Вечары невідушчых паэтаў пройдуць у кнігарнях і бібліятэках Мінска

31 студзеня 2017

top.jpg

У апошні месяц зімы прыход храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў Мінску сумесна са сталічнымі кніжнымі крамамі і бібліятэкамі правядзе вечары невідушчых паэтаў.

Арганізатары праекта хочуць аб'яднаць сапраўдных аматараў кнігі, паказаць мінчанам, што грань паміж відушчымі і невідушчымі адсутнічае; дапамагчы невідушчым аўтарам данесці свой талент да чытача. Бо можа апынуцца так, што невідушчы літаратар — гэта той чалавек, які ўнясе вялікі ўклад у развіццё сусветнага слоўнага мастацтва.

Так было не раз у гісторыі. Прыкладам таму з'яўляецца невідушчы Гамер, легендарны старажытнагрэцкі паэт-сказальнік, стваральнік самых старажытных помнікаў еўрапейскай літаратуры — эпічных паэм «Іліяда» і «Адысея». Іншы прыклад — Джозэф Пулітцэр, які ў 1887 годзе практычна цалкам аслеп, пражыўшы яшчэ 24 гады, шмат зрабіў для літаратуры і журналістыкі. Пулітцэраўская прэмія — адна з самых прэстыжных узнагарод ЗША ў галіне літаратуры, журналістыкі, музыкі і тэатра.

Выдатеы ўклад у рускую літаратуру ўнеслі невідушчыя пісьменнікі-франтавікі: Усевалад Барысавіч Азараў (1913-1990), Васіль Сямёнавіч Алёхін (1925 -2006), Эдуард Аркадзьевіч Асадаў (1923-2004), Віктар Сяргеевіч Волкаў (1922-1985), Уладзімір Сяргеевіч Варашылаў (1919-1982), Валі Гафураў (1922-1995), Іван Андрэевіч Казлоў (1888-1957), Уладзімір Паўлавіч Крывілёў (1922-1991), Мікалай Аляксандравіч Рыбалка (1922-1995), Мікалай Іванавіч Сілкоў (1923-2011).

Гэтыя людзі, якія страцілі зрок на фронце, сталі класікамі літаратуры ХХ стагоддзя. Іх творы з'яўляюцца мастком, які звязвае розныя пакаленні, дазваляе акунуцца ў суровы, страшны, гераічны час і зразумець, чым жыла краіна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, што падтрымлівала людзей і давала ім сілы выстаяць і перамагчы.

Настаяцель прыхода храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў Мінску іерэй Дзімітрый Ворса адзначае:

— З моманту вынаходніцтва друкаванага станка кнігі распаўсюджваліся ўсё хутчэй з кожным дзесяцігоддзем. Сёння папяровыя носьбіты паступова адыходзяць на другі план, але само чытанне пры гэтым застаецца. Чытанне — гэта ў першую чаргу адукацыя. Начытаныя людзі больш адукаваныя і валодаюць шырокім слоўнікавым запасам, яны маюць шырокі кругагляд, здольныя думаць глабальна і не бачаць звыклых межаў, бо чытанне адкрывае ім вялізныя магчымасці.

Першы вечар невідушчых паэтаў пройдзе 1 лютага 2017 года ў 20:00 у кнігарні «Кніжная нара» па вуліцы Нёманская 2. У праграме — вершы пра каханне, прыгажосць прыроды і філасофская лірыка.

Невідушчыя літаратары вельмі чакаюць сустрэчы са сваім чытачом. Арганізатары запрашаюць усіх — уваход вольны!

Постскрыптум: у краме «Кніжная нара» прынята здымаць абутак. Перамяшчэнне магчыма альбо ў шкарпэтках, альбо басанож.

Church.by