Жыхары «вогненных вёсак» Салігоршчыны памаліліся аб упакаенні ахвяр нацызму
17 лютага 2017Свята Стрэчання Гасподняга — асаблівы дзень для некалькіх населеных пунктаў Салігоршчыны, якія пацярпелі ў гады нацысцкай акупацыі.
15 лютага 1943 года акупанты правялі карную аперацыю ў вёсцы Хорастава. Была спалена мясцовая Пакроўская царква, ў агні разам з трыма сотнямі вернікаў загінуў настаяцель свяшчэннік Іаан Лойка.
У 74-ю гадавіну трагедыі ў аграгарадку Хорастава адбыўся дзень памяці пад дэвізам «Памятаем. Молімся. Смуткуем». У доме культуры сабраліся мясцовыя жыхары, навучэнцы сярэдняй школы, кіраўнікі ўстаноў. На мерапрыемства былі запрошаны старшыня Хорастаўскага выканкама Франс Фаміч Хрулькевіч, настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы іерэй Сергій Панасік, а таксама ветэраны афганскай вайны.
У сваім пастырскім слове айцец Сергій заклікаў прысутных памятаць пра подзвіг землякоў, тварыць дабро, жыць па запаведзях Божых, каб быць годнымі славы продкаў.
У гэты ж дзень святар Сергій Панасік здзейсніў памінальную ліцію ля магілы ахвяр нацызму ў вёсцы Пузічы, дзе пахавана 770 мясцовых жыхароў, спаленых у час карнай аперацыі. Была таксама адслужаная памінальная ліція на месцы спаленага храма, ля абеліска ахвярам нацызму ў Хорастава. Да ўсіх помнікаў былі ўскладзены вянкі.
15 лютага 1943 года была цалкам спалена і вёска Вялічкавічы. У агні загінулі практычна ўсе жыхары.
Штогод у гэты дзень жыхары ВВялічкавічаў, радуючыся светламу святу Стрэчання Гасподняга, памінаюць бязвінна забітых, аддаюць даніну памяці тым, хто сышоў у іншы свет. Гэты год не стаў выключэннем. У Вялічкавіцкай сярэдняй школе ў ходзе літаратурна-музычнай кампазіцыі «Жывая памяць» зноў успаміналі, як гналі ў калгасны хлеў, як адна пажылая жанчына (пра гэта засведчана ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць»), ідучы насустрач сваёй смерці, несла запаленую свечку. У Бога мёртвых няма, і яна малілася, каб жыць з Богам у вечнасці.
Настаяцель мясцовага прыхода храма праведнай Сафіі Слуцкай іерэй Сергій Панасік здзейсніў на брацкіх могілках малебен.