Выйшла ў свет кніга протадыякана Андрэя Гарбунова «Гісторыя праваслаўных храмаў горада Баранавічы»
01 сакавіка 2018Ці шмат хто ведае, што страстацерпец імператар Мікалай II 14 разоў наведваў горад Баранавічы? А тое, што сцены мясцовага Пакроўскага храма ўжо ледзь не 100 гадоў упрыгожваюць унікальныя мазаікі па эскізах В. М. Васняцова, выратаваныя з велічнага, пад стаць Храма Хрыста Збавіцеля, Аляксандра-Неўскага сабора ў Варшаве, дашчэнту зруйнаванага ў 1920-х гадах?
Такая кароткая гісторыя Баранавічаў, якія ўтварыліся паўтара стагоддзя таму вакол чыгуначнай станцыі, змясціла мноства падзей: Першую сусветную вайну і размяшчэнне ў горадзе Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, 18-годдзе ў складзе Польшчы і далучэнне населенага пункта ў 1939 годзе да СССР, германскую акупацыю ў час двух сусветных войнаў, узвядзенне і разбурэнне храмаў, адраджэнне царкоўнага жыцця ў канцы XX стагоддзя...
Пра гэта і многае іншае распавядаецца ў кнізе протадыякана Андрэя Гарбунова «Гісторыя праваслаўных храмаў горада Баранавічы». Прэзентацыя выдання адбылася 27 лютага 2018 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску.
Больш за 10 гадоў клірык баранавіцкага Пакроўскага сабора прысвяціў краязнаўчым даследаванням: збіраў архіўныя дадзеныя, дакументы, фатаграфіі, публікацыі ў кнігах, СМІ, інтэрнэце, успаміны людзей. Часта памяць гісторыі была такая скупая на звесткі, што захавала аб царкве толькі некалькі фатаграфій і фраз. У кнізе, акрамя гістарычных сведчанняў аб разбураных і цяпер дзеючых храмах, прыводзяцца біяграфічныя звесткі пра святароў, якія служылі ў горадзе як раней, так і ў цяперашні час.
Падчас прэзентацыі айцец Андрэй распавёў пра тое, як адбываўся пошук інфармацыі аб гарадскіх храмах, з дапамогай мультымедыя прадэманстраваў фотаматэрыялы, у тым ліку і тыя, што не ўвайшлі ў выданне. Вялікую працу правёў аўтар па параўнанню захаваўшыхся фрагментаў мазаік (ёсць сярод іх і зусім невялікія, пабачыць іх можна ў прыходскім музеі Пакроўскага сабора) з фатаграфіямі мазаічных пано разбуранага Аляксандра-Неўскага сабора.
На мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі адміністрацыі музея Якуба Коласа, творчай інтэлігенцыі, студэнты гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, журналісты, людзі, якія цікавяцца краязнаўствам.
Дырэктар музея Зінаіда Камароўская падзякавала протадыякану Андрэю Гарбунову за цікавы аповед аб гісторыі Праваслаўя ў Баранавічах і за зробленую працу, пажадаўшы аўтару ў будучыні пашырыць геаграфічныя межы даследавання і ўключыць у іх цэрквы Баранавіцкага раёна.