У прыходах Беларускай Праваслаўнай Царквы прайшлі вечары сучаснай беларускай літаратуры

01 верасня 2017

top.jpg

У рамках Дзён беларускага пісьменства, якія праходзяць з 1 па 3 верасня ў нашай рэспубліцы, у многіх храмах Беларускай Праваслаўнай Царквы прайшлі вечары сучаснай беларускай літаратуры. Мерапрыемствы былі арганізаваны Сінадальным аддзелам па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі для папулярызацыі сучасных літаратурных твораў на беларускай мове, якія нясуць высокія маральныя арыенціры ў сучаснае грамадства.

Творы беларускіх аўтараў для гэтых сустрэч выбіраліся «знізу», таму што самую сумленную ацэнку літаратуры можа даць толькі чытач — бо менавіта дзеля яго працуе кожны аўтар.

Яркі літаратурны вечар прайшоў у прыходзе храма свяціцеля Мікалая Японскага. Храм знаходзіцца ў адным з новых мікрараёнаў Мінска — Каменнай горцы.

Для чытацкага абмеркавання быў абраны раман-споведзь «Маналог у паўстагоддзя...» сучаснай беларускай пісьменніцы Зоі Іванаўны Падліпскай. Новы раман, апублікаваны ў сёмым нумары часопіса «Полымя» за гэты год. Аўтар пасля пяцідзесяці гадоў жыцця вырашыла азірнуцца на пройдзены шлях, многае пераасэнсаваць, над многім задумацца і праз успаміны пагаварыць з самым блізкім чалавекам — мамай.

— Раман «Маналог у паўстагоддзя...» Зоі Падліпскай — гэта літаратурны Твор з вялікай літары, вельмі глыбокі, фундаментальны, змест пранікае да глыбіні душы, — адзначае протаіерэй Павел Сярдзюк, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Японскага горада Мінска. — Ён прасякнуты правільным хрысціянскім разуменнем жыцця. На жаль, цяпер у сучаснай літаратуры пераважаюць легкадумныя, нізкай мастацкай якасці творы, а творы, якія могуць прэтэндаваць на месца ў літаратурнай класіцы, з'яўляюцца рэдка. Нам здаецца, што раман-споведзь «Маналог у паўстагоддзя...» — менавіта той рэдкі выпадак.

Па словах дырэктара прыходскай нядзельнай школы Алены Каверні, гэты раман нікога не можа пакінуць абыякавым. Пачынаецца ён з ліста да маці, якая пайшла з жыцця рана, калі аўтару было ўсяго толькі каля сямі гадоў.

— Дзіцяці ісці ў першы клас, а тут — такая трагедыя. Тое, што яна перажыла, перадаецца настолькі шчыра, што, калі чытаеш, падступае да горла камяк і міжволі пачынаюць цячы слёзы. У рамане наогул нямала таго, што дазваляе лепш спазнаць цану жыцця, — адзначае дырэктар нядзельнай школы.

Галіна Леанідаўна Куноўская, выкладчык беларускай мовы і літаратуры з 26-гадовым стажам, прыхаджанка храма свяціцеля Мікалая Японскага, лічыць, што такія творы неабходна выкладаць дзецям. Вельмі важна, што скразным лейтматывам праз раман праходзіць любоў аўтара да малой радзімы — Слуцкага краю. Аўтар выступае як прафесійны даследчык, калі распавядае аб княгіні Анастасіі Слуцкай або прасочвае гісторыю роднай вёскі сваёй маці. Заняцца пошукам сваіх каранёў Зою Падліпскую падштурхнуў боль страты самага блізкага чалавека, які не праходзіць праз усе пражытыя пяцьдзесят гадоў.

Сінадальны аддзел па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы плануе і ў далейшым знаёміць прыхаджан беларускіх храмаў з якаснай сучаснай беларускай літаратурай.

Church.by

Loading...