У прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Мінск святкуе 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях»
23 жніўня 202226 жніўня 2022 года, у дзень знойдзення Мінскага абраза Божай Маці, у горадзе Мінску пройдуць урачыстасці, прымеркаваныя да святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях. Напярэдадні знамянальнай даты ў прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя «Мінск святкуе 1030-годдзе Праваслаўя на беларускіх землях».
Арганізатары ўрачыстасцяў: Мінская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы, Свята-Лізавецінскі жаночы манастыр, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
«Ікона Божай Маці «Мінская» — адна з самых галоўных святынь нашай краіны і па сваёй значнасці яна не саступае Жыровіцкай іконе Божай Маці, таму дата святкавання 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях у сталіцы Беларусі абрана не выпадкова», — распавёў журналістам старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы іерэй Ігар Васько.
Паводле падання, ікона была здабыта больш за пяць стагоддзяў таму на водах Свіслачы. З тых часоў яна неадлучна знаходзіцца ў Мінску. Прыхаджане заўсёды ставіліся з глыбокай павагай да святога абраза, здолелі зберагчы яго падчас ганенняў на веру і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1945 годзе ікона Божай Маці была перанесена ў Свята-Духаў кафедральны сабор, дзе і знаходзіцца па гэты дзень.
Урачыстасці ў дзень іконы Божай Маці «Мінская» ў сталіцы Беларусі пачнуцца сустрэчай удзельнікаў васьмідзённага Усебеларускага хрэснага ходу, праінфармаваў святар. Па яго словах, унікальнасць хрэснага ходу заключаецца ў яго працягласці. Ён будзе доўжыцца на працягу васьмі дзён, вернікі пройдуць у цэлым 250 км. «Максімальна ў дзень ішлі 43 км. тыя, хто ў першы раз на хрэсным ходзе, хоць і кажуць, што цяжка, але пры гэтым яны ўсміхаюцца», — распавёў іерэй Ігар Васько.
Далучыцца да хрэснага ходу можна ў любым пункце, працягнуў святар. У чацвёрты дзень малітоўнага шэсця, 22 жніўня, хрэсны ход узначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Ён прайшоў з вернікамі 6 км.
Раніцай 26 жніўня хрэсны ход выйдзе з Заслаўя, а прыкладна ў 8.30 ад храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Мінску на пр. Пераможцаў, 82, і накіруецца да Свята-Духава кафедральнага сабора на вул. Кірыла і Мяфодзія, 3. Урачыста завершыцца хрэсны ход на плошчы каля сабора і прыкладна ў 10.00 тут пачнецца Бажэственная літургія, якую ўзначаліць мітрапаліт Веніямін.
Пасля набажэнства будуць працаваць выстава-кірмаш «Скарбніца», майстар-класы народных рамеснікаў, фотавыстава «Сувязь часоў». Усім жадаючым будуць прапанаваны аглядныя экскурсіі па гістарычных мясцінах горада Мінска і экскурсія «Мінск праваслаўны».
Кіраўнік выставы-кірмашу «Скарбніца», насельніца Свята-Лізавецінскага манастыра горада Мінска манахіня Агапія (Кнацько) распавяла журналістам пра тое, што на выставе ў Мінску будуць прадстаўлены вырабы больш за 20 майстэрняў і кнігі выдавецтва Свята-Лізавецінскай абіцелі. У выставе таксама прыме ўдзел і шэраг іншых манастыроў Беларусі. Акрамя гэтага наведвальнікі змогуць азнаёміцца з экспазіцыяй макетаў храмаў Мінскай вобласці, падрыхтаванай у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Макеты выраблены рукамі дзяцей і іх педагогаў з Мінскай вобласці.
У анлайн-рэжыме да ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі далучыўся прадстаўнік аргкамітэта хрэснага ходу з Жыровічаў у Мінск Мялешка Сяргей Мікалаевіч, які распавёў, што, нягледзячы на спякоту, крыжаходцы штодня праходзяць працяглыя адлегласці і застаюцца натхнёнымі.
Фатограф Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы, сааўтар і саарганізатар выставы «Сувязь часоў: да 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях» Таццяна Амеліна распавяла ўдзельнікам прэс-канферэнцыі аб тым, што на выставе будзе прадстаўлена 11 стэндаў з 90 фотаздымкамі, якія апавядаюць пра гісторыю Беларускага Экзархату, пачынаючы са старажытнага Полацка 992 года аж да нашых дзён. Прадстаўленая рэтраспектыва паказвае тую непарыўную сувязь, якая існуе паміж падзеямі мінулых дзён і сучаснасцю, паміж жыццём Царквы Нябеснай і Царквы зямной.
Крыніцамі фотаматэрыялаў выставы для складальнікаў сталі архівы фотаслужбы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі, Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, Полацкай епархіі, Гродзенскай епархіі, Мінскай духоўнай семінарыі, Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра, брацтва ў гонар святога Архістратыга Міхаіла горада Мінска, прыхода Петра-Паўлаўскага сабора горада Мінска, збору Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, а таксама здымкі нфармацыйнага партала «Планета Беларусь», адкрытых электронных і друкаваных рэсурсаў.
Выстава ў далейшым будзе дэманстравацца ў епархіях Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Праграма ўрачыстасцяў:
08:00-09:30 Усебеларускі хросны ход ад храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы (прасп. Пераможцаў, 82) да Свята-Духава кафедральнага сабора (вул. Кірыла і Мяфодзія, 3).
09:30-12:00 Саборная Бажэственная літургія. Богаслужэнне ля сцен Свята-Духава кафедральнага сабора горада Мінска ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін у саслужэнні духавенства Беларускай Праваслаўнай Царквы.
12:00-20:00 Выстава-кірмаш «Скарбніца»; майстар-класы народных рамеснікаў, фотавыстава «Сувязь часоў» да 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях (Верхні горад).
12:00-20:00 Аглядныя экскурсіі па гістарычных мясцінах горада Мінска і экскурсія «Мінск праваслаўны».