«У што веру, тое і прапаведую»: у Гомелі прайшла творчая сустрэча, прысвечаная свяціцелю Георгію (Каніскаму)
09 снежня 2017Да 300-годдзя з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага, 6 снежня ў Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. І. Герцэна адбылася творчая сустрэча гараджан з Сяргеем Эдуардавічам Сомавым, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам, загадчыкам кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова», даследчыкам спадчыны свяціцеля.
У сустрэчы прынялі ўдзел: сакратар Гомельскай епархіі протаіерэй Георгій Алампіеў, намеснік Мікольскага манастыра ў Гомелі архімандрыт Амвросій (Шаўцоў), насельнік Мікольскага манастыра архімандрыт Сава (Мажука), старшыні аддзелаў і духавенства Гомельскай епархіі.
Протаіерэй Георгій Алампіеў прадставіў госця прысутным і павіншаваў усіх з агульнацаркоўным праслаўленнем Беларускіх святых — праведнага Іаана Кармянскага і свяціцеля Георгія Магілёўскага.
Сяргей Сомаў прэзентаваў кнігу «Словы і прамовы свяціцеля Георгія Каніскага» — зборнік твораў прамоўніцкага мастацтва, у тым ліку зваротаў да манархаў Расіі і Еўропы. Даследчык распавёў пра этапы жыцця святога, аб эпосе, у якую Магілёўскаму архіпастыру давялося несці свой крыж.
Кананізацыя і ўрачыстае праслаўленне архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага Георгія як мясцовашанаванага святога адбылося 5-6 жніўня 1993 года ў Магілёве. Урачыстасць узначаліў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт пры ўдзеле ўсіх членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы. Рашэнне аб агульнацаркоўным праслаўленні свяціцеля Георгія (Каніскага) прыняў Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы 2017 года.
Па заканчэнні сустрэчы протаіерэй Георгій Алампіеў ад імя епіскапа Гомельскага і Жлобінскага Сцяфана паднёс у дар епіскапу Магілёўскаму і Мсціслаўскаму Сафронію і Сяргею Эдуардавічу Сомаву выдадзеную ў Гомельскай епархіі кнігу «Мартыралог Гомельскай епархіі. 1917 — 1953. Біяграфічны даведнік», у якую ўвайшлі біяграфічныя звесткі аб 282 рэпрэсаваных святарах і міранах, якія пражывалі на тэрыторыі Гомельшчыны.