У сталічным Усіхсвяцкім храме адбылося выязное пасяджэнне Каардынацыйнага савета па турызме пры Мінгарвыканкаме

18 красавіка 2018

top.jpg

У храме-помніку ў гонар Усіх святых (Мінск) 13 красавіка 2018 года адбылося выязное пасяджэнне Каардынацыйнага савета па турызме пры Мінгарвыканкаме, тэмай якога стаў міжканфесійны рэлігійны турызм. Месца правядзення было выбрана невыпадкова, паколькі храм-помнік можа годна выступаць у якасці турыстычнага аб'екта.

Храм цікавы для замежных турыстаў тым, што знаёміць з Беларуссю не фармальна, а знутры — ён распавядае аб духоўных каштоўнасцях беларусаў, аб іх нацыянальных рысах, выкарыстоўваючы рэальныя гістарычныя падзеі і факты. З пункту гледжання мастацкай каштоўнасці храмавы комплекс дзівіць разнастайнасцю тэхнік, матэрыялаў, тэхналогій і стыляў як знешняга архітэктурнага аблічча будынкаў, так і ўнутранага ўбрання храма-помніка, пышнасць якога не саступае лепшым узорам царкоўнага дойлідства — Храма Хрыста Збавіцеля, храма Спаса на Крыві, Ісаакіеўскаму сабору, пры гэтым мае індывідуальныя асаблівасці. Пра гэта казаў настаяцель Усіхсвяцкага прыхода протаіерэй Фёдар Поўны, сваім кароткім выступленнем адкрываючы працу пасяджэння.

Аб дзейнасці храма-помніка і спецыяльна створанага для арганізацыі яго работы дзяржаўнай установы «Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння» расказаў яго дырэктар Аляксандр Госцеў. Ён падкрэсліў, што праца з турыстамі пастаянна ўдасканальваецца:

— Для арганізацыі экскурсійнага абслугоўвання на тэрыторыі храма-помніка створаны ўсе ўмовы: абсталяваны стаянка для аўтобусаў, грамадскія прыбіральні, велапаркоўкі, працуе кафэ. Магчыма арганізацыя харчавання турыстычных груп, а таксама пражыванне і медыцынская рэабілітацыя ў Доме міласэрнасці.

Аляксандр Віктаравіч таксама ўнёс прапанову:

— Для больш якаснага турыстычнага абслугоўвання лічу неабходным заключаць дагаворы паміж турарганізацыямі і нашым цэнтрам, паколькі ў нас ёсць экскурсаводы, навучаныя працаваць на тэрыторыі комплексу. Іх навучанне курыруе протаіерэй Фёдар Поўны.

Другі асноўны дакладчык пасяджэння, Дзмітрый Скварчэўскі, старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі, акрэсліў праблемы, з якімі сутыкаюцца экскурсаводы і іх групы ў турах па месцах размяшчэння рэлігійных святынь сталіцы. Гэта адсутнасць базы рэлігійных аб'ектаў, зацікаўленых у турыстычным патоку, недахоп зладжанай сістэмы ўзаемадзеяння рэлігійных арганізацый і тураператараў (няма абумоўленых графікаў і часу наведвання), няведанне турыстамі правіл паводзін у храмах, а таксама асаблівасцяў канфесій.

Дзмітрый Вячаслававіч прапанаваў прадстаўнікам розных канфесій падрыхтаваць свае метадычныя рэкамендацыі для наведвання храмаў і культавых аб'ектаў для стандартных экскурсійных (не паломніцкіх) тураў, стварыць спіс аб'ектаў, гатовых прымаць турыстаў. Таксама ён вылучыў ініцыятыву ўключыць у гарадскія экскурсійныя маршруты наведванне храма-помніка як аб'екта, які лагічна завяршае агляд усходняй часткі горада.

З'яўляючыся прымаючым бокам, прыход храма-помніка падрыхтаваў у якасці падарунка для ўдзельнікаў пасяджэння экскурсію па храму, а таксама чаяванне з дэгустацыяй новай лінейкі шакаладу і цукерак «Храм-помнік» — сумеснага праекта Усіхсвяцкага прыхода і мінскай фабрыкі «Камунарка».

— Спажывец у гэтых цукерках ацэніць майстэрства кандытара, мастацтва дызайнера, а таксама знойдзе і мудрасць: паглядзіце, якія на гранях упаковачнай скрынкі напісаны словы, — так прэзентаваў новую прадукцыю генеральны дырэктар фабрыкі Іван Данчанка.

Hramvs.by / Church.by