Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый: «Усе мы верым, што мітрапаліт Філарэт будзе хадайнікам за нас і нашу краіну перад Богам»
29 студзеня 2021Сёлетні студзень запомніўся беларусам не толькі светлымі святамі Ражджаства Хрыстова і Вадохрышча. У гэтым месяцы на 86-м годзе сышоў у свет іншы Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў). Як правячы архіерэй мітрапаліт Філарэт у свой час хадайнічаў перад Свяшчэнным Сінодам аб прызначэнні ігумена Гурыя (Апалька) намеснікам святой Жыровіцкай абіцелі. Якім Ганаровы Патрыяршы Экзарх запомніўся яму — пра гэта ўладыка Гурый, архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі распавёў у інтэрв'ю, апублікаваным на сайце Навагрудскай епархіі.
Кажуць, Ваша Высокапраасвяшчэнства, што першая сустрэча застаецца ў памяці на ўсё жыццё. Калі і якой яна была ў Вас з Ганаровым Патрыяршым Экзархам?
Памятаецца, упершыню я ўбачыў уладыку Філарэта, калі быў студэнтам Маскоўскай духоўнай семінарыі. У тую пару (з 1978 года) ён быў Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы і быў ужо прызначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім. Уладыка здзяйсняў замежныя паездкі, прымаў удзел у многіх багаслоўскіх гутарках, праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі царкоўных, дзяржаўных і грамадскіх колаў розных краін свету.
І вось калі ўладыка Філарэт прыязджаў у Свята-Троіца-Сергіеву Лаўру, гэта была важная падзея для ўсіх, і толькі самыя смелыя студэнты вырашаліся падысці да яго пад благаславенне.
У 1986 годзе Яго Высокапраасвяшчэнства запрасіў мяне на аўдыенцыю ў Аддзел знешніх царкоўных зносін у Маскве, старшынёй якога ён з'яўляўся. Просты іераманах, хвалюючыся, зайшоў я тады ў кабінет старшыні і свайго правячага архіерэя. Да таго часу я скончыў духоўныя школы.
Мяне тады ўразіла яго прастата. Здавалася б, уладыка — чалавек інтэлігентны (з багатага купецкага роду, дваранін, яго бацька Варфаламей Аляксандравіч — выкладчык Гнесінскага музычнага вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі, укладальнік фундаментальнага «Падручніка царкоўных спеваў для духоўных школ», актуальнага і дагэтуль), а гутарыць са мной на роўных.
Часта бывае, што чалавек, займаючы нават невысокую пасаду, паводзіць сябе напышліва, фанабэрыста, усяляк падкрэсліваючы сваю значнасць. Але чым вышэй духам чалавек, чым высакародней і культурней, тым ён прасцей і даступней.
Уладыка аднолькава паважліва размаўляў і з кіраўнікамі вышэйшага звяна краіны, і са святарамі, і з бабуляй, якая прыйшла са сваёй праблемай, — у кожным чалавеку ён бачыў перш за ўсё вобраз Божы.
Вось гэта духоўная высакароднасць на першай сустрэчы моцна мяне ўразіла і запомнілася на ўсё жыццё.
Тая першая Ваша сустрэча з уладыкам мітрапалітам і стала для Вас лёсавызначальнай?
Можна і так сказаць. 6 сакавіка 1990 года Яго Высокапраасвяшчэнствам я быў узведзены ў сан архімандрыта і прызначаны намеснікам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. І, вядома, ужо даводзілася па справах майго послуху вельмі часта звяртацца да ўладыкі Філарэта з рознымі пытаннямі пры прыняцці рашэнняў і вырашэнні непаразуменняў. Тэлефануеш уладыку, просіш дапамогі, парады, падтрымкі — і заўсёды яе атрымліваеш.
Яго Высокапраасвяшчэнства часта бываў у Жыровічах, хоць цяжка ўявіць, як ён знаходзіў час і для браціі манастыра, і для студэнтаў духоўных школ. Яго нястомныя працы такія аб'ёмныя і шматстайныя, што вымераць іх нам не па сілах. Усе мы адчувалі сябе як за каменнай сцяной.
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл так казаў пра ўладыку Філарэта: «..з апостальскай дбайнасцю сведчыў блізкім і далёкім аб прыгажосці і праўдзівасці Праваслаўя, спрыяў стварэнню міру і грамадзянскай згоды на Беларускай зямлі».
Падумайце самі: пры ўладыку Філарэту ў Беларусі сталі адраджацца раней існуючыя епархіі, адкрываліся мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы. Стараннямі Яго Высокапраасвячэнства з 1989 года аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя, заснаваны мінскія духоўныя акадэмія і вучылішча, школа катэхізатараў.
35 гадоў Патрыяршы Экзарх узначальваў Беларускую Праваслаўную Царкву, і яго справядліва называлі мерай маральнасці і сумленнем нацыі.
Вядома ж, мы яшчэ будзем доўга асэнсоўваць гэты перыяд дзейнасці ўладыкі, вельмі спрыяльны для Беларускай Праваслаўнай Царквы і нашага народа.
Вораг роду чалавечага люта змагаецца з тымі, хто жыццё сваё прысвяціў служэнню Богу. Думаю, Ваша Высокапраасвяшчэнства, нямала бед выпала і на долю мітрапаліта Філарэта?
Духавенства заўсёды знаходзіцца на перадавой лініі фронту ў нябачным духоўным змаганні супраць духаў зла паднябеснага.
Успомніце, якія страшныя спакусы зведалі на Русі ад царскай і духоўнай уладаў прападобны Максім Грэк, свяціцелі Філіп Маскоўскі і Арсеній Растоўскі. Але ніколі я не чуў, а нам даводзілася шмат размаўляць, каб уладыка Філарэт на нешта скардзіўся або наракаў.
Ну а што тычыцца варожых нападаў — без іх хрысціяніну ніяк нельга! Асабліва калі ён богаўгодныя справы робіць.
Успамінаецца мне мая архіерэйская хіратонія. Напярэдадні я быў запрошаны на пасяджэнне Свяшчэннага Сінода ў Троіца-Сергіеву Лаўру. Увечары сабраліся архіерэі на чай. Сярод іх быў адзін, які паводзіў сябе ганарыста і дзёрзка ў адносінах да мітрапаліта Філарэта.
Уладыка спрабаваў яго ўгаворваць, але безвынікова. Тады мітрапаліт нечакана для ўсіх паклаў перад крыўдзіцелем зямны паклон са словамі: «Прабач мяне, калі нешта не так, калі я цябе чымсьці пакрыўдзіў». Усе замерлі. Такая пакора уладыкі ўсіх уразіла.
Дарэчы, Філарэт у перакладзе з грэцкага азначае «той, хто любіць дабрачыннасць». Уладыка ўсяляк стараўся адпавядаць свайму імені, імкнуўся, каб усе жылі ў міры. І, вядома ж, як манах высокага жыцця не дазваляў сабе нікога асуджаць.
Прападобны Паісій ў настаўленьні да манахаў вучыць: «Калі вы, удваіх сабраўшыся, загаварылі пра трэцяша — гэта ўжо грэх. Можна казаць пра рознае, але не пра людзей». Вось і мітрапаліт Філарэт заўсёды пазбягаў казаць пра чалавека ў яго адсутнасць, хоць даводзілася па пасадзе прымаць рашэнні адносна людзей. Ён стараўся не пакрыўдзіць нават няёмкім словам, быў вельмі далікатным і чулым чалавекам.
Уладыка Філарэт быў для ўсіх любячым бацькам. Яго былы сакратар расказваў такі выпадак. Аднойчы нейкі святар моцна правініўся, і яму было на гэта ўказана. Аднак ён ніяк не выпраўляўся.
Сакратар тады звярнуўся да архіпастыра: «Уладыка, колькі ўжо можна трываць яго нядбайнасць, трэба пакараць яго!» Мітрапаліт задумаўся і потым спытаў: «А як бы вось Хрыстос у гэтай сітуацыі абышоўся?» Сакратар, прыцішыўшы свой запал, адказаў: «Напэўна, дараваў бы». — «Ну вось, давай, і мы яму даруем, памолімся аб ім», — прамовіў ціха ўладыка.
Дзіўна, але неўзабаве той святар, што правініўся, прызнаў сваю віну і выправіўся.
Можна сказаць, што ўладыка мітрапаліт і сам імкнуўся да святасці, і шанаваў людзей святога жыцця. Глінскі старац схіархімандрыт Іаан (Маслаў) быў духаўніком сям'і Вахромеевых?
Так, айцец Іаан быў духаўніком гэтага набожнага сямейства, асабліва шанавала яго маці ўладыкі Філарэта Аляксандра Фёдараўна.
Пяць гадоў паводле хадайніцтва Высокапраасвяшчэннейшага ўладыкі айцец Іаан пражыў у Жыровіцкім манастыры, акармляючы ўсіх нас духоўна. І аднойчы ён сказаў мне: «Мітрапаліт Філарэт святога жыцця».
Імкненне да святасці - галоўная задача хрысціяніна, а яна заўсёды ціхая, пакорлівая, цнатлівая і ня выстаўляе сябе напаказ. Такім быў інаш мітрапаліт.
Калі я нёс послух Кіраўніка спраў Беларускага Экзархату, заўсёды дзівіўся, бачачы велізарны стол уладыкі Філарэта: ён увесь быў закладзены паперамі, якія трэба было разабраць, паглыбіцца ў іх змест, адказаць на іх. І заўсёды Экзарх стараўся ва ўсё ўнікаць сам.
Трохі ўвечары падрэмле, а потым ноччу сядзіць, разглядаючы прашэнні, скаргі, часам гадзін да пяці, а то і шасці раніцы. Усяго гадзіну на адпачынак — і ўжо трэба на службу на прыход ехаць. Толькі усемагутнай благадаццю Божай можна было са шматлікімі цялеснымі немачамі ўладыкі несці такую нагрузку.
Калі заходзіш у Епархіяльнае ўпраўленне — там усё чысценька і прыгожа. Але калі спыняешся на некалькі дзён, адчуваеш сябе, як у каменным мяшку.
Выйсці на вуліцу прагуляцца няма куды, там і прайсціся, ногі расцерці, няма дзе. А наш Патрыяршы Экзарх жыў у гэтых сціплых умовах, хоць клопат пра яго праяўлялі прэзідэнт і кіраўніцтва краіны, прапаноўваючы больш камфортныя ўмовы жыцця.
Уладыка Філарэт быў манахам. Хтосьці носіць вярыгі, а хтосьці нясе іншыя подзвігі, абмяжоўваючы ва ўсім сябе дзеля Госпада.
Працаваў уладыка, як кажуць, да зносу. Для сябе не жыў. І калі бліжэйшыя памочнікі прасілі яго пашкадаваць сябе, адпачываць хоць трохі, ён адказваў жартаўліва: «Што вы кажаце! Я і не думаў, што перажыву майго настаўніка мітрапаліта Нікадзіма (Нікадзім (Ротаў), мітрапаліт Ленінградскі і Ладажскі). Той у 49 гадоў памёр, а я вось яшчэ жыву!»
Пасля такога інтэнсіўнага рытму жыцця, такіх дзейных прац, напэўна, цяжка было яму сыходзіць на спачын, хоць і Ганаровым Экзархам?
Гэта быў Промысл Божы — яшчэ адзін крыж мітрапаліта Філарэта.
Вядома, яму, які звыкся да актыўных зносін, было цяжка — аб гэтым уладыка не раз казаў. Яму новае становішча было ў цяжар. Але як манах успрымаў гэта ў якасці чарговага выпрабавання.
І калі мы, архіерэі, наведвалі ўладыку ўжо на спачыне, яго адухоўлены погляд літаральна пранікаў у душу. Па-бацькоўску ласкавай усмешкай сустракаў ён кожнага.
Кажуць у народзе: што пасееш, тое і пажнеш. Уладыка Філарэт ставіўся вельмі міласціва да людзей, і яны адказвалі яму тым жа.
Вядома, ён вельмі многае рабіў употай. Толькі на пахаванні адкрыліся яго шматлікія дабрадзействы: і той да яго звяртаўся, і таго ён хрысціў, а таго падтрымаў у цяжкай сітуацыі. А ўжо колькім уладыка дапамог — і не злічыць.
Сёння ўсе быццам сталі відушчымі: шмат добрага кажуць людзі і пішуць у інтэрнэце пра мітрапаліта Філарэта, які пайшоў ад нас. Усе мы верым, што пасля такога свайго руплівага жыцця наследуе ён райскія мясціны і будзе хадайнікам за нас, нашу краіну перад Богам.
Толькі вось нам бы ўсім не засмучаць уладыку сваімі справамі і ўчынкамі, жыць у міры і згодзе, хрысціянскім змірэнні і лагоднасці. Як жыў ён сам і як вучыў нас з вамі.
З архіепіскапам Навагрудскім і Слонімскім Гурыем гутарыў протаіерэй Вадзім Кузьміч
Фота: Мінская духоўная семінарыя