праграму ўзаемадзеяння і вырашыць існуючыя праблемы.
Рэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі» Анатоль Машчук пацвердзіў запатрабаванасць жывога, дзейснага слова святара сярод студэнтаў і навучэнцаў. Ён адзначыў, што ў 86 навучальных установах на Піншчыне вядзецца факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры».
Справаздачу аб рабоце падрыхтавалі ўсе благачынныя Пінскай епархіі, адказныя за праекты па духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей і моладзі ў даручаных ім рэгіёнах.
Перспектыўнымі рэсурснымі і інавацыйнымі цэнтрамі рэгіёна з'яўляюцца гімназія № 2 горада Пінска і сярэдняя школа № 3 горада Івацэвічы. Пінская гімназія ажыццяўляе на базе 38 навучальных устаноў Беларусі свой інавацыйны праект «Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара». Гэты праект максімальна выкарыстоўвае ўсе магчымасці дадатковай адукацыі для фарміравання ў дзяцей маральна-духоўных каштоўнасцяў і знаёміць навучэнцаў з духоўнай спадчынай беларусаў. Аб дзейнасці школ расказалі іх кіраўнікі: А. В. Якімчук і В. А. Кузьмін. Абедзве школы поспехамі навучэнцаў даказалі, што высокія вынікі дасягаюцца ў тым ліку дзякуючы выхаванню высокамаральнай асобы. Так, у гімназіі №2 мінулы навучальны год з залатым медалём скончылі 18 чалавек, у Івацэвіцкай школе №3 – 10 вучняў. Таксама аб высокай якасці адукацыі сведчаць стобальныя вынікі ЦТ, у тым ліку па фізіцы. Статыстыка таксама паказвае, што сярод вучняў, якія актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах школ па духоўна-маральным выхаванні, выпадкаў правапарушэнняў не было.
Дацэнт Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта І. А. Янкоўскі звярнуў увагу на з'яўленне ў новым праекце Кодэкса аб адукацыі чужых беларускаму менталітэту паняццяў, здольных паўплываць на размыццё спрадвечных каштоўнасцяў.
Асноўным стаў даклад «Духоўнасць і патрыятызм» протаіерэя Фёдара Поўнага, кіраўніка Сінадальнага аддзела па ўзаемадзеянні БПЦ са свецкімі ўстановамі адукацыі. У рамках выступлення кіраўнік аддзела азнаёміў удзельнікаў з падрыхтоўкай факультатыва «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму: хрысціянскія каштоўнасці і традыцыі беларускага народа». У сваім слове ён адзначыў, што радзіма – гэта не толькі ўраджайныя нівы, дом і сям'я, але і той духоўны выток, які сфарміраваў нацыю: «Беларусам немагчыма будаваць ідэалогію па-за духоўнымі каштоўнасцямі. Гісторыя нашага народа завязаная на барацьбе за права верыць: чатыры стагоддзі паступова нарастаўчага вынішчэння веры не мелі поспеху. Яна адрадзілася за некалькі гадоў спрыяльных умоў. Калі адукацыя ў сілу сваёй прадметнасці і раздробненасці не можа явіць дзіцяці цэласную карціну свету, то ў выхаванні апора на духоўныя каштоўнасці стварае неабходную паўнату светаўспрымання і пераемнасць ведаў і традыцый». Кіраўнік Сінадальнага аддзела азнаёміў удзельнікаў з планамі на будучыню і запрасіў да больш актыўнага супрацоўніцтва як святароў, так і прадстаўнікоў структур Міністэрства адукацыі.
Сінадальны аддзел па супрацоўніцтву са свецкімі ўстановамі адукацыі/Church.by