Навигатор: Новости

11 мая 2011 г. 17 мая 2011 года адбудуцца ўрачыстасці, прысвечаныя 80-годдзю памяці Мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага, 1879-1931) –– аднаго з аўтарытэтных дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ХХ стагоддзя.

11 мая 2011

11 мая 2011 г. 17 мая 2011 года адбудуцца ўрачыстасці, прысвечаныя 80-годдзю памяці Мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мелхіседэка (Паеўскага, 1879-1931) –– аднаго з аўтарытэтных дзеячаў Беларускай Праваслаўнай Царквы ХХ стагоддзя.

У праграме:

14-00 — адкрыццё памятнай дошкі з барэльефнай выявай Праасвяшчэннага Мелхіседэка на будынку Інстытута тэалогіі БДУ (пр-т Незалежнасці, 24);

— прывітальнае слова Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта;

— ліція ў памяць Мітр. Мелхісэдэка і ўсіх спачылых правячых архіерэяў Мінскай епархіі;

— прывітальныя словы гасцей і прадстаўнікоў грамадскасці;

— ускладанне кветак да памятнай дошкі;

— знаёмства з выставай “Жыццё і архіпастырскае служэнне Мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага)” (фае актавай залы Інстытута тэалогіі);

15-00–19-00 — Навукова-асветніцкія чытанні ў Інстытуце тэалогіі па тэме “Мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскі) — царкоўны дзеяч і асветнік” з удзелам навукоўцаў, багасловаў, студэнтаў Інстытута тэалогіі БДУ (актавая зала Інстытута тэалогіі).

Кароткая гістарычная даведка

Мітрапаліт Мелхіседэк (Міхаіл Паеўскі) нарадзіўся 15 лістапада 1879 года ў вёсцы Вітуліна Бельскага павета Холмскай губерні (цяпер у Люблінскім ваяводстве Польшчы). Уладыка Мелхіседэк прыняў манашаства ў 1898 годзе, а 8 верасня 1916 года быў узведзены ў сан епіскапа. Служыў у Мінскай епархіі з 1919 года, спачатку як вікарый Слуцкі, а з 1921 года ў якасці правячага архіерэя. Як дзейсны глыбокаадукаваны архіпастыр, асветнік і прапаведнік карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод насельніцтва.

Шлях служэння Мітрапаліта Мелхіседэка прыпадае на 1920-я гады, найбольш трагічныя ў гісторыі ўзаемаадносін дзяржавы і Царквы. У тых умовах яго самаахвярная дзейнасць, арганізатарскі талент былі накіраваны на захаванне Царквы, пераадоленне расколу, прымірэнне варагуючых бакоў, абарону мірнага насельніцтва ў час нямецкай і польскай акупацый. Дзякуючы яго мудрасці згубны ўплыў абнаўленчага расколу ў Мінску быў нязначным у параўнанні з іншымі абласцямі Беларусі. Дзеля адмежавання ад абнаўленцаў і захавання паствы Ўладыка Мелхіседэк аб’явіў аб утварэнні Беларускай Аўтаномнай Царквы. За вернасць пастырскаму абавязку і супрацьдзеянне абнаўленцам Мітрапаліт Мелхіседэк тройчы быў арыштаваны савецкімі ўладнымі органамі.

Мітрапаліт Мелхіседэк меў вялікі аўтарытэт асветніка і прапаведніка. Храмы Мінска пры ім былі перапоўнены веруючымі. Яго называлі «мастаком слова», а прамовы і пропаведзі хадзілі сярод народу ў рукапісах. Вышэйшай мэтай жыцця Праасвяшчэннага Мелхіседэка было захаванне традыцыйнай веры бацькоў, служэнне ідэалам дабра, міласэрнасці, міру і браталюбнасці, на гэтых прынцыпах ён засноўваў сваю пастырскую і асветніцкую дзейнасць. У Мінску яго доўга памяталі як чалавека глыбокай веры, поўнай самаахвярнасці, рэдкага асабістага абаяння.

Апошнія тры гады Мітрапаліт Мелхіседэк служыў на кафедры Енісейска-Краснаярскай, пры гэтым ён заўсёды імкнуўся вярнуцца на радзіму, у родную Беларусь. Памёр Праасвяшчэнны Мелхіседэк 17 мая 1931 года, раптоўна, ў час службы ў Пакроўскім храме Масквы. Пахаваны на маскоўскіх Праабражэнскіх могілках.

church.by